«Рускі Іван, ідзі дамоў!» Беларусы пікетавалі расейскую амбасаду ў Варшаве


Беларусы Варшавы 27 студзеня зладзілі акцыю пратэсту супраць прысутнасці расейскіх войскаў у Беларусі і на мяжы з Украінай. Акцыя адбылася каля амбасады Расеі ў Польшчы.

Фота: KK / Белсат

Каля 30 чалавек сталі ўздоўж ходніка з плакатамі і сцягамі ў руках – спінай да амбасады Расейскай Федэрацыі ў Польшчы.

«Чаму так? Бо гэтым таксама выказваем сваё стаўленне. Калі кіраўнікі і дыпламаты расейскай дзяржавы павернуцца да нас тварам, то і мы да іх тварам павернемся», – кажа адзін з удзельнікаў акцыі.

Фота: KK / Белсат
Фота: KK / Белсат

Тварам жа ў твар пратэстоўцы стаялі да польскіх паліцыянтаў (акцыю ахоўвала каля 20 службоўцаў). Першыя 20 хвілінаў паліцыя амаль зусім не рэагавала на пікетоўцаў. Але пасля падышлі да беларусаў, якія трымалі ў руках плакаты з самымі правакацыйнымі і рэзкімі лозунгамі: «Пуцін, ідзі на…» і «Пуцін – х…ло». Як высветлілася, паліцыянты тлумачылі ўдзельнікам, што такія надпісы могуць абразіць прэзідэнта іншай дзяржавы.

«Тут пра прэзідэнта нічога не гаворыцца», – рэагаваў адзін з беларусаў. Паліцыянты спраўдзілі дакументы пікетоўцаў, перапісалі іхныя дадзеныя.

«Ну а як яго яшчэ называць, калі чалавек робіць такія паскудствы? Старая добрая крычалка, няма на што крыўдаваць», – гаворыць адзін з беларусаў, які трымае «абразлівы» плакат.

Каля амбасады Расейскай Федэрацыі ў Варшаве адбыўся мітынг беларусаў якія сабраліся, каб выказаць сваю нязгоду дзеянням усходняга суседа. 27 студзеня 2022 года.
Фота: KK / Белсат
Фота: KK / Белсат
Фота: KK / Белсат

Астатнія лозунгі на акцыі больш нейтральныя: «Свабоду – народу, смерць – імперыям», «Рукі прэч ад Беларусі», «У маёй краіне бяда», «Беларусь пад крывавым ботам Масковіі», «Лукашэнка здае краіну», «Рускі Іван, ідзі дамоў!».

«Хачу звярнуцца да расейскіх вайскоўцаў і заклікаць іх скласці зброю, бо яны мусяць разумець, што ваююць не за народ, а за залатыя ўнітазы Пуціна», – прамаўляе ў мікрафон удзельніца акцыі Ганна.

На пытанне «А калі заўтра вайна?» яшчэ адна жанчына, якая назвалася Ірынай, кажа: «Будзем ваяваць!»

Фота: KK / Белсат
Фота: KK / Белсат

Сярод удзельнікаў варшаўскай акцыі – адзін з лідараў беларускай дыяспары ва Украіне гамяльчук Валерый Сляпухін, які зараз атрымлівае ў Польшчы міжнародную абарону.

«Я спадзяюся, што нас пачуюць. Мы ж не кажам тут нічога супраць грамадзян Расеі – яны нашыя сябры, як і ўсе астатнія. Але выступаем супраць імперскіх амбіцыяў. Гэта тое, што не дае нармальна развівацца незалежным дзяржавам. І гэта істотная пагроза для ўсіх, хто жыве побач. Імперская амбіцыя адной з краін можа прывесці да эскалацыі ва ўсім рэгіёне і нават ва ўсім свеце», – гаворыць Валерый Сляпухін.

Нягледзячы на мокры снег з дажджом пікетаванне каля амбасады Расеі ў Варшаве трывала цэлую гадзіну. Ніхто з супрацоўнікаў амбасады да пікетоўцаў не выходзіў. Затое заўважылі характэрнага мужчыну ў цывільным адзенні, які здымаў удзельнікаў на невялікую відэакамеру.

Фота: KK / Белсат
Фота: KK / Белсат

«Не мае розніцы, якое надвор’е. Мы мусім рабіць тое, што зараз у нашых сілах. Бо незалежнасць нашай краіны – самае важнае. І гэта насамрэч бяда, што па Беларусі зараз ездзяць расейскія танкі. Хаця, канечне, галоўная бяда – гэта Лукашэнка», – кажа мужчына, які трымае ў руках плакат з надпісам «У маёй краіне бяда».

Фота: KK / Белсат
Фота: KK / Белсат

Акцыя насупраць расейскай амбасады ў Польшчы, арганізваная беларускай дыяспарай Варшавы, скончылася а 17-й гадзіне.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў