Ці парушаюць Пуцін і Лукашэнка дамовы аб ядравай зброі? Раней сама Расея была супраць такога


Уладзімір Пуцін 25 сакавіка зрабіў заяву, што Расея збіраецца размясціць сваю тактычную ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі і што гэтым не парушыць рэжым яе нераспаўсюджання. Ці сапраўды не парушыць? І ці могуць быць да Расеі юрыдычныя прэтэнзіі?

Ядравая зброя на тэрыторыі Беларусі. Калаж: Becerra Govea Photo / Pexels / Archives.gov / Белсат

Пра дэталі дамоваў аб нераспаўсюджанні ядравай зброі «Белсату» распавёў старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута ААН па вывучэнні праблем раззбраення (UNIDIR) Павел Подзвіг.

Фармальна нічога не парушаць

Калі сапраўды ўсё будзе зроблена так, як казаў Уладзімір Пуцін, то Расея і Беларусь не парушае абавязацельствы, тлумачыць Павел Подзвіг:

«Гэта значыць, што зброя будзе знаходзіцца пад поўным кантролем Расеі, гэта значыць перадавацца Беларусі не будзе ні ў якім выглядзе, – апісвае ён меркаваны сцэнар. – Гэта значыць, яна будзе знаходзіцца пад аховай, абаронай і кантролем адпаведных расейскіх вайсковых частак, гэта 12-е Галоўнае ўпраўленне Міністэрства абароны».

«У гэтым сэнсе такога роду практыка ў прынцыпе фармальна не супярэчыць», – лічыць Павел.

Дамова аб нераспаўсюджанні ядравай зброі 1968 года, у якой удзельнічаюць Расея ды Беларусь, закранае менавіта перадачу ядравай зброі і прамы або ўскосны кантроль над ёю, але не забараняе «размяшчэнне без перадачы». Іншых дамоваў, у якіх было б напісана «мы так не робім», Расея не падпісвала, упэўнены Подзвіг.

Старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута ААН па вывучэнні праблемаў раззбраення (UNIDIR) Павел Подзвіг. 27 сакавіка 2023 года. Скрыншот: Белсат

Да 2022 года Канстытуцыя Беларусі абвяшчала «мэтай» зрабіць Беларусь бяз’ядравай зонай, але па выніках «рэферэндуму» 2022 года гэты пункт скасавалі. Праўда, тая самая Канстытуцыя сцвярджае, што «Рэспубліка Беларусь выключае агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаў», а як раз падчас прыняцця паправак Расея атакавала Украіну з тэрыторыі Беларусі.

Так рабіла NATO, а Расеі гэта не падабалася

Можна паставіць пад сумнеў адпаведнасць «размяшчэння без перадачы» дамове аб нераспаўсюджанні ядравай зброі, адзначае Подзвіг. І менавіта Расея так рабіла.

У межах NATO Злучаныя Штаты размясцілі ядравую зброю ў Бельгіі, Нямеччыне, Італіі, Нідэрландах і Турцыі: прывезлі дзясяткі ядравых бомбаў, але не перадалі іх пад кантроль Узброеных сілаў гэтых краін, а толькі паабяцалі перадаць у выпадку вайны. Гэта значыць, зрабілі тое, што збіраюцца зрабіць улады Расеі і Беларусі.

Як распавядае Павел Подзвіг, яшчэ пры падпісанні Дамовы аб нераспаўсюджанні ядравай зброі ЗША дамагліся таго, каб прызнаць гэтую практыку не супярэчнай, а Савецкі саюз пагадзіўся. На паперы гэта не зафіксавана, але «маецца разуменне» і шматгадовая практыка, адзначае эксперт.

«Дзесьці ў сярэдзіне 2010-х гадоў Расея цалкам афіцыйна пачала заяўляць пра тое, што не, гэтая практыка супярэчыць дамове, – узгадвае Подзвіг. – У 2014 годзе ў межах канферэнцыі аб разглядзе Дамовы аб нераспаўсюджанні і фармальна ў 2015 годзе было заяўлена, што, на думку Расеі, гэтая практыка парушае два артыкулы дамовы і, адпаведна, яна павінна быць спыненая».

Агляд
Мядзведзеў прыгразіў ЗША ядравым ударам. Мы падлічылі – гэта ўжо 15-ы раз за год
2023.02.22 17:06

Пуцін і Сі зусім нядаўна заклікалі так не рабіць

З таго часу, наколькі вядома эксперту, гэтая пазіцыя Расеі не змянялася – была перагледжаная літаральна два дні таму з заявай Пуціна. Але была і больш даўняя пазіцыя:

«У цэнтры стаўлення Расеі да нестратэгічнай ядравай зброі заўсёды стаяла пазіцыя, з 1990-х гадоў, што ўся ядравая зброя павінна быць размешчана выключна на нацыянальных тэрыторыях, – дадае Подзвіг. – Гэта пазіцыя была паслядоўнай, яна заўсёды падкрэслівалася і заўсёды была адказам на любыя прапановы аб кантролі над нестратэгічнымі ўзбраеннямі, якія Злучаныя Штаты перыядычна рабілі. І Расея заўсёды адказвала, што мы будзем гатовыя казаць пра гэта толькі, калі ўсё ўзбраенне будзе выведзена на нацыянальныя тэрыторыі».

Сі Цзінь Пін і Уладзімір Пуцін пасля падпісання пакета дакументаў, у ліку якіх быў заклік не размяшчаць ядравую зброю за межамі нацыянальных тэрыторый. Масква, Расея. 21 сакавіка 2023 года.
Фота: Уладзімір Астапковіч / Kremlin.ru

На мінулым тыдні, адзначае эксперт, Маскву наведаў кіраўнік Кітая Сі Цзінь Пін. Сі і Пуцін, між іншым, падпісалі сумесную заяву, у якой меліся наступныя словы:

«Усе ядравыя дзяржавы не павінны размяшчаць ядравую зброю па-за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесці ўсю размешчаную за мяжой ядравую зброю».

Падобнае становішча, працягвае Подзвіг, было ў праектах дамоваў, якія ў снежні 2021 года Расея прадставіла ЗША і NATO: Расея прапаноўвала, між іншага, вывесці ўсю ядравую зброю, размешчаную па-за ўласнай нацыянальнай тэрыторыяй. ЗША і NATO тады адмовіліся выконваць адразу ўсе патрабаванні Расеі – а Пуцін выкарыстаў гэта як адно з апраўданняў нападу на Украіну.

«Атрымліваецца, што de facto гэтая пазіцыя, якая налічвае ўжо 30 гадоў была перагледжана гэтай заявай», – рэзюмуе Подзвіг.

Юрыдычна на гэта наўрад ці адкажуць

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасць запатрабаваць ад Масквы спыніць разгортванне тактычнай ядравай зброі ў Беларусі і ўвесці «адэкватныя і жорсткія санкцыі». За тое ж выступіла Літва. Еўразвяз адказаў, што гатовы да далейшых санкцый. А прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне Валерый Сахашчык казаў, што беларусам трэба рабіць «нейкія крокі, каб расейскім войскам у Беларусі стала вельмі некамфортна».

Але ці могуць праціўнікі ідэі Пуціна нешта супрацьпаставіць у юрыдычным полі? Павел Подзьвіг лічыць, што фармальнай падставы для санкцый няма:

«Злучаныя Штаты і іх саюзнікі па NATO ў гэтым сэнсе ў складанай сітуацыі, паколькі гэта іх практыка, якую Масква люстэркава паўтарае, – лічыць эксперт. – Яны, вядома, асуджаюць, але ўсе разумеюць, што тут той выпадак, калі іх пазіцыя не вельмі моцная».

Пры тым існуе дамова аб забароне ядравай зброі, якую ў 2017 годзе ратыфікавалі 68 дзяржаў. Гэтая дамова прадугледжвае і выдаленне «чужой» ядравай зброі з тэрыторыі краін, якія не валодаюць ёю. Але Расея, Беларусь, ЗША і большая частка краін Еўразвязу гэтую дамову не падпісвалі. Подзвіг мяркуе, што падпісанты гэтай дамовы могуць з поўным правам асудзіць планы Пуціна і сказаць, што гэта не прынясе ніякіх «дывідэндаў бяспецы» – і нават калі Расея не ўдзельнічае ў дамове, ёй будзе няпроста цалкам ігнараваць такія заявы.

Але ядравую зброю яшчэ не завезлі

Павел Подзвіг звяртае ўвагу на тое, што ядравая зброя яшчэ не прысутнічае на тэрыторыі Беларусі – і яшчэ рана казаць пра тое, што яе дакладна прывязуць. Ён дапускае, што будзе праходзіць навучанне персанал, што будзе пабудавана ці ўжо будуецца сховішча, але не выключае, што сховішча будзе стаяць пустым:

«Магчымасць разгортвання з’явіцца, яна таксама будзе пэўным фактарам, але я спадзяюся, што да непасрэднага перамяшчэння боезарадаў на тэрыторыю Беларусі справа не дойдзе», – кажа эксперт.

Міністэрства абароны ЗША тым часам заявіла, што ў сувязі з планамі Пуціна наконт Беларусі не бачыць «ні прычын для карэктавання нашай уласнай стратэгічнай ядравай пазіцыі, ні якіх-небудзь прыкмет таго, што Расея рыхтуецца выкарыстоўваць ядравую зброю».

Hавiны
Вялікі фурункул ці шахід «русского мира»? Што пішуць пра ядравую мішэнь у Беларусі
2023.03.27 15:11

Алесь Наваборскі / Авер belsat.eu

Стужка навінаў