«Свет падзяліўся на людзей і расейцаў». Легенда беларускага футболу Аляксандр Хацкевіч выказаўся пра вайну


Легендарны беларускі футбаліст, былы галоўны трэнер зборнай Беларусі і кіеўскага «Дынама» Аляксандр Хацкевіч выказаў сваё стаўленне да вайны ва Украіне на канале ЧестнОК.

Аляксандр Хацкевіч выказаў надзею, што «Беларусь канчаткова не запляміць сябе крывёю ўкраінцаў на пацеху Расеі».

«Калі Беларусь цалкам увойдзе ў гэтую вайну, то з’явіцца яшчэ адна «цудоўная краіна», якая канчаткова танчыць пад музыку расейцаў, хаця мае сваю культуру. Пасля 24 лютага свет падзяліўся на людзей і расейцаў. А так да расейцаў яшчэ можа дадацца і Беларусь», – сказаў Хацкевіч.

«Мы ўжо далі расейцам пляцоўку, мы ўжо ўвязаліся ў гэтую вайну. Ваенная тэхніка ездзіць па вуліцах нашых гарадоў. Беларусь, і асабіста Лукашэнка, ужо стала суўдзельнікам. Беларускіх жаўнераў тут няма, спадзяюся, што іх няма. Але тое, што Лукашэнка адкрыў межы для ўваходу расейскай арміі, зрабіла яго суўдзельнікам.

І калі ён аддасць злачынны загад свайму войску ўвайсці на тэрыторыю Украіны, то гэтым хлопцам трэба браць з сабою чорныя мяшкі, бо яны будуць вяртацца ў іх. У нас Белая Русь, не трэба рабіць яе чырвонаю», – падкрэсліў Аляксандр Хацкевіч.

Спартовец сказаў, што ва Украіне ніколі не забудуць расейскай агрэсіі: ува ўсіх падручніках па гісторыі Расею будуць называць агрэсарам, краінай, якая пазбавіла людзей жыцця і будучыні.

«Але яны і сваіх людзей пакаралі, многія пакаленні будуць ненавідзець адно аднаго, бо ў Расеі шмат культураў і нацыянальнасцяў. Калі яны не прымуць катэгарычнага рашэння, у іх пачнецца грамадзянская вайна», – заявіў Хацкевіч.

Поўнамаштабная вайна ва Украіне працягваецца 30-ы дзень. У Расеі ваенныя дзеянні, падчас якіх гінуць цывільныя грамадзяне і дзеці, называюць «спецыяльнаю ваеннай аперацыяй».

Інтэрв’ю
«Не беларускі народ ваюе супраць Украіны, а дыктатар, які трымае яго ў няволі». Размова з Івонкай Сурвілай
2022.03.25 11:12

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў