У Варшаве запісалі шчымлівую песню салідарнасці з Украінай. Сярод вакалістаў Ксенія Жук з Naviband


Польскі дырыжор Адам Штаба стварыў музычную кампазіцыю «Mamy siebie» на знак салідарнасці з народам Украіны. Удзел у запісы ўзялі знаныя польскія выканаўцы. Сярод іх апынулася і Ксенія Жук з Naviband. Твор быў размешчаны на Youtube і іншых публічных пляцоўках.

Адам Штаба запісаў кампазіцыю «Mamy siebie» («Ми маємо один одного») разам з аркестрам Польскага радыё ў Варшаве. Кампазіцыя выканана на польскай і ўкраінскай мовах. На думку Штаба гэты спеў мае выявіць глыбокае пачуццё падтрымкі і салідарнасці народу Украіны, які зараз змагаецца і пакутуе ад расейскай агрэсіі.

«Песня «Ми маємо один одного» нарадзілася ў іншай рэальнасці. Гэта быў падарунак маёй жонцы на дзень нараджэння, калі ніхто не ўяўляў свет такім, якім ён стане пасля 24 лютага 2022 года. У першыя дні вайны мы вырашылі стварыць новую версію гэтай песні і запісаць яе з іншымі выканаўцамі», – адзначыў на сваёй старонцы ў Facebook Адам Штаба.

Сродкі сабраныя ад кампазіцыі «Mamy siebie» будуць накіраваныя ў арганізацыю Caritas Polska для дапамогі ўцекачам з Украіны.

Нагадаем, што 24 лютага войскі Расейскай Федэрацыі ўварваліся на тэрыторыі Украіны. Цяпер ідзе 63-і дзень вайны.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў