Меркаваны ціхар, які здымаў беларусаў на Дні Волі ў Вільні, выявіўся літоўскім журналістам


Літоўскія медыі высветлілі, што чалавек, які здымаў беларускую акцыю на камеру падчас святкавання Дня Волі ў Вільні, – гэта літоўскі журналіст Дарус Матайціс, прадстаўнік «Scanpix Baltics» у Літве. Раней «ByPol» паведамляў, што гэта нібыта былы беларускі сілавік Андрэй Трапашка.

Літоўскі журналіст Дарус Матайціс падчас акцыі на Дні Волі ў Вільні. Крыніца: belamova / Telegram

«Я не першы раз запісваю падзеі беларускай апазіцыі ў Літве. Іх фота ў фотабанку «Scanpix» даволі шмат. У той дзень я ўбачыў, што нейкі чалавек падышоў вельмі блізка да мяне і здымаў мяне на тэлефон. Тады я адразу падумаў, што гэта можа выклікаць праблемы ў будучыні, але ён толькі здымаў, не прасіў мяне назвацца, не пытаўся, адкуль я», – распавёў журналіст.

На пытанне, ці звяртаўся да яго ў той вечар хто-небудзь з просьбаю паказаць акрэдытацыю, Матайціс адказаў адмоўна. «Таксама побач стаяў паліцэйскі патруль, яны маглі адразу падаць заяву, я б паказаў усе дакументы», – сказаў журналіст.

Дарус Матайціс таксама падкрэсліў, што ў Літве пры здымцы ці фотаздымцы публічных падзеяў неабавязкова мець дадатковы дазвол.

Паведамляецца, што журналіст быў непрыемна здзіўлены скандалам. Ён заўважыў, што пасля публікацыяў у сацсетках пайшла хваля пагрозаў.

Дарус Матайціс (злева) і падазраваны беларускі сілавік (справа). Крыніца: 15min.lt

Нагадаем, днём 27 сакавіка аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў «ByPol» паведаміла, што высветліла асобу мужчыны, які здымаў на відэа ўдзельнікаў акцыі на Дзень Волі ў Вільні – нібыта гэта быў колішні міліцыянт Андрэй Трапашка. Пасля высвятлення сапраўднай асобы мужчыны «ByPol» папрасіў прабачэння ў Даруса Матайціса і ў беларусаў за няправільную інфармацыю.

«Памылка мела месца з увагі на тое, што гэтыя людзі маюць вялікую ступень падабенства паміж сабой», – заявілі ў «ByPol».

Актывіст, які зняў меркаванага ціхара, таксама паспеў звярнуцца ў віленскую паліцыю, але тыя не прынялі заявы. У адказ яму патлумачылі, што ніякіх неправамерных дзеянняў гэты чалавек не рабіў. «Здымаць на вуліцы ў нас, маўляў, не забаронена. Таму давайце яшчэ раз: вы ад яго пацярпелі? Не? Ну ўсё», – расказаў актывіст.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў