Украінская выведка: У Беларусь пакуль не перадалі ніводнай ядравай боегалоўкі


У Беларусі працягваецца падрыхтоўка сховішчаў для ядравай зброі, аднак пакуль ніводнай боегалоўкі з Расеі туды яшчэ не перадалі. Пра гэта заявіў кіраўнік украінскай разведкі Кірыла Буданаў, перадае «Українська правда».

Кірыл Буданаў.
Фота: pravda.com.ua

«Працэс падрыхтоўкі да магчымага перамяшчэння на самой справе працягваецца. Сховішчы рыхтуюцца. Але па стане на цяпер ніводная боегалоўка яшчэ не перамешчана», – паведаміў Кірыл Буданаў.

На мінулым тыдні, 16 чэрвеня, расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў аб увозе ў Беларусь першых ядравых зарадаў, астатнія ж будуць дастаўлены «да канца лета, да канца года», дадаў ён. Аднак маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» у той жа дзень паведаміла, што ніякай пацвярджальнай інфармацыі аб пачатку рэальнага перамяшчэння тактычнай ядравай зброі ў Беларусь па стане на 16 чэрвеня няма.

Нагадаем, у канцы сакавіка міністры абароны Беларусі і Расеі падпісалі дакументы, згодна з якімі дазваляецца размяшчэнне расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спецыяльным сховішчы на тэрыторыі Беларусі. Тады расейскі бок сцвярджаў, што кантроль над ім і рашэнне аб ужыванні застаецца за Масквой.

Тады Лукашэнка пацвердзіў гэта, але заявіў, што кіраваць ім будзе Беларусь. Аднак пазней ён прызнаў, што для выкарыстання размешчанай у Беларусі ядзернай зброі яму трэба будзе стэлефанавацца з Пуціным.

Аналітыка
Ці павялічваецца пагроза ўступлення Беларусі ў вайну пасля размяшчэння ядравай зброі?
2023.06.19 20:25

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў