У загарадны дом Ксеніі Сабчак ранкам 26 кастрычніка прыйшлі з ператрусам, але яе не затрымалі. Паводле шэрагу дзяржаўных і праўладных расейскіх крыніцаў, тэлевядоўца з’ехала праз Беларусь у Літву.
Пра ад’езд Ксеніі Сабчак расказалі дзяржаўныя выданні ТАСС і «РИА Новости». Першае са спасылкай на сілавікоў расказвае, што на Сабчак была пастанова следчага аб затрыманні, але яна выехала з Масквы яшчэ ноччу ў аўторак. Яна, як сцвярджаецца, купіла авіяквіткі ў Дубай і ў Турэччыну, каб заблытаць сілавікоў, і паспяхова з’ехала па зямлі.
У сацсетках Сабчак пра ад’езд нічога няма – публікуюцца звычайныя навіны, нібы нічога не адбылося.
Выданне «Агентство» сцвярджае, што ў сераду Сабчак планавала запіс у студыі, але ў ноч на сераду запіс адмянілі, а супрацоўнікам праектаў Сабчак загадзя рэкамендавалі не ехаць у офіс.
Дзеянні супраць Сабчак, як сцвярджаюць дзяржаўныя медыі, звязаныя з крымінальнай справай аб вымаганні супраць камерцыйнага дырэктара медыяхолдынгу Сабчак Кірыла Суханава, затрыманага раней. Ягоная рэдакцыя называе абвінавачванне «трызненнем, смехам і нонсэнсам».
Расейская служба радыё «Свабода» нагадвае, што Сабчак з дзяцінства знаёмая з Уладзімірам Пуціным, які быў памочнікам ейнага бацькі – мэра Санкт-Пецярбургу, а маці Сабчак – сенатарка ад Тувы. У 2018 годзе Сабчак была кандыдаткай на прэзідэнцтва Расеі, адны лічылі яе апазіцыянеркай, іншыя – кандыдатам-«спойлерам», узгодненым з Крамлём. «Агентство» згадвае, што за апошнія месяцы некалькі праектаў Сабчак аказаліся звязанымі з крымінальнымі справамі, а справы аб «вымаганні» ўжо завялі на некалькі адміністратараў палітычных Telegram-каналаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu