Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў можа сысці ў адстаўку


Ва Украіне на фоне скандалу пра закупку Міністэрствам абароны камплектаў вопраткі для ЗСУ па завышаных коштах міністр Аляксей Рэзнікаў прапанаваў пары журналісту-расследвальніку і дэпутатцы, што ўзначальвае камітэт па антыкарупцыйнай палітыцы ў Вярхоўнай Радзе. Калі з’явяцца доказы па гэтай справе, Рэзнікаў гатовы сысці ў адстаўку.

Украінскі міністр абароны Аляксей Рэзнікаў.
Фота: Резніков Олексій/ Facebook

«Калі акажацца, што Мінабароны сапраўды паставіла 180 тысяч летніх куртак замест зімовых, то я пішу заяву аб адстаўцы. Калі ж акажацца, што былі пастаўлены 180 тысяч зімовых куртак, а не летніх, то народны дэпутат Анастасія Радзіна здае мандат, а журналіст Міхаіл Ткач ідзе з выдання і на 3 гады перастае займацца журналістыкай», – зрабіў заяву ўкраінскі міністр абароны.

Рэзнікаў паабяцаў прадставіць усе дакументы, доказы, факты і матэрыялы па гэтай справе, «каб пераможца спрэчкі быў відавочны для ўсяго ўкраінскага грамадства».

Арбітрам ў гэтай спрэчцы міністр абароны запрасіў стаць камітэт па дэпутацкай этыцы Вярхоўнай Рады і Камісію журналісцкай этыкі.

Скандал пачаўся са з’яўлення звестак у СМІ аб тым, што ў 2022 годзе адна турэцкая кампанія прадала летнія курткі для ЗСУ пад выглядам зімовых. Па дакументах, якія апынуліся ў руках журналістаў, было бачна, як цана 4900 куртак вырасла са 142 тысяч долараў да 421 тысячы. Як сцвярджалася, пакуль курткі праходзілі шлях ад турэцкай да ўкраінскай мытні, то згодна з дакументамі яны ператварыліся з «камуфляжных» у «зімовыя паветраабарончыя» і падаражэлі з 29 да 86 долараў за адну штуку.

Міністэрства абароны Украіны сцвярджае, што не мае дачынення да гэтых закупак.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў