Асцярожна, махляры! Пра размеркаванне

У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь існуе артыкул 209 «Махлярства». Менавіта пад гэтае вызначэнне падыходзіць тое, што мы назіралі падчас нарады ў Лукашэнкі па пытаннях адукацыі. Сам панятак «махлярства» ў Кодэксе вызначаны як «завалоданне маёмасцю… шляхам падману або злоўжывання даверам». Што менавіта адбывалася падчас нарады – падман ці злоўжыванне даверам? Здаецца, і тое, і тое. Адначасова. Давайце паспрабуем разабрацца.

Нарада па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы. 21 верасня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Спачатку суполка людзей бярэцца забяспечваць усіх грамадзян Беларусі якаснай і даступнай бясплатнай адукацыяй. Хто і калі ім даверыў такую важную справу? Як яны прыйшлі да самой магчымасці? Пакінем гэтыя пытанні для іншай размовы, нас жа цікавіць выключна адукацыя.

Такім чынам, узяліся яны, гэтыя прафесіяналы, паабяцалі. Ды нават сабралі з насельніцтва Беларусі грошы на гэтыя мэты. Колькі грошай? Гэта не сакрэт. Кансалідаваны бюджэт 2023 года прадугледжвае агульныя выдаткі ў раздзеле «Адукацыя» памерам у $ 3 млрд, або па $800 з кожнай беларускай хатняй гаспадаркі. Ды паколькі 2023 год не з’яўляецца нейкім асаблівым, то гэтыя вось самыя грошы на гэтыя самыя мэты збіраюцца з грамадзян Беларусі штогод без перапынку.

Сам механізм такога збору можна пабачыць, калі зазірнуць у структуру прыбыткаў бюджэту. Там і ПДВ, які ўключаны ў кошт тавараў у крамах, і акцызы (на тытунь, алкаголь, паліва), і падаходны падатак, і шмат чаго яшчэ, што, у канчатковым выніку, таксама ўключаецца ў кошт тавараў і аплочваецца шэраговымі спажыўцамі.

Такім чынам, грошы сабраныя, размеркаваныя, і менавіта на іх і будуюцца дзіцячыя садкі ды школы, і тыя самыя ВНУ. З іх таксама выплочваюцца заробкі выкладчыцкаму складу. Ды і ўсе астатнія, спадарожныя выдаткі пакрываюцца за гэты кошт.

Да гэтага месца, усё зразумела, лагічна. Але тут на сцэну вылазіць грамадзянін у сінім пінжаку ад якога-небудзь «Камінтэрна» ды робіць заяву, што ў Беларусі бясплатная вышэйшая адукацыя… Пры гэтым паўторнае ўважлівае вывучэнне жыцця выкладчыкаў яшчэ раз даказвае, што няма сярод іх людзей, якія харчуюцца травой, якія пʼюць ваду з лужынаў і якія ходзяць у палатняных світках. Як няма і лекцый з семінарамі, якія б такія ж бессярэбранікі праводзілі дзе-небудзь на ўскрайку лесу.

Не, усё як і раней. Выкладчыкі, якія атрымліваюць заробак, навучаюць дзяцей (у тым ліку і студэнтаў) у адносна нармалёвых умовах, і робяць гэта за кошт падаткаў, якія збіраюцца з беларусаў. Але таварыш у «Камінтэрне» працягвае зумкаць, настойвае на тэзісе пра бясплатную адукацыю. Навошта яму гэта?

Кажучы на слэнгу, гэта «развод на грошы». Самага нізкага гатунку, тыпу тэлефонных махляроў або напарстачнікаў на прывакзальнай плошчы.

Патрэбна гэтая эквелібрыстыка са словаў толькі для таго, каб яшчэ раз прадаць вам ужо аднойчы аплочаную паслугу. Тут бы і павінен генпракурор Швед, які знаходзіцца ў памяшканні, адразу на месцы распачаць справу, выклікаць следчых з АМАПам, каб прадухіліць здзяйсненне злачынства. Але не, у памяшканне не ўварваліся людзі ў масках і следчыя занятыя чымсьці іншым – верагодна, ловяць школьнікаў, якія пакідаюць каментары ў сацсетках, бракуе часу ім. Таму махлярства працягваецца, дасведчаныя махляры спрабуюць выклікаць у ахвяр пачуццё віны праз указванне на тое, што «мы іх бясплатна вучым, а яны, сволачы гэдакія, не жадаюць працаваць».

Махляры недагаворваюць. Выпускнікі, пра якіх вядзецца гаворка, сапраўды не жадаюць працаваць – бясплатна (фактычна) і ў Мухасранску, куды іх чамусьці спрабуюць засунуць. А за грошы, ну хоць бы за такія, якія плацілі маладым спецыялістам у СССР, ды ў нармалёвых умовах, хто ж адмовіцца! Пры сярэднім заробку на пачатак 1980-х у 130 рублёў малады выпускнік атрымліваў 100 рублёў, што ў нашай сённяшняй рэчаіснасці склала б, у прапорцыі да сярэдняга па краіне заробку, 1500 паўнавартасных беларускіх рублёў. І хто б адмовіўся?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Але гэта не адзіны аргумент, які выкарыстоўваюць злачынцы, каб адцягнуць увагу ахвяр ад сутнасці пытання. Яшчэ яны распавядаёць пра тое, як у іх, там, на Захадзе, усё вельмі дарагое, у тым ліку і гэтая самая адукацыя. Ды гэта зноў хлусня, хітрыкі. У большасці краін Еўропы вышэйшая адукацыя бясплатная. Уся Скандынавія, Чэхія, Аўстрыя, Нямеччына, Іспанія, і… Польшча, так-так-так, тая самая Польшча.

БДУ ганарыцца 288-м месцам у сусветным рэйтынгу QS, але ў гэтым жа рэйтынгу, крыху вышэй, на 262-м радку, размешчаны Універсітэт Варшавы, які прапануе цалкам бясплатную вышэйшую адукацыю, так бы мовіць, на бюджэце, ды без якіх-небудзь адпрацовак. Дарэчы, адукацыя ў гэтым ВНУ для беларусаў платная, 3000 еўра га год, але можна вучыцца і бясплатна – пры наяўнасці сертыфіката, які пацвярджае ўзровень ведання польскай мовы на ўзроўні C1. Але махляры пра гэта, вядома ж, нікому не гавораць.

Дык навошта ж яны гэта робяць? Усё, як звычайна, вельмі і вельмі проста. Колькасць занятых у беларускай эканоміцы сёння – крыху больш за 4 млн чалавек. І ад’езд пары-тройкі соцень тысяч грамадзян у самым актыўным, працаздольным узросце падарваў магчымасць росту, проста не хапае працоўных рук. Пра гэта сведчыць і Рэспубліканскі банк вакансій, які ставіць рэкорд за рэкордам.

Сітуацыя пагаршаецца яшчэ і тым, што людзі уцякаюць, у першую чаргу, адтуль, дзе ўмовы жыцця і працы цалкам невыносныя, неадэкватныя XXI стагоддзю. А гэта – беларуская вёска і малыя гарады.

Менавіта гэтую ўласную праблему і спрабуюць вырашаць гэтыя махляры ў пінжаках. Вырашаецца яна проста, не пяццю альбо сямʼю гадамі адпрацоўкі (і для платнікаў, у тым ліку) для бяспраўных выпускнікоў, не рабствам на працоўных месцах, а рэфармаваннем самых недапрадпрыемстваў. Гэта іх праблема.

Калі нейкае прадпрыемства прапануе ўмовы, у тым ліку і ўзровень заробку, на якія ніхто не ідзе, значыць гэтыя ўмовы павінны быць зменены, альбо само прадпрыемства не павінна існаваць у гэтым месцы на гэтых умовах. І спроба вырашыць праблему праз размеркаванне выпускнікоў у гэтыя «мёртвыя зоны», па-першае, асуджаная на правал. Людзі не ідыёты і знойдуць спосаб выкруціцца. Па-другое, гэта цалкам амаральнае перакладанне уласных праблем на чужыя плечы. Ды, па-трэцяе, вяртаючыся да пачатку, гэта ашуканства, махлярства, за якое прадугледжана пакаранне адпаведным артыкулам Крымінальнага кодэкса – да 10 гадоў пазбаўлення волі.

P. S. Яшчэ раз – Універсітэт Варшавы, які знаходзіцца ў рэйтынгу на 26 радкоў вышэй БДУ, прапануе бясплатную вышэйшую адукацыю, без абавязковага размеркавання. Сам механізм прывязкі выпускнікоў да працоўных месцаў – анахранізм, лішні элемент у сучаснай эканоміцы.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў