Чэмпіён у беларускім мужчынскім гандболе не мяняецца ўжо дзесяць гадоў


«Мяшкоў Берасце» зноў заваяваў залатыя медалі чэмпіянату Беларусі. Гэта дзясяты запар тытул берасцейцаў і пятнаццаты ў гісторыі.

Гандбольны клуб «Мяшкоў Берасце».
Фота: meshkovbrest.by

Але гэты тытул не дае берасцейцам месца ў Лізе чэмпіёнаў, беларускія клубы і зборныя пазбаўленыя магчымасці выступаць на міжнароднай арэне за падтрымання ўладамі Беларусі вайны Расеі супраць Украіны.

У фінальнай серыі да трох перамог «Мяшкоў Берасце» тройчы перамог менскі СКА 38:33, 33:26, 32:31. Вырашальная перамога здабытая 27 траўня на тэрыторыі суперніка – у менскім палацы спорту «Уручча». Яшчэ месяц таму верагоднасць змены чэмпіёна казалася даволі высокай, менскі СКА выгуляў рэгулярны чэмпіянат і Кубак Беларусі.

Да гэтага ў апошнім сезоне БГК і СКА згулялі паміж сабой чатыры гульні, і Берасце не перамагло ні разу, набраўшы толькі адзін пункт. Гэта каштавала працы галоўнаму трэнеру Дзмітрыю Ціхану, на месца якога прыйшоў расеец Эдуард Какшараў. Адзначым у БГК гуляла яшчэ 6 расейцаў. Усходні вектар берасцейцы былі вымушаныя прыняць праз санкцыі, гульцы з Еўропы, а раней іх было шмат, не захацелі ехаць у краіны з дрэннай рэпутацыяй і клуб, які не выступае ў еўракубках. Таму акрамя вялікай групы беларусаў, колеры клубу абаранялі кітаец Чжан Цзяньцзе і славенец Марка Матыяшэвіч – наагул адзіны гулец з Еўропы ў чэмпіянаце Беларусі.

У менскага СКА засталося 10 чэмпіёнскіх тытулаў, пяць у менскага «Дынама» і адзін у менскага «Аркатрона». А як выглядаў чэмпіянат Беларусі ў гэтым сезоне мы больш падрабязней распавядалі некалькі месяцаў таму.

АС belsat.eu

Стужка навінаў