Хто такі Піянер, які кіруе вагнэраўцамі ў Беларусі?


Групу вагнэраўцаў у Беларусі ўзначаліў баец з пазыўным Піянер. Расследавальнікі з групы «All eyes on Wagner» і «Наша ніва» даведаліся ягонае імя і адшукалі біяграфічныя звесткі.

Сяргей Чубко – Піянер, кіраўнік групы вагнэраўцаў у Беларусі.
Фота: myrotvorets.center

Як стала вядома, Піянер – гэта Сяргей Уладзіміравіч Чубко, 46-гадовы ветэран ПВК Вагнэра. Рэгістрацыйны нумар, паводле «All eyes on Wagner», М-2870.

Чубко нарадзіўся ў горадзе Чарнаўцы ва Украіне. На пачатку 1990-х гадоў эміграваў у Расею разам з бацькамі. З 1994 да 2002 года служыў у Паветрана-дэсантных войсках Расеі. Як піша «Наша ніва», ваяваў у Чачэніі.

У 2003 годзе стаў старшынёю камісіі ў справах моладзі адміністрацыі Новарасійску. У 2005 годзе – намеснікам кіраўніка адміністрацыі акругі. У 2014 годзе фігуруе як кіраўнік Казацкага таварыства Новарасійску, спецыялізаванага на ахове. У 2021 годзе Чубко пайшоў з таварыства.

Адначасова 26 студзеня 2017 года Піянер далучыўся да ПВК Вагнэра і выправіўся ў Сірыю. Праз год службы яго ставяць кіраўніком вайсковай аперацыі Вагнэра ва Усходняй Гуце. Ягоная група трапіла пад абстрэл падчас бою пад Хішамам з 7 на 8 лютага 2018 года. Тады група ўрадавых войскаў разам з вагнэраўцамі ды іншымі наймітамі спрабавалі адбіць газаперапрацоўчы завод у курдскіх паўстанцаў, якіх падтрымлівалі ЗША. У адказ ЗША пачалі масаванае бамбаванне групы, яна была цалкам разгромленая. Загінулі некалькі дзясяткаў вагнэраўцаў (да 80), яшчэ, з розных звестак, ад дзясяткаў да сотні былі параненыя.

Паводле «Нашай нівы», у 2019-м Чубко пераводзяць на службу ў Лівію, дзе адкрываўся чарговы штаб вагнэраўцаў, і ён становіцца кіраўніком ПВК у гэтым рэгіёне.

Пасля Лівіі Чубко вярнуўся ў Расею, працаваў у лагістычных і ахоўных кампаніях да 2020 года. Ахоўным бізнесам займаўся таксама бацька Чубко, які праходзіў трэнінгі ў Міжнароднай контртэрарыстычнай трэнінгавай асацыяцыі, што вучыць ахоўнай дзейнасці, піша «Наша ніва». У яго была ліцэнзія на ажыццяўленне прыватнай дэтэктыўнай дзейнасці. Да крымінальнай адказнасці бацька і сын Чубко не прыцягваліся.

У Чубко ёсць брат, 39-гадовы Дзмітрый Чубко. Паводле звестак СБУ, піша «Наша ніва», мужчына быў у складзе місіі Вагнэра ў Судане ў 2019 годзе, хоць, паводле публічнай інфармацыі, асаблівага вайсковага досведу ён не мае. Працаваў шмат дзе, але ніводнага разу ягоная дзейнасць не была звязаная з ваенізаванымі фармаваннямі ці ахоўнымі агенцыямі. Быў працаўніком фірмы, што гандлюе аўтамабілямі, лагістычных кампаніяў, кол-цэнтраў, банкаў. «Правал» у базах з месцамі працы прыпадае на 2015–2019 гады, таму ён мог быць наймітам ПВК Вагнэра ў гэты час.

У тэрмін да 4 чэрвеня 2021 года Чубко вярнуўся ў Сірыю. 2 ліпеня 2021 года накіраваўся ў Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку кіраўніком аперацыяў. Паводле ACLED, з моманту прыбыцця Чубко ў ЦАР было зарэгістравана 137 выпадкаў гвалту ў дачыненні цывільных асобаў, у выніку якіх загінулі 686 асобаў. Задакументаваныя выпадкі пераследу цывільных асобаў і гуманітарных працаўнікоў групамі Вагнэра на загад Чубко, а таксама шматлікія выпадкі адвольных затрыманняў, гвалту і сістэматычнай практыкі тэрору.

У ліпені 2023 года Сяргей Чубко прыехаў у Беларусь з Расеі ў складзе калонаў вагнэраўцаў. Прыгожын паставіў яго кіраўніком групы ў Беларусі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў