Аўтар петыцыі за аднаўленне авіязносін з Беларуссю зладзіў фотавыставы ў Менску і Пецярбурзе


У Менску прайшла выстава фрацузскага фатографа Бэнуа Віялёна – аўтара петыцыі за аднаўленне авіазлучэння паміж Беларуссю і Еўропай. Дзяржаўнае тэлебачанне зрабіла інтэрвью з ім, дзе ён распавёў пра свае падарожжы па Беларусі і Расеі і захапленне прыгожымі мясцінамі гэтых краін. «Белсат» пацівавіўся асобай француза, які не заўважае ні рэпрэсій, ні санкцый, ні вайны.  

Бэнуа Віялён у эфіры БТ 25 ліпеня 2023 года. Скрыншот з відэа: tvr.by

Пісаў петыцыю на імя прэзідэнта Францыі з патрабаваннем аднавіць авіяпералёты Беларусь – ЕЗ

Першы раз Бэнуа Віялён (Benoît Viallon) з’явіўся ў інфармацыйнай прасторы Беларусі 4 чэрвеня 2022 года ў паведамленні дзяржаўнага беларускага тэлеканалу ОНТ як аўтар петыцыі да прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона з патрабаваннем аднавіць беспасярэднія авіязносіны краінаў ЕЗ з Беларуссю.

Згадка пра петыю аб аднаўленні авіязносін з Беларуссю ў эфіры ОНТ 4 чэрвеня 2022 года. Скрыншот з відэа: ont.by

У выпуску навінаў прапагандысты ОНТ паказалі тады выяву петыцыі на сайце change.org. У каментары ды скрыншоту сцвярджалася, што «французы стаміліся ад уласных санкцыяў», патрабуюць вярнуць права на свабоду перамяшчэння і аднавіць авіязносіны з Беларуссю. Маўляў, паміж нашай краінай і Еўразвязам узведзена новая жалезная заслона «з фармальнай прычыны» – з прычыны інцыдэнту з самалётам «Ryanair». І цяпер замест трох гадзін пералёту паміж Менскам і Парыжам трэба зрабіць 15-гадзінны пералёт з перасадкамі.

Пры гэтым прапагандысты ні словам не згадваюць, што 23 траўня 2021 года самалёт «Ryanair» быў прымусова пасаджаны ў Менску на загад Аляксандра Лукашэнкі дзеля таго, каб затрымаць двух яго пасажыраў – былога рэдактара апазіцыйнага рэсурсу «NEXTA» Рамана Пратасевіча і ягоную спадарожніцу Софʼю Сапегу. Гэтую пасадку на Захадзе палічылі актам дзяржаўнага тэрарызму, і авіязносіны з Беларуссю прыпынілі.

Паведамленне ОНТ перадрукавала расейскае выданне kp.ru, але ў 2021 годзе далейшага развіцця тэма не атрымала. Невядома таксама і пра тое, колькі подпісаў гэтая петыцыя сабрала і ці была яна ўрэшце адпраўленая адрасату. На момант гэтай публікацыі на сайце change.org такой петыцыі ўжо няма, вынікі кампаніі не вядомы.

Згадка пра петыцыю ў эфіры БТ 25 ліпеня 2023 года. Скрыншот з відэа: tvr.by

Зараз пра петыцыю успомніла БТ падчас інтэрвʼю з Бэнуа Віялёнам, які прывёз у Менск фотавыставу «Immersion» («Пагружэнне»). Ужо на другой хвіліне размовы Бэнуа пацвярджае, што пісаў такую петыцыю з тае прычыны, што «для простых людзей патрэбна хуткія і камфортныя авіязносіны».

Таксама француз сцвярджае, што ён па-за палітыкай і проста хоча, каб усе людзі маглі вольна перамяшчацца па свеце як птушкі, якім «не трэба ні пашпартоў, ні візаў». Ён расказвае, што беларусы больш адкрытыя і гасцінныя, чым французы, і ўвогуле ў Беларусі французскага фатографа-энтузіяста, паводле ягоных словаў, «вельмі добра прынялі».

