Еўрапарламент ухваліў дапамогу Украіне на € 50 млрд


Лідары дзяржаваў Еўразвязу яшчэ 1 лютага пераадолелі працяглы супраціў Вугоршчыны і дамовіліся аб макрафінансавай дапамозе Украіне. 27 лютага Еўрапарламент ухваліў  пастанову аб дапамозе Украіне на € 50 млрд. Грошы могуць пайсці ўжо ў сакавіку.

Еўрапарламент прагаласаваў за перагляд доўгатэрміновага бюджэту Еўразвязу і ўключэнне ў яго фонду дапамогі Украіне на € 50 млрд, а таксама «Платформы стратэгічных тэхналогіяў для Еўропы».

За пакет дапамогі Украіне галасавалі 536 еўрадэпутатаў, супраць – 40, устрымаліся 39.

Пра вылучэнне Украіне дапамогі памерам € 50 млрд усе 27 краінаў Еўразвязу дамовіліся 1 лютага 2024 года. Пакет разлічаны да 2027 года і складае € 33 млрд крэдытнай дапамогі і € 17 млрд – грантавай.

Супраць пакету дапамогі Украіне выступаў прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан. Перад самітам ЕЗ ён настойваў, што еўрапейская дапамога, разлічаная на некалькі гадоў, мусіць ухваляцца штогод і гэта мусіць быць адзінагалосная пастанова. Ён ставіў пад сумнеў ідэю Еўразвязу ўзяць на сябе абавязальніцтвы фінансаваць Украіну цягам наступных чатырох гадоў, калі, з ягоных словаў, «мы нават не ведаем, што адбудзецца праз чвэрць года». Такое меркаванне звязвалі з адмовай Еўразвязу вылучыць Вугоршчыне € 20 млрд праз перасцярогі адносна правоў чалавека і карупцыі ў краіне.

Еўразвяз ужо ў сакавіку плануе накіраваць Украіне першы транш з зацверджанага пакету. Кіеў разлічвае на першы транш памерам € 4,5 млрд.

Агляд
Макрон сабраў кааліцыю паставак Украіне дальнабойных ракетаў, Расея вярнула ініцыятыву на полі бою
2024.02.27 11:52

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў