Хто вінаваты ў катастрофе з самалётам і дзе Прыгожын?


«У Расеі мала што адбываецца, за чым не стаяў бы Пуцін», – гэтак на катастрофу самалёта Прыгожына адрэагаваў Джо Байдэн. Падобнае меркаванне выказаў амерыканскі Інстытут вывучэння вайны. Самалёт, у якім быў Яўгеній Прыгожын і кіраўніцтва вагнэраўцаў, амаль пэўна знішчылі па наўпроставым указанні расейскага дыктатара, гаворыцца ў чарговай зводцы.

Пагаджаецца з гэтым меркаваннем кіраўніца фонду «Русь сидящая» Вольга Раманава.

«Вядома, гэта ліквідацыя ПВК Вагнэра, ліквідацыя ўсёй яго верхавіны, ліквідацыя Прыгожына і ліквідацыя Уткіна, і ліквідацыя Чыкалава як людзей, што пайшлі супраць Пуціна. Гэта дэманстратыўнае выкананне прысуду», – кажа расейская праваабаронца.

Паводле Інстытуту вывучэння вайны, выкарыстанне супраць Прыгожына сістэмы супрацьпаветранай абароны магло стаць пакараннем за страты 24-га чэрвеня, калі, ідучы на Маскву, вагнэраўцы збілі расейскі самалёт і некалькі верталётаў. Паводле іншага меркавання, прычынаю катастрофы мог стацца тэракт. Гэтую версію больш верагоднаю лічыць палітолаг Іван Праабражэнскі, бо выбух на борце зарганізаваць прасцей, чымся збіваць самалёт ракетаю.

«Занадта складаны спосаб, няма гарантыі. А закласці чуткі то пра таямнічы рамонт самалёта непасрэдна перад палётам, то пра нейкую скрынку дарагога віна, нібыта падораную Яўгенію Прыгожыну, – усё гэта сведчыць пра тое, што… прасцей было, вядома, замінаваць самалёт», – кажа Іван Праабражэнскі.

Выбуховае прыстасаванне магло было закладзенае ў адсек шасі, агучвае адну з версіяў следства тэлеграм-канал «SHOT». А паводле каналу «ВЧК-ОГПУ», ужо ёсць падазраваны – асабісты пілот Прыгожына Арцём Сцяпанаў, якога цяпер нібыта не могуць знайсці. Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі няма, а выданне РБК са спасылкаю на крыніцы ў праваахоўных органах паведамляе пра тры версіі следства – памылку пілатавання, тэхнічныя няспраўнасці і вонкавае ўздзеянне.

«Па факту авіяцыйнага здарэння ў Цвярской вобласці Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэту Расеі распачало крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжанага артыкулам 263 Крымінальнага кодэксу, гэта парушэнне правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту», – паведаміла прэс-сакратар Следчага камітэту Расеі Святлана Пятрэнка.

Пакуль не адбылося ўскрыцця целаў загінулых, усе, хто быў на борце, лічацца зніклымі без вестак. І версію інсцэнізацыі дзеля знікнення кіраўніка вагнэраўцаў эксперты таксама разглядаюць як магчымую, хоць і не вельмі верагодную.

«Мы ведаем, што Прыгожын выкарыстоўваў псеўданімы, ці дакладней людзей, якія насілі ягонае імя, каб перамяшчацца дзеля захадаў бяспекі, каб заблытваць ягоныя планы паездак і хаваць, дзе ён насамрэч. Вядома, што ён вельмі сур’ёзна ставіўся да ўласнай бяспекі яшчэ да паходу на Маскву. Так што мы не здзівімся, калі Яўгеній Прыгожын, сапраўдны бос «Вагнэра» раптам усплыве ў іншым месцы», – кажа эксперт у справах Расеі з «Chatham House» Кір Джайлз.

А што насамрэч здарылася з самалётам – не адкрыецца, думаюць эксперты, бо ў цяперашняй Расеі няма шанцаў на празрыстае і справядлівае расследаванне.

«Будзе расказана пра ўкраінскі след, пра брытанскі ці амерыканскі, пра след сірыйскіх тэрарыстаў (гэта асабліва прыгожа), і расейцы не будуць разумець, дзе праўда, і не будуць сурʼёзна ацэньваць гэтую гісторыю», – кажа Іван Праабражэнскі.

Украіна адмовіла сваю датычнасць да катастрофы ў Цвярской вобласці. Уладзімір Зяленскі заявіў: «Мы не маем дачынення да гэтай сітуацыі, гэта дакладна. Я думаю, усе ўсведамляюць, хто мае дачыненне».

Афіцыйнага каментара Крамля аб прычынах катастрофы на момант рыхтавання матэрыялу няма.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»