У Беларусі падаражэе праезд па платных дарогах


Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі зацвердзіла новыя тарыфы на праезд па платных аўтамабільных дарогах. Адпаведная пастанова з’явілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Новыя тарыфы ўступаюць у сілу з 1 чэрвеня.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: creditportal.by

Згодна з новай пастановай, тарыфы для транспартных сродкаў масай больш за 3,5 тоны за 1 кіламетр будуць складаць:

  • для транспартных сродкаў з двума восямі – 10,1 еўрацэнтаў/км (+1,1 еўрацэнт у параўнанні з цяперашнім тарыфам)
  • для транспартных сродкаў з трыма восямі – 12,6 еўрацэнтаў/км (+1,1 еўрацэнт)
  • для транспартных сродкаў з чатырма восямі і больш – 15,2 еўрацэнтаў/км (+0,7 еўрацэнтаў).

Тарыфы за перыяд карыстання платнымі дарогамі будуць складаць:

  • за 15 каляндарных дзён дзеяння электроннай віньеткі – €18 (на €4 даражэй, чым цяпер)
  • за 30 каляндарных дзён – €28 (+€6)
  • за год – €96 (+€21)

Разавы праезд па платных дарогах будзе каштаваць:

  • для транспартных сродкаў масай да 3,5 тоны ў дачыненні да фактаў неаплаты (у выпадку парушэння парадку карыстання платнай дарогай і неўнясенні своечасовай аплаты, карыстальнік мае магчымасць цягам двух гадзін з моманту здзяйснення паездкі ўнесці аплату за праезд па разавым тарыфе, каб пазбегнуць платы па павялічаным тарыфе) – €12 (+€2)
  • для транспартных сродкаў масай больш за 3,5 тоны ў дачыненні да фактаў няпоўнай аплаты – €16 (+€1), у дачыненні да фактаў неаплаты – €32 (+€2)

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў