Ліміт бяспошліннага ўвозу тавараў да 1000 еўра працягне дзейнічаць


Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі прыняў рашэнне прадоўжыць дзеянне павышаных нормаў бяспошліннага ўвозу тавараў яшчэ на паўгода, якое будзе дзейнічаць да 1 красавіка 2024 года.

Беларускі памежнік
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі памежнік.
Фота: Gpk.gov.by

Пад гэтае рашэнне трапляюць набытыя тавары да 1000 еўра, якія перавозяцца асабіста ці перавозчыкамі або перасылаюцца ў міжнародных паштовых адпраўленнях, а таксама ўвозяцца багажом усімі відамі транспарту, акрамя паветранага, або ў пешым парадку.

«Рашэннем Савету ЕЭК да 1 красавіка 2024 года прадоўжана дзеянне нормаў бяспошліннага ўвозу тавараў, што ўвозяцца наземным транспартам і ў пешым парадку, а таксама перасылаюцца ў міжнародных паштовых адпраўленнях і дастаўляюцца перавозчыкамі», – гаворыцца ў паведамленні Міністэрства эканомікі Беларусі.

Павышаныя нормы дазваляюць фізічным асобам увозіць тавары на суму да 1000 еўра. Гэтыя нарматывы былі ўведзеныя летась пад уплывам міжнародных санкцый супраць Беларусі і Расеі. Пазней Савет ЕЭК падаўжаў дзеянне гэтай меры. Апошні раз падаўжэнне дзейнічала да 1 кастрычніка 2023 года і цяпер зноў падоўжанае.

Калі б павышаныя нормы не былі падоўжаныя, то з 1 кастрычніка бязмытна можна было б увозіць тавары на суму толькі да 200 еўра.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў