Да смерці Прыгожына можа быць датычны генерал-маёр ГРУ


Да ліквідацыі Яўгенія Прыгожына можа быць датычны генерал-маёр ГРУ Андрэй Авяр’янаў, якога звязваюць таксама са справай атручвання Скрыпалёў.

Генерал-маёр ГРУ Андрэй Авяр’янаў.
Фота: Billingcat

Пра гэта са спасылкай на крыніцы ва ўкраінскай і брытанскай выведцы паведамляе выданне «і».

Андрэй Авяр’янаў кіруе падраздзяленнем 29155 ГРУ, якое займаецца аперацыямі на тэрыторыі замежных дзяржаваў на загад Пуціна. На рахунку гэтага падраздзялення, як сцвярджае выданне, спасылаючыся на Bellingcat и The Insider, шматлікія забойствы і іншыя аперацыі: адна з найбольш гучных – атручванне ў Солсбэры расейскага шпіёна Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі, учыненае ў 2018 годзе.

Згодна са звесткамі крыніцаў у выведцы Вялікай Брытаніі, піша выданне «і», імя Андрэя Авяр’янава згадвалася ў кантэксце авіякатастрофы, падчас якой загінулі кіраўнікі ПВК Вагнэра. Сцвярджаецца, што ў Авяр’янава была даўняя крыўда на Прыгожына і што гэты генерал можа ўзначаліць афрыканскую місію вагнэраўцаў.

Паводле крыніц з расейскай выведкі, Авяр’янаў «кіраваў правядзенай аперацыяй» (відавочна, маецца на ўвазе правядзенне аперацыі для ліквідацыі Прыгожына. – Заўв. «Белсат»), а таксама быў адказны за замену вагнэраўцаў у Афрыцы на 20-тысячную групоўку расейскіх вайскоўцаў.

Выданне «і» таксама спасылаецца на крыніцу ва ўкраінскай выведцы, якая паўтарыла падазрэнні аб датычнасці Авяр’янава да авіякатастрофы. Суразмоўца «і» падкрэсліў, што віну ў крушэнні самалёта могуць ускласці на пілота прыватных джэтаў Арцёма Сцяпанава, што працаваў на Яўгенія Прыгожына. Згодна са следствам, ён мог мець доступ да самалёта перад вылетам.

Нагадаем, што 23 жніўня ў Цвярской вобласці разбіўся самалёт RA-02795, што належыць кіраўніку ПВК Вагнэра Яўгенію Прыгожыну. 10 асобаў, якія былі на борце, уключаючы Прыгожына і ягонага найбліжэйшага паплечніка Дзмітрыя Уткіна, загінулі.

Катастрофа адбылася роўна праз два месяцы пасля так званага «маршу справядлівасці» на Маскву, арганізаванага Прыгожыным.

Сярод асноўных версіяў падзення самалёта разглядаюцца ракетны ўдар з зямлі, а таксама спрацоўванне выбуховага прыстасавання на борце, якое магло быць закладзенае ў адсек шасі.

Аб’ектыў
Хто вінаваты ў катастрофе з самалётам і дзе Прыгожын?
2023.08.24 22:44

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў