У Горадні пасля ліўню былі падтопленыя некаторыя вуліцы і перакрыжаванні


У Горадні пасля моцнага дажджу аказаліся падтопленыя вуліцы і перакрыжаванні. Як паведамляюць мясцовыя медыі, вада ўжо амаль сышла, але пэўны час з-за непагадзі аўтамабільны рух быў значна ўскладнены. З моманту мінулага падобнага патопу не прайшло і двух тыдняў.

Затор на вуліцы ў Горадні пасля дажджу 27 чэрвеня 2023 года.
Фота: newgrodno.by

Паводле телеграм-блогу «АвтоГродно» на вуліцах Горадні 27 чэрвеня быў значна ўскладнены аўтамабільны рух. На некаторых скрыжаванняў утварыліся сапраўдныя вадаёмы, выклікаўшы заторы з транспартных сродкаў.

Паведамляецца, што былі падтоплены дажджавой вадой асобныя ўчасткі на вуліцах Даватара, Савецкіх пагранічнікаў, Пушкіна, Урублеўскага, Курчатава, кальцо Суворава і скрыжаванне вуліцаў Гая і Янкі Купалы. Вуліца Мясніцкая выглядала як сапраўдная рака.

У сваю чаргу інтэрнэт-рэсурс newgrodno.by паведаміў, што моцны дождж нарабіў непрыемнасцяў кіроўцам на вуліцах Дубко, Траецкай, Горкага, Віленскай.

Пасля заканчэння ліўня вада паступова сышла ў ліўневую каналізацыю, адна некалькі гадзін па некаторых вуліцах і раёнах абласнога цэнтру было праехаць амаль немагчыма.

Мінулы раз моцныя дажджы выклікалі падтапленне вуліц Горадні 18 чэрвеня, калі стужкі мясцовых рэсурсаў таксама поўніліся відэа і фота, знятымі аўтамабілістамі, якія апынуліся ў заторах пасярод часовых вадаёмаў, што ўзніклі ў горадзе.

Hавiны
Непагадзь на захадзе Беларусі: у Горадні – залева, у Баранавічах – град
2023.06.18 21:38

Тым часам Белгідрамет абʼявіў на 28 чэрвеня аранжавы ўзровень пагрозы на большай частцы Беларусі ў сувязі з моцнымі дажджамі і ўзмацненнем ветру да 20 м/с.

Антон Тачняк  belsat.eu

Стужка навінаў