Правёў фотавыставы ў Санкт-Пецярбурзе і Менску

Бэнуа Віялён прыехаў у Менск з нагоды сваёй персанальнай выставы, якая з 23 да 27 чэрвеня прайшла ў Палацы мастацтваў. У анонсе гэтай выставы на сайце Палацу мастацтва гаворыцца, што «работы Бэнуа заснаваны на глыбокай увазе да дэталяў, захаваных у асобным моманце. Ён даўно падарожнічае за межамі сваёй парыжскай майстэрні, каб адчыняць для сябе нечаканыя жыццёвыя сітуацыі і прыгажосць прыроды. Фатаграфіі Бэнуа Віялёна прэзентуюць погляд на прыроду Беларусі праз прызму французскай культуры».

У інтэрвʼю БТ з нагоды выставы фатограф тлумачыць сэнс сваёй працы так: «Я не малюю, а фіксую рэальнасць, як яна ёсць, на фотаплёнцы». З фотакадраў відаць, што ён бачыць зуброў, Берасцейскую крэпасць і шмат іншых ідэалагічна правільных помнікаў, звязаных з падзеямі Другой сусветнай вайны, сабачак, буслоў.

Але ў Беларусі французскі фатограф не ўбачыў нічога такога, што б хоць неяк нагадвала пра палітычны пераслед, рэпрэсіі ці пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

«Я займаюся камерцыйнай фатаграфіяй, гэтым зарабляю сабе на жыццё, а калі прыязджаю ў Беларусь – для мяне гэта прыгода, прарыў да свабоды», – сказаў Віялён у інтэрвʼю БТ.

Віялён даў параду журналісту БТ паўсюль паказваць яго фатаграфіі пра Беларусь, бо кажа, што праз гэта людзі атрымаюць праўду пра тое, якой зʼяўляецца наша краіна, «як быццам бы хто ўбачыў усё сваймі вачамі».

Hавiны
ГУБАЗіК заявіў пра першыя затрыманні беларусаў, якія трапілі ў фільм Delfi пра пратэсты 2020 года
2023.07.27 20:46

Мапа ягонага маршруту паказвае, што ў Беларусі Віялён пабываў у Берасці, Менску, Бабруйску, Слуцку. Па краіне ён перамяшчаецца ў атачэнні прадстаўнікоў улады. Так, у Слуцку яго суправаджала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Валянціна Ражанец. Мясцовая газета «Слуцкі край» паведамляе, што французскі фатограф вельмі захацеў сустрэцца з дзецьмі, якія займаюцца фатаграфіяй, і правесці для іх майстар-клас.

Бэнуа Віялён з Валянцінай Ражанец.
Фота: «Слуцкі край» / s-k.by

У каментары на БТ пра Бенуа Віялёна кажуць як пра фатографа, які насуперак адсутнасці пералётаў сеў у аўтамабіль і зрабіў падарожжа з Парыжу ў Беларусь.

Цікава, што паралельна з чатырохдзённай выставай у Палацы культуры ў Менску аднайменная выстава «Immersion» праходзіла ў галерэі «Moika 104» у Санкт-Пецярбурзе. Там фатаграфіі француза паказвалі з 25 траўня да 8 ліпеня 2023. Але ў анатацыі да гэтай выставы ўжо гаворыцца, што Віялён здзейсніў падарожжа не па Беларусі, а з Францыі ў Расею, праехаў зімой з Парыжу да Церыберкі ў Мурманскай вобласці і дарогаю рабіў фатаграфіі. На фота – палярнае ззянне, заснежаныя дарогі, мядзведзі.

