Антыядравы кансэнсус, рэкордавыя рэпрэсіі і русіфікацыя Беларусі: эксперты назвалі галоўныя трэнды ў краіне


Нават перакананыя прыхільнікі Лукашэнкі не падтрымліваюць размяшчэння ў Беларусі расейскай ядравай зброі. Рэжым ператварыўся ў актыўнага русіфікатара краіны, раскол у грамадстве працягвае паглыбляцца на фоне рэкордавых рэпрэсіяў і заціскання гаек з усіх бакоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Таццяна Верамеева / «Белсат»

Каманда экспертаў, у якую ўвайшлі палітычныя аналітыкі Павел Слюнькін і Арцём Шрайбман, сацыёлагі Філіп Біканаў і Генадзь Коршунаў ды эканаміст Леў Львоўскі, падрыхтавала пяты аналітычны даклад «Беларускі трэкер пераменаў». Праца над ім вялася з сакавіка да траўня 2023 года. У онлайн-апытанні ўзялі ўдзел 978 беларусаў, гарадскіх жыхароў. Распавядаем пра ключавыя моманты даследавання.

Ядравы якар Расеі ў Беларусі

Дамінаванне Расеі ў Беларусі набывае ядравае вымярэнне – Беларусь становіцца плацдармам для расейскага ядравага экспансіянізму, прымаючы на сябе ўсе адпаведныя рызыкі, але без права голасу пры прыняцці рашэнняў аб патэнцыйным выкарыстанні зброі. Супраца Беларусі з расейскімі акупацыйнымі адміністрацыямі на захопленых украінскіх тэрыторыях выйшла на ўзровень Лукашэнкі, а міжнародныя арганізацыі тым часам падводзяць юрыдычную базу пад пераслед яго за саўдзел у ваенных злачынствах.

Размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі не зменіць вайсковага балансу ў рэгіёне: заходнія краіны сыходзяцца ў думках, што Расея ўжо мае ядравую зброю ў Калінінградскай вобласці. На сённяшні момант яны не бачаць у дзеяннях Расеі намеру рэальнай ядравай эскалацыі, а расцэньваюць падзею як чарговую спробу ядравага шантажу, накіраваную ў тым ліку на грамадскасць заходніх краінаў.

Hавiны
Украінская выведка: У Беларусь пакуль не перадалі ніводнай ядравай боегалоўкі
2023.06.20 20:02

Для Беларусі з’яўленне на яе тэрыторыі яшчэ аднаго вайсковага абʼекту Расеі, цяпер ужо стратэгічнага значэння, будзе мець негатыўныя наступствы, якія ідуць далёка. На мапе Беларусі зʼявіцца абʼект, які адначасова будзе як пагрозай для трэціх краінаў, так і патэнцыйнаю мішэнню ў выпадку глабальнага ваеннага сутыкнення з удзелам Расеі. Пры гэтым рашэнне аб яго выкарыстанні Расея можа прымаць увогуле без уліку інтарэсаў Беларусі і яе народу.

Нават у мірны час расейская ядравая зброя і расейскія войскі, якія запэўніваюць яе захаванне і бяспеку, будуць выконваць функцыю вайскова-палітычнага якара Расеі ў Беларусі. Расейская ядравая зброя таксама будзе выкарыстоўвацца ўладамі як стрымальны фактар супраць любых ідэяў накшталт «вызвалення Беларусі ад акупацыі» Збройнымі сіламі Украіны ці беларускімі вайсковымі фармаваннямі. Ядравы абʼект у Беларусі стане для Расеі дадатковым стымулам не дапусціць ніякіх дэмакратычных пераменаў у нашай краіне, каб не рызыкаваць «законным» статусам і фізічнай бяспекай аб’екту. Нават калі такія перамены ў Беларусі ў выніку адбудуцца, расейскі стратэгічны абʼект і надалей будзе забяспечваць доўгатэрміновую прысутнасць Масквы і заставацца адным з ключавых рэсурсаў, які выкарыстоўваецца Расеяй для абароны сваіх вайскова-палітычных і эканамічных інтарэсаў.

Антыядравы і антываенны кансэнсус

Рашэнне размясціць расейскую тактычную ядравую зброю ў Беларусі ідзе насуперак беларускай грамадскай думцы, перакананыя аналітыкі. Нават сярод заўзятых прыхільнікаў дзейнага рэжыму менш за палову гатовыя сказаць, што вітаюць размяшчэнне расейскай ядравай зброі ў Беларусі, а сярод схільных давяраць уладам такіх людзей і зусім каля траціны. На сёння перспектыва размяшчэння ядравай зброі палохае і не задавальняе значную частку беларускага грамадства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Таццяна Верамеева / «Белсат»

Па-ранейшаму захоўваецца кансэнсус у тым, як беларусы ставяцца да вайны ва Украіне. Амаль 88 % апытаных выступаюць супраць удзелу войска нашай краіны ў вайне.

Давер да інстытутаў улады больш не расце

Аўтары даследавання высветлілі, што рост «даверу да рэжымных інстытутаў», які назіраўся ў папярэдніх апытаннях, прыпыніўся.

У той жа час эксперты канстатуюць, што ў беларускім грамадстве замацаваўся раскол паміж крайнімі «часткамі грамадскага канфлікту» – заўзятымі прыхільнікамі і праціўнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Абедзве палярныя групы ўспрымаюць адна адну праз прызму палітычных прыкметаў і застаюцца ў інфармацыйных бурбалках. Заўзятыя праціўнікі рэжыму больш глыбока адчуваюць праблемы ўнутры краіны і надаюць вялікае значэнне грамадзянскім каштоўнасцям. Яны імкнуцца да трансфармацыі краіны і перабудовы сістэмы. Асноўны канфлікт заключаецца ў тым, што прыхільнікі ўлады не жадаюць такой трансфармацыі.

Што адбываецца ў эканоміцы РБ

Паводле акадэмічнага дырэктара BEROC Льва Львоўскага, Менск таксама навучыўся «нівеляваць негатыўныя эфекты санкцыяў», у тым ліку праз выкарыстанне расейскіх лагістычных каналаў для вывазу беларускіх тавараў на нееўрапейскія рынкі.

Нягледзячы на пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі, пашыраецца група краінаў, якія лабіююць зняцце найбольш балючых санкцыяў – калійных. Да лабістаў і прыхільнікаў такога рашэння адносяць Партугалію, Францыю, Нідэрланды, Бельгію і Іспанію. Функцыю санкцыйнага ціску на ўлады Беларусі выконваюць ЗША, Канада, Польшча і Украіна.

Аналітыка
Выратаваў калій. Аднаўленне экспарту ўгнаенняў дапамагло вонкаваму гандлю Беларусі не сысці ў мінус
2023.06.20 08:00

У сакавіку 2023 года, у параўнанні з аналагічным перыядам летась, беларуская эканоміка не далічылася амаль 70 тысяч работнікаў. Паводле ацэнкі даследнікаў, за 2021–2022 гады толькі ў Літву і Польшчу маглі эміграваць да 170 тысяч беларусаў. Паводле ацэнкі Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой, з 2020 года Беларусь пакінулі як мінімум 2000 кампаніяў.

Старэнне насельніцтва і эміграцыя пачынаюць сурʼёзна ўплываць на эканоміку краіны, але ўлады на гэтым фоне пачалі чарговы крыжовы паход на індывідуальных прадпрымальнікаў, не спыняючы пры гэтым дырэктыўнага падтрымання стратных дзяржпрадпрыемстваў.

Працягваецца і пакуль не надта паспяховы пошук новых партнёраў сярод краінаў «далёкай дугі».

Рэкордавыя рэпрэсіі і мілітарызацыя краіны

Паводле сацыёлага Генадзя Коршунава, у сакавіку 2023 года быў зафіксаваны рэкорд у палітычна матываваных затрыманнях за апошнія 12 месяцаў – 613 асобаў.

Усяго ж за вясну колькасць затрыманых склала мінімум 1350 чалавек, што было рэкордам з зімы 2022-га. Эксперт адзначыў, што ўмовы ўтрымання палітвязняў за кратамі яшчэ больш пагоршыліся і што дзеянні рэжыму ўсё больш нагадваюць палітыку акупацыйнай адміністрацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / «Forum»

Каталізатарамі рэпрэсіяў паслужылі інцыдэнт у Мачулішчах і дыверсіі ў суседніх з Беларуссю раёнах РФ. Атака на расейскі самалёт падштурхнула ўлады Беларусі да больш інтэнсіўнай мілітарызацыі і секʼюрытызацыі ўнутранай палітыкі, у прыватнасці да рэзкага ўзмацнення кантролю на ўсіх межах і актыўнай медыйнай кампаніі з рэгулярным раскрыццём новых тэрактаў, адзначае заснавальнік агенцтва «Sense Analytics» Арцём Шрайбман.

Паўзучая русіфікацыя

У дакладзе адзначаецца, што намаганнямі адміністрацыі Лукашэнкі здзяйсняецца рэвізія гістарычнай палітыкі ў Беларусі. Адбываецца дрэйф ад нацыянальнага і нават ад звыклага савецкага дыскурсу (у якім Кастусь Каліноўскі быў героем) да расейскай імперскай традыцыі, у якой змагары за незалежнасць «ускраінаў» успрымаюцца ў якасці адназначна негатыўных дзеячаў, а гераізуюцца толькі рухі і фігуры, якія выступалі за адзінства беларусаў і расейцаў ды барацьбу з агульным ворагам (царскія военачальнікі, савецкія партызаны і г. д.). Аўтары дакладу не выключаюць перапісвання школьных і ўніверсітэцкіх праграмаў у адпаведнасці з новым афіцыйным гістарычным наратывам, а таксама перайменавання вуліцаў, плошчаў і іншых абʼектаў, названых у гонар Каліноўскага і Касцюшкі.

СП belsat.eu

Стужка навінаў