15 траўня стала вядома, што вандалы пашкодзілі народны мемарыял, узведзены ў памяць ахвяраў сталінскіх расстрэлаў каля вёскі Хайсы Віцебскай вобласці. Як паведамляе «Віцебская вясна», былі паламаныя крыжы з таблічкамі з імёнамі расстраляных, а таксама ўказальнікі месцаў расстрэлаў. Што вядома пра віцебскія Курапаты і чаму ў гэтым месцы дасюль трывае змаганне з даўно закатаванымі людзьмі?
Так, менавіта працягваецца, бо вандалы руйнуюць і вынішчаюць на гэтых месцах крыжы ўжо не ўпершыню. Гэтак было ў 2014 годзе, неўзабаве пасля іх усталявання. Так адбылося напярэдадні Дзядоў увосень 2021-га, калі 9 з 32 усталяваных крыжоў былі паваленыя. Так было і раней, у 1990-я гады, калі ўсталяваныя мясцовымі актывістамі крыжы раптоўна знікалі. І вось усё паўтараецца…
«Хайсы – віцебскія Курапаты» – гэта грамадская ініцыятыва, якая займаецца ўшанаваннем памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на Віцебшчыне», – менавіта так напісана на сайце, прысвечаным віцебскім Курапатам.
З’явілася ініцыятыва ў 2015 годзе, пасля таго як у лесе паміж вёскамі Хайсы і Дрыколле былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі. Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, менавіта тут у 1937–1938 гадах масава расстрэльвалі людзей.
Пачынальнікам гэтай ініцыятывы стаў віцебскі актывіст Ян Дзяржаўцаў. Працуючы ў архівах, ён знайшоў звесткі, што ў віцебскую турму ў 1937 годзе прывезлі каля 700 сем’яў, і захацеў даведацца пра іхны лёс. Пазней спадар Ян пазнаёміўся з жыхарамі вёсак Хайсы і Дрыколле, якія расказвалі пра тое, што ў лесе непадалёк перад вайной адбываліся масавыя расстрэлы мірных грамадзянаў. Яны казалі, што яшчэ з пачатку 1990-х гадоў знаходзілі раскапаныя яміны, у якіх ляжалі раскіданыя чарапы і косткі. Вельмі падобна, што тут ужо працавалі «чорныя капальнікі», якіх цікавілі каштоўныя рэчы на месцы забойстваў. Звароты ў сельсавет і міліцыю ніякіх вынікаў не прынеслі, уладам было нецікава займацца гэтаю справаю. Яшчэ на некалькі дзесяцігоддзяў месца катаванняў нявінных людзей трапіла ў забыццё.
У лістападзе 2014-га віцебскія актывісты з журналістамі выправіліся на меркаванае месца расстрэлаў і выявілі там чалавечыя парэшткі. Гіпотэзы знайшлі сваё пацвярджэнне.
Ужо тады ў Яна Дзяржаўцава з’явілася ідэя ўшанаваць месца і ўсталяваць на ім памятныя знакі – 5 драўляных крыжоў узняліся пасярод лесу на меркаваных месцах расстрэлаў. Але неўзабаве адбыўся першы акт вандалізму: праз некаторы час крыжы зніклі. Пазней іх знойдуць паламанымі ў тым жа лесе.
Трэба сказаць, што спробы ўшанаваць памяць ахвяраў у лесе каля вёскі Хайсы былі і раней. У канцы 1980-х гадоў, калі ўсё больш адкрыта пачалі гаварыць пра злачынствы сталінскага рэжыму, сталі з’яўляцца сведчанні пра тое, што і на віцебскіх землях адбывалася страшэнная трагедыя – вынішчэнне ўласнага народу. Пасля на ўзлеску непадалёк вёскі Паляі, што за 6 кіламетраў ад Віцебску (на ўзбоччы дарогі Р-21 Віцебск – Лёзна) з’явіўся першы крыж. Штогод на Дзяды ў гэтым месцы пачалі збірацца віцебскія актывісты, каб ушанаваць памяць ахвяраў.
У 2014 годзе, пасля жахлівых знаходак чалавечых парэшткаў, актывісты ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» звярнуліся да ўладаў. На месца расстрэлаў прыязджалі старшыня Мазалаўскага сельскага выканкаму Леанід Дубіна і сакратарка Кацярына Каралёва. Яны агледзелі месца, але паведамілі, што на ўсталяванне помніку не маюць сродкаў.
З ініцыятывы мясцовых уладаў увосень 2015 года на месца расстрэлаў прыязджаў і 52-і пошукавы батальён, які спецыялізуецца на раскопках. Па выніках праведзеных работаў у Мазалаўскі сельсавет перадалі каля 40 мяшкоў з чалавечымі косткамі. Паводле падлікаў, парэшткі належалі 140 асобам.
Эксгумаваныя косткі на загад Мазалаўскага сельскага выканаўчага камітэту пахавалі ў брацкай магіле як ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны. Падставаю гэтак меркаваць сталіся знойдзеныя рэшткі кіцеля, «ідэнтычныя часткам нямецкага вайсковага адзення Нямеччыны».
Пры гэтым прадстаўнікі ўладаў не паказалі актывістам заключэння Следчага камітэту, зробленага па выніках экспертызы парэшткаў. Як мяркуе Ян Дзяржаўцаў, гэта ўсё рабілася з мэтаю пазбегчы грамадскага розгаласу.
Увосень 2015 года на месца расстрэлаў па запрашэнні Яна Дзяржаўцава прыехалі навукоўцы Мікалай Крывальцэвіч і Валянціна Вяргей, якія ў свой час даследавалі Курапаты каля Менску.
Яны звярнулі ўвагу на падабенства пахаванняў з тым, што некалі бачылі і на месцах расстрэлаў каля Менску: косткі ляжалі палосамі, перасыпаныя зверху жвірам – расстраляных закідвалі зямлёю, пасля на гэтым жа месцы расстрэльвалі новых ахвяраў і хавалі іх тут жа, такім чынам атрымліваліся некалькі шэрагаў.
На ўсіх месцах расстрэлаў знаходзяць чарапы з адтулінамі ад куляў, пры гэтым вельмі часта косткі так і ляжаць на паверхні зямлі – хутчэй за ўсё як вынік працы «чорных капальнікаў».
Вайскоўцы 52-га батальёну падчас раскопак знайшлі парэшткі і фрагменты жаночага ды мужчынскага абутку, на падэшве якіх захаваліся фабрычныя маркіраванні з пазначанымі 1936, 1937 і 1938 гадамі, савецкія манеты, якія датуюцца 1931–1936 гадамі. Можна таксама тут пабачыць жаночыя грабеньчыкі, гузікі ад цывільнай вопраткі ды іншыя прадметы.
Актывісты сведчаць таксама, што бачылі на ўласныя вочы ў раскапаных магілах гільзы ад пісталетаў маркі «Кольт», якімі карысталіся супрацоўнікі НКВД.
Пры гэтым ні салдацкіх касак, ні зброі, якая б паказвала на прыналежнасць масавага пахавання да перыяду Вялікай Айчыннай, тут не знаходзяць.
Удзельнікам ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» ўдалося назбіраць больш за 40 сведчанняў пра расстрэлы, што праходзілі ў гэтых мясцінах у 1930-я гады.
Гэтак, Валянціна Шагеева 1934 года нараджэння памятае гул машынаў, што прывозілі людзей на расстрэл, чула і стрэлы, якія даносіліся з лесу. Расказвала пра расстрэлы і ейная маці, а таксама аднавяскоўцы.
Доктар ветэрынарных навук Генадзь Сакалоў (1931 года нараджэння) пераехаў з бацькамі ў вёску Лужасна, што непадалёк ад «расстрэльнага лесу», у 1937 годзе. Ён расказваў, што аднойчы ягоны старэйшы брат загуляўся позна, а калі вярнуўся, то расказаў, што разам з іншымі дзецьмі хадзіў у лес, куды апоўначы прыязджалі машыны з людзьмі. На іхных вачах гэтых людзей і расстрэльвалі.
Вячаслаў Буевіч чуў ад свайго бацькі, які працаваў лясным аб’езнікам, што той на ўласныя вочы бачыў працэс расстрэлаў. Бацька расказваў, як убачыў аднойчы дзве машыны, якія спыніліся ў лесе. «Адтуль выйшлі людзі. Іх прымусілі выкапаць магілы, а потым расстралялі. Тых, каго не забілі адразу, дабівалі з пісталета. Потым на тым месцы, дзе іх закапалі, высаджваліся елкі», – распавядаў Буевіч-старэйшы.
Аляксей Нікіцін пераказваў аповеды свайго дзеда Рыгора Хожанева пра расстрэлы ў лесе: «Казаў, што да вайны вельмі часта чуў стрэлы начамі, выключна начамі. З дзедавай хаты яны былі чуваць. Распавядаў таксама, што хадзіў у лес паглядзець, што там такое. Адзін хадзіў, і са сваім сябрам, братам жонкі Кірылам. Гэта лес, што з левага боку дарогі на Гарадок. Яны хадзілі туды і бачылі яму, засыпаную зямлёй. І зямля гэтая варушылася. Відаць, там былі раненыя, якіх кінулі паміраць».
Такіх сведчанняў вельмі шмат. І хоць жывых сведак тых жудасных падзеяў застаецца ўсё менш, памяць пра бесчалавечныя катаванні перадаецца з пакалення ў пакаленне сярод мясцовых жыхароў.
У 2017 годзе мясцовы жыхар Юрый Садкоў знайшоў яшчэ адно месца расстрэлаў каля вёскі Хайсы, але гэтым разам ужо ў іншай частцы лесу. Гісторыя паўтаралася. Як і ў папярэдніх месцах, косткі ляжалі на паверхні зямлі – відаць, тут ужо папрацавалі «чорныя капальнікі». Прадстаўнік Акадэміі навук Алег Іоў, які прыехаў для вывучэння пахаванняў, адзначыў таксама іх падабенства з тым, што яму давялося бачыць у менскіх Курапатах.
Пасля звароту ў міліцыю на месца прыехаў той самы 52-і пошукавы батальён, вайсковы археолаг Вадзім Тамілін забараніў фатаграфаваць раскопы. Пасля таго як працы скончыліся, ніхто нават і не падумаў пра тое, каб пазнаёміць з вынікамі актывістаў.
Пазней на месцы расстрэлаў у лесе паміж вёскамі Хайсы і Дрыколле актывісты працягнуць стварэнне народнага мемарыялу і ўсталююць 16 крыжоў. На некаторых нават з’явіліся шыльды з імёнамі імаверных ахвяраў: у выніку праведзенай працы актывістам удалося высветліць, што тут былі расстраляныя настаўніца Вольга Данцыт і старшыня калгасу Антон Рамашка.
На сёння ў народным мемарыяле «Хайсы – віцебскія Курапаты» ўсталяваныя больш за 30 крыжоў. Сярод іх ёсць і металічны вышынёю каля 4 метраў, які відаць здалёк, ён быў усталяваны ў 2017 годзе. Яшчэ 7 крыжоў маюць сімвалічнае значэнне, яны нібыта абрамляюць уваход на тэрыторыю злавеснага лесу.
У лютым 2020 года Ян Дзяржаўцаў апублікаваў на старонцы ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» ў Facebook цікавы факт. Падчас разгляду мапы, на якой былі ўказаныя месцы пахаванняў масавага тэрору 1937–1939 гадоў на тэрыторыі СССР, ён выявіў 6 месцаў, дзе праводзіліся расстрэлы. Сярод іх была згаданая і вёска Дрыколле, якая на сёння ёсць часткаю вёскі Хайсы. Гэтую мапу знайшлі ў музеі Бутаўскага расстрэльнага палігону.
«Цяпер, мяркую, ужо можна з поўнаю дакладнасцю сказаць, што парэшткі 474 чалавек, знойдзеных падчас працы 52-м пошукавым батальёнам, сапраўды былі забітыя сталінскімі карнікамі падчас камуністычнага тэрору, пра гэта ж нам распавялі больш за 30 мясцовых жыхароў. Як бачым, усё таемнае рана ці позна становіцца яўным… І як бы ні фальсіфікавалі і не хлусілі лукашысты, фактаў забойства людзей у Хайсах ім не схаваць», – адзначыў Ян Дзяржаўцаў.
Але гісторыя рухаецца па коле. Сёння ўжо рэжым Лукашэнкі ўсчаў вайну супраць беларусаў і чыніць рэпрэсіі, праз якія ўжо не на словах, а па-сапраўднаму пачынаюць гінуць людзі. «Мала засталося, каб у лес пачалі вазіць», – кажа Ян Дзяржаўцаў.
У 2023-м у звязку з рэпрэсіямі сілавікоў заснавальнік ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. Яго затрымалі сёлета ў сакавіку за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, бо ў тэлефоне знайшлі некалькі допісаў з каналаў «Вольная Беларусь» і «Краіна для жыцця». Яну Дзяржаўцаву прысудзілі 7 содняў арышту. Па вызваленні яго папярэдзілі, што за ім сочаць, і калі ён наступным разам трапіць за краты, то ўжо можа і не выйсці адтуль.
У выніку актывіст пастанавіў пакінуць радзіму: «Лепш хай пажыву яшчэ троху, колькі мне там Бог наканаваў, бо з турмы я ўжо не вярнуся», – пракаментаваў «Белсату» сваё рашэнне 72-гадовы стваральнік важнай ініцыятывы, якая раскрывае вочы на тое, якімі бесчалавечнымі і людажэрнымі ў сваёй празе панаваць над розумамі людзей могуць быць дыктатарскія рэжымы.
Раман Шавель belsat.eu