Пра выставу французскага падарожніка ў Санкт-Пецярбурзе выйшлі рэпартажы на некалькіх дзяржаўных расейскіх тэлеканалах. У інтэрвʼю тэлеканалу «Санкт-Петербург» француз прызнаецца, што ўсё пачалося з жарту, маўляў, ягоны сябар прапанаваў паспрабаваць зрабіць такое падарожжа, а фатограф, маўляў, узяў і пагадзіўся. У гэтым жа рэпартажы паведамляецца, што ў планах Бэнуа – тур на Байкал і ва Уладзівасток.

Хто арганізатар туру рэкламнага фатографа з Францыі па Беларусі і Расеі

У анатацыі да расейскай версіі выставы паведамляецца, што Бэнуа Віялён нарадзіўся ў 1983 годзе, жыве і працуе ў Парыжы. Скончыў у 2010 годзе Вышэйшую нацыянальную школу прамысловай творчасці. Некалькі гадоў працаваў фэшн-фатографам у буйной касметычнай кампаніі. У 2017 годзе заснаваў уласнае агенцтва. Падтрымоўвае стварэнне іміджу такіх брэндаў, як «Yves Saint Laurent Beauté» ды іншых. Працаваў са шматлікімі мастакамі і дызайнерамі, у тым ліку з вядомым французскім дызайнерам Арно Лапʼерам, праца якога «Ёлка» была прадстаўлена «I-Gallery. Intelligence» у Музеі мастацтва Санкт-Пецярбургу ў 2021 годзе. З 2020 года Бэнуа Віялён падарожнічае па Расеі на машыне.

Яшчэ больш цікавых падрабязнасцяў пра фатографа і ягоную дзейнасць размяшчаюцца на сайце relations-publiques.pro. У прыватнасці, паведамляецца, што да арганізацыі яго паездкі і выставы мае дачыненне Французскі інстытут у Расеі.

Аб магчымым дачыненні афіцыйнага Парыжу да арганізацыі туру рэкламнага фатографа па Беларусі і Расеі сведчыць і той факт, што выставу ў Менску анансаваў сайт амбасады Францыі.

Анонс выставы Бэнуа Віялёна на сайце амбасады Францыі ў Менску. Скрыншот з сайту: by.ambafrance.org

Віялён, імаверна, мае ў Расеі ўласную фірму

Фатограф у інтэрвʼю распавядае пра тое, што мае шмат сяброў у Беларусі і Расеі ды вельмі любіць падарожнічаць па гэтых краінах, хаця жыве і працуе ў Парыжы. Праўда, ёсць звесткі, якія дазваляюць рабіць высновы, што Бэнуа Віялён жыве і працуе не толькі ў Францыі.

У расейскіх рэестрах юрасобаў зарэгістравана таварыства з абмежаванай адказнасцю «Супербобер» (англійская назва «SUPERBOBER» LLC). Дата рэгістрацыі – 24 жніўня 2021 года. У апісанні фірмы таксама пазначаны код статыстыкі «Уласнасць замежных грамадзянаў і асоб без грамадзянства».

Звесткі пра кампанію «Супербобер». Скрыншот з сайту: list-org.com

У кампаніі працуе адзін чалавек, ён жа зʼяўляецца генеральным дырэктарам, яго завуць Бэнуа Віялён (Виаллон Бенуа Марк Морис – поўнае імя француза паводле дакументаў на расейскай мове). З цікавага – выручка кампаніі за 2021 год склала 488 тыс. расейскіх рублёў, а выручка за 2022 год – 3,5 млн расейскіх рублёў.

У відах дзейнасці гэтай «кампаніі ў адной асобе» пазначаны: дзейнасць у галіне фатаграфіі, наданне паслуг размяшчэння інфармацыі і звязаная з гэтым дзейнасць, дзейнасць рэкламных агенцтваў, даследаванне канʼюнктуры рынку і вывучэнне грамадскай думкі, арганізацыя канферэнцыяў і выставаў.

Агляд
Краіны ЕЗ увялі шэсць пакетаў санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, неўзабаве будуць яшчэ два
2023.07.19 18:14

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў