Беларусь атрымала самую нізкую цану на расейскі газ у свеце да 2031 года


Беларусь заключыла базавую доўгатэрміновую дамову з расейскім «Газпрамам» па гарантаваных аб’ёмах пастаўкі газу ў краіну, якая будзе дзейнічаць восем гадоў. Пра гэта заявіў пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Круты. Прычым Беларусь атрымала самую нізкую цану на расейскі газ у свеце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sputnik

«І яшчэ важны момант: ёсць рашэнне Уладзіміра Пуціна, каб Беларусь у рамках доўгатэрміновага кантракту з «Газпрамам» да 2031 года мела самую нізкую цану газу ў свеце для трэціх краін», – заявіў Дзмітрый Круты.

Паводле ягоных словаў, гэтае рашэнне стала базавай умовай для ўрадаў абедзвюх краінаў. «У частцы цэнаўтварэння кіраўнікі краінаў дамовіліся прадоўжыць дзейную апошнія тры гады формулу на наступны трохгадовы перыяд – да 2026 года», – удакладніў пасол.

У снежні Пуціну і Лукашэнку будзе прадстаўлена методыка, якая дазволіць зблізіць формулы разлікаў цаны на газ, улічваючы структуры эканомікі.

«Калі, дапусцім, у Смаленску большасць газу спажываецца насельніцтвам, то ў Беларусі структура іншая, насельніцтва, наадварот, спажывае мала газу менавіта як рэсурсу, увесь газ фактычна спажываецца прамысловасцю і электраэнергетычным сектарам», – расказаў Круты.

Пакуль ідзе абмеркаванне на экспертным узроўні, потым беларускія прапановы звераць з методыкай Федэральнай антыманапольнай службы Расеі. «Я думаю, усе разлікі мы скончым ужо да восені. Затым – абмеркаванне на ўзроўні ўрада. І потым ужо будзе даклад Лукашэнкі», – дадаў ён.

Цяпер Менск плаціць за расейскі газ $127,52 за тысячу «кубоў». Гэты кошт будзе дзейнічаць да 2026 года.

Дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка выказаў меркаванне, што такім чынам Пуціну прыйшлося заплаціць Лукашэнку за сітуацыю з Прыгожыным.

Hавiны
Беларусь і Расея дамовіліся: «зялёныя карты» працягнуць дзеяць у дзвюх краінах
2023.06.26 15:02

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў