Як вайна ва Украіне падзяліла шахматны свет. Гутарка з гросмайстарам Уладзіславам Кавалёвым


Пагутарылі з наймацнейшым беларускім шахматыстам Уладзіславам Кавалёвым пра тое, як вайна падзяляе прафесійных спартоўцаў, а таксама пра тое, ці застаецца ў беларусаў магчымасць надалей браць удзел у міжнародных турнірах.

Уладзіслаў Кавалёў.
Фота: kovalev_chess / Instagram

Шахматыст Сяргей Каракін падтрымаў пуцінскую агрэсію ва Украіне. Камісіяй этыкі Міжнароднай шахматнай федэрацыі расеец быў прызнаны вінаватым у парушэнні Кодэксу этыкі (артыкул 2.2.10 мяркуе пакаранне за нанясенне стратаў рэпутацыі шахматаў і самой ФІДЭ), што і стала прычынаю дыскваліфікацыі гульца на паўгода. Цягам шасці месяцаў ад 21 сакавіка 2022 г. яму забараняецца выступ у любых рэйтынгавых шахматных турнірах ФІДЭ. А значыць, гэтая дыскваліфікацыя не дазволіць Каракіну згуляць у турніры прэтэндэнтаў на сусветную шахматную карону, які пройдзе ад 16 чэрвеня да 7 ліпеня гэтага года ў сталіцы Іспаніі Мадрыдзе, куды Каракін раней кваліфікаваўся. Рэакцыя хаўрусніка вайны ва Украіне была імгненная:

«Да мяне паставіліся па-свінску. Я прайшоў складаны адбор, дайшоў да фіналу Кубка свету, сумленна стаў чальцом турніру прэтэндэнтаў, а не так, што мяне проста намінавалі. Поўнасцю скасаваны прынцып спартовага адбору. Гэта абсалютна ганебная старонка гісторыі шахматаў за 150-гадовую гісторыю развіцця нашага цудоўнага віду спорту. Відавочна, што Аркадзь Дварковіч [прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі шахматаў] прынёс мяне ў ахвяру сваім палітычным амбіцыям, і няхай гэта застанецца на ягоным сумленні».

Рыторыка Каракіна цалкам добра кладзецца ў канву разважанняў «абражаных» міжнароднымі федэрацыямі расейскіх спартоўцаў, якія ўпарта робяць выгляд, што абсалютна не разумеюць, за што іх пазбавілі нават найменшай датычнасці да сусветнага спорту найвышэйшых дасягненняў.

– Для мяне такі стыль зносінаў з да гэтага паважанымі, дасведчанымі і аўтарытэтнымі спартовымі чыноўнікамі вельмі абуральны, – зазначае ў інтэрв’ю «Белсату» наймацнейшы беларускі шахматыст Уладзіслаў Кавалёў, які больш за год таму, падпісаўшы ліст вольных спартоўцаў з патрабаваннямі да ўлады, быў звольнены з Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі і адмовіўся гуляць у чэмпіянаце краіны на знак парушэння ягоных канстытуцыйных правоў. – Мне яшчэ 28, але жыццё ўжо навучыла адказваць за свае словы і ўчынкі. Таксама я разумею, што на сённяшні дзень я наймацнейшы гулец сваёй краіны і не магу сабе дазволіць забыцца пра пачуцце такту, каб не ганьбіць маю сям’ю і не абражаць нягоднымі паводзінамі краіну, у якой я нарадзіўся. Але, як я разумею, у калегі Каракіна іншыя каштоўнасці. Каб ён выказваў альтэрнатыўнае меркаванне альбо проста прамаўчаў, то быў бы прызнаны ў Расеі здраднікам. Я б ні за што на ўгоду са сваім сумленнем не пайшоў. Ніколі не заплюшчваў і не буду заплюшчваць вачэй на тое дзікунства, што адбываецца.

Інтэрв’ю
Спорт па-за палітыкаю vs спорт дзеля міру. Ці маюць спартовую будучыню алімпійскія чэмпіёны ў Беларусі?
2022.03.25 17:04

– А ці знаёмыя вы з Каракіным асабіста?

– Так, знаёмыя даўно. Не аднойчы сустракаліся за дошкаю. Ён вельмі моцны гросмайстар, шмат чаго дасягнуў у шахматнай карʼеры. Але, відаць, гэтага аказалася мала. Вырашыў, што чыста шахматамі зарабіць ужо шмат не атрымаецца, трэба накіраваць сваю спартовую вядомасць у іншае, больш прыбытковае рэчышча. Напрыклад, зрабіць палітычную кар’еру. Я разумею, што шмат якія спартоўцы і ў Беларусі і асабліва ў Расеі імкнуцца ў палітыку пасля завяршэння актыўных заняткаў. Гэта нармальна. Але тое, што адбываецца цяпер, і што Каракін у першых шэрагах падтрымлівае гэтае вар’яцтва, – абсалютны зашквар. Такім чынам, чалавек з моцнага гульца пераўтварыўся ў найбольш гарачага прапагандыста. І я не магу патлумачыць, што ў ягонай галаве. Ён жа нарадзіўся і вырас ва Украіне, там стаў гросмайстрам, нават алімпійскім чэмпіёнам у складзе Украіны. Проста не паддаецца здароваму асэнсаванню: як можна так сябе паводзіць у гэткай сённяшняй сітуацыі. Калі ён зрабіўся такім? Быццам быў нармальным добразычлівым хлопцам. Не думаю, што пасля ўсяго гэтага ён здолее вярнуцца ў шахматную супольнасць. Рэпутацыя ягоная сярод калегаў ужо цяпер нулявая. Вельмі мала шахматыстаў на ягоным баку. Узяць таго ж суайчынніка Каракіна – Яна Няпомняшчага. Акурат у першыя дні вайны ён онлайн гуляў фінал Туру чэмпіёнаў супраць уладальніка сусветнай шахматнай кароны Магнуса Карлсэна і неадкладна асудзіў расейскую агрэсію ва Украіне.

– Ад Каракіна перапала і прэзідэнту ФІДЭ, таксама расейцу Аркадзю Дварковічу. Як вы пачуваліся б на месцы кіраўніка вашай арганізацыі?

– У Радзе ФІДЭ прадстаўнікі шмат якіх краінаў. Таму рашэнні прымаюцца выключна калегіяльна. І калі большасць выступіла за выключэнне Расеі і Беларусі з турніраў пад эгідаю ФІДЭ, то Дварковіч не можа нічога зрабіць як бы гэтага яму ні хацелася. Цяпер Расейская шахматная федэрацыя патрабуе ад Дварковіча ўмяшацца ў справу аб дыскваліфікацыі Каракіна. Будуць падаваць бессэнсоўную апеляцыю. Думаю, гэта нічым Каракіну не дапаможа. Больш за тое, вялізная колькасць шахматыстаў лічыць, што яму далі яшчэ занадта мяккае пакаранне. А з Дварковічам я блізка не знаёмы. Наколькі ведаю, ён раней заўсёды імкнуўся пазбягаць рознага роду канфліктаў. І тое, што цяпер трапіў у складаную сітуацыю, – факт бясспрэчны. З аднаго боку, як прэзідэнт ФІДЭ, ён мусіў бы выказаць пазіцыю большасці міжнароднай шахматнай супольнасці, якая выступае супраць пуцінскай агрэсіі, і тым самым наклікаць на сябе нападкі з боку прадстаўнікоў улады РФ, бо сам не так даўно яшчэ быў яе прадстаўніком на пасадзе віцэ-прэм’ера, але дагэтуль шчыльна звязаны з тымі чыноўнікамі. І, пачуўшы занадта агрэсіўныя выказванні на свой адрас ад Хінштэйна [намеснік старшыні камітэту Дзярждумы] і Рагозіна [дырэктар «Роскосмасу»], вымушаны быў нават шукаць словы апраўдання. Але захаваў годнасць са сваім выбарам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Заняткі ў шахматнай школе.
Фота: kovalev_chess / Instagram

– Пазбавілі магчымасці выступаць не толькі расейцаў, але і беларусаў. Цяпер толькі пад сцягам ФІДЭ і асабіста, без рэпрэзентавання радзімы.

– Я ўжо амаль год выступаю пад гэтым сцягам пасля майго звальнення са зборнай Беларусі. Таму мяне гэтыя забароны не датычаць. Я магу і найдалей так гуляць на сваю карысць, пакуль не змяню федэрацыю. Вядома, гэта вельмі жорсткае рашэнне. І хацелася б, каб спорт быў па-за палітыкаю. Але яна сама нахабна і нязграбна лезе ў спорт. Гэта яскрава паказалі падзеі ў нашай Беларусі ў 2020 годзе. Вельмі шмат спартоўцаў пацярпелі. А цяпер мы яшчэ і саўдзельнікі ваенных дзеянняў. То бок, таксама агрэсары. Шкада перш за ўсё зусім маладых шахматыстаў. Хоць яны могуць спакойна перайсці пад сцяг ФІДЭ. Пакуль гэта не забаронена. Вядома, што адная нашая дзяўчынка цяпер пад юрысдыкцыяй шахматнай федэрацыі Літвы. І я безумоўна вельмі шкадую, што беларускі народ міжволі быў уцягнуты ўва ўсе гэтыя падзеі.

– Але, наколькі ведаю, працягвае працаваць вашая онлайн-школа, якая мае высокія ацэнкі людзей самага рознага ўзроўню.

– Так, школу я адкрыў яшчэ будучы ў Беларусі. Усе трэнеры ў ёй – рэпрэсаваныя ў Беларусі адмыслоўцы, якія таксама падпісалі ліст вольных спартоўцаў. Да нас звяртаюцца самыя розныя людзі ва ўзросце 30+ з просьбаю пачаць з імі займацца. І тым самым падаюць цудоўны прыклад дзецям, якія будуць у захапленні ад ідэі згуляць матч з татам альбо з мамаю. І праз нас кожны ахвотны ад чатырохгадовага ўзросту і незалежна ад якога ўзроўню, не выходзячы з дому здолее навучыцца гульні і ўдасканаліць свае навыкі. Прычым, дазваляем займацца як па-расейску, гэтак і па-англійску.

– За мінулы год вы двойчы змянялі месца жыхарства, зусім не дзеля спартовых мэтаў.

– Так, год я жыў у Расеі. Цяпер пераехаў у грузінскі Батумі. Тут я хоць удыхну вольнага паветра. Мы ўсе, вядома, марым вярнуцца ў чыстую і бяспечную Беларусь для жыцця. Туды, дзе ніхто не будзе фразаю «спорт па-за палітыкаю» прыкрываць сваю ганебную баязлівасць.

Hавiны
«Свет падзяліўся на людзей і расейцаў». Легенда беларускага футболу Аляксандр Хацкевіч выказаўся пра вайну
2022.03.25 14:49

АП belsat.eu

Стужка навінаў