Прэзідэнт Ізраілю на фоне пратэстаў заклікаў неадкладна спыніць судовую рэформу


Прэзідэнт Ізраілю заклікаў урад неадкладна спыніць судовую рэформу. Праз яе найбуйнейшыя ў гісторыі краіны пратэсты трываюць трэці месяц. «Бяспека, эканоміка, грамадства – усё пад пагрозаю», – напісаў Іцхак Гэрцаг у сваім Twitter.

Акцыя пратэсту ў Тэль-Авіве, Ізраіль. 26 сакавіка 2023 года.
Фота: Nir Elias / Reuters / Forum

Прэзідэнт Ізраілю Іцхак Гэрцаг звярнуўся да прэм’ер-міністра, ураду, парламенцкай кааліцыі і апазіцыйных дэпутатаў. Ён заклікаў неадкладна спыніць судовую рэформу, «паставіць грамадзянаў краіны вышэй за ўсё і дзеяць адказна і мужна»:

«Дзеля адзінства з народам Ізраілю, дзеля ўскладзенай адказнасці я заклікаю вас неадкладна спыніць заканадаўчы працэс. Апамятайцеся! Гэта не палітычны момант, гэта момант лідарства і адказнасці».

Гэрцаг таксама заявіў, што на падзеі ў Ізраілі глядзіць увесь свет.

«Глыбокая трывога ахоплівае ўвесь народ. Бяспека, эканоміка, грамадства – усё пад пагрозаю», – напісаў прэзідэнт краіны ў Twitter.

Акцыя пратэсту ў Тэль-Авіве, Ізраіль. 26 сакавіка 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Праз судовую рэформу найбуйнейшыя ў гісторыі краіны пратэсты трываюць трэці месяц. Масла ў агонь падліла адстаўка міністра абароны, які выступіў супраць рэформы. Прэм’ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу звольніў яго за «страту даверу».

Пасля гэтага тысячы дэманстрантаў заблакавалі галоўную аўтамагістраль Тэль-Авіву і распалілі там вогнішча. У Іерусаліме пратэстоўцы сабраліся ля парламенту, а таксама спрабавалі штурмаваць рэзідэнцыю кіраўніка ўраду. Паліцыя ўжыла вадамёты.

Акрамя таго, з’явіліся заклікі да страйкаў. Універсітэты Ізраілю абвесцілі, што з панядзелка спыняюць навучанне, пра намер не выходзіць на працу заявілі лекары, піша выданне «Jerusalem Post».

Бэньямін Нэтаньягу прасоўвае ўзмацненне кантролю ўраду за выбарамі суддзяў Вярхоўнага Суда. Рэформа таксама прадугледжвае магчымасць адмяняць пастановы Вярхоўнага Суда рашэннем парламенту.

Аналітыка
«Баяцца дыктатуры». Сотні тысяч грамадзянаў Ізраілю пратэстуюць супраць рэформы Вярхоўнага Cуда
2023.03.20 16:38

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў