Падман чаканняў і знявага суверэнітэту. Як Лукашэнка чарговы раз з'ездзіў у Маскву


Двухдзённы візіт у Маскву складана назваць удалым для Аляксандра Лукашэнкі: нягледзячы на папярэднія заявы, вырашыць важныя эканамічныя пытанні з расейскім кіраўніцтвам не ўдалося, а кейс з размяшчэннем ядравай зброі быў прэзентаваны ў максімальна зняважлівай для суверэнітэту Беларусі форме. У выніку падзеі апошніх дзён чарговы раз паставілі пытанне аб самастойнасці і суб’ектнасці Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка прыбыў на паседжанне Еўразійскага эканамічнага савету ў Маскве, Расея. 25 траўня 2023 года.
Фота: Sputnik / Reuters / Forum

Сам Еўразійскі эканамічны форум і паседжанне Еўразійскага эканамічнага савету, якія паслужылі падставаю для візіту Лукашэнкі, аказаліся даволі руціннымі падзеямі. Кіраўнікі дзяржаваў зноў рабілі дзяжурныя заявы пра неабходнасць больш шчыльнай эканамічнай інтэграцыі і поўнай рэалізацыі патэнцыялу ЕАЭС. Аднак у кантэксце падзеяў апошніх гадоў такая дэкларатыўная рыторыка выглядае ўсё меней пераканаўча, а нічога новага 24–25 траўня сказана не было.

Адзіным цікавым выступам была прамова прэзідэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева, які акрэсліў адну з ключавых праблемаў ЕАЭС – нераўнамерны ўзровень інтэграцыйных сувязяў. Паводле Такаева, з аднаго боку ёсць Беларусь і РФ, якія дэ-факта існуюць паводле формулы «дзве краіны – адна дзяржава» і цяпер «нават ядравую зброю маюць адну на дваіх», і ёсць усе астатнія чальцы саюзу.

«Ёсць іншы ўзровень інтэграцыі, прадстаўлены Казахстанам, Кыргызстанам, Арменіяй, і з гэтай рэальнасцю нам трэба лічыцца. Як мы будзем працаваць у гэтых умовах? Гэта пытанне канцэптуальнае», – сказаў Такаеў.

Аднак заўвага прэзідэнта Казахстану павісла ў паветры: прынамсі, у адкрытым фармаце гэтая тэма ўсур’ёз не абмяркоўвалася. Пасля завяршэння саміту прэс-сакратар Такаева яшчэ раз патлумачыў думку прэзідэнта: у Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС абсалютна розныя мэты. «Інтэграцыя ў рамках ЕАЭС можа і павінна ісці выключна па эканамічным трэку. Выхад за яго рамкі парушае мэты, прынцыпы і задачы статутных дакументаў арганізацыі», – падкрэсліў прадстаўнік Такаева.

Па сутнасці з боку Казахстану гэта дэманстратыўная спроба акрэсліць рамкі, у якіх могуць развівацца стасункі з Беларуссю і РФ: маўляў, эканамічная супраца – гэта добра, але ў канфлікт з усім светам разам з вамі ніхто ўвязвацца не збіраецца. Таму словы Лукашэнкі пра тое, што ЕАЭС мусіць стаць новым цэнтрам прыняцця рашэнняў у сусветнай палітыцы, яўна не маглі зацікавіць Такаева.

Не «наша зброя»

У той час калі Лукашэнка быў у Маскве, міністры абароны Беларусі і РФ падпісалі ў Менску дакументы, якія вызначаюць парадак размяшчэння расейскай тактычнай ядравай зброі (ТЯЗ) у спецыяльных сховішчах на тэрыторыі Беларусі. Неўзабаве Лукашэнка заявіў журналістам: перамяшчэнне ядравых боепрыпасаў у Беларусь ужо пачалося.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін выступае падчас паседжання Еўразійскага эканамічнага савету ў Крамлі, Масква, Расея. 25 траўня 2023 года.
Фота: Vyacheslav Viktorov / Roscongress Foundation / AP / East News

Для Лукашэнкі ад самага пачатку было вельмі важна, каб у гісторыі з размяшчэннем ТЯЗ у Беларусі ён выглядаў раўнапраўным партнёрам Пуціна, а не марыянеткай. Праз гэта ўзнікла цікавая калізія: падчас звароту да Нацыянальнага сходу 31 сакавіка Лукашэнка сцвярджаў, што гэта будзе «нашая зброя» і ён сам будзе ёю кіраваць, хаця Расея і беларускае МЗС адначасова настойвалі, што перадачы кантролю над ТЯЗ не будзе.

Спачатку здавалася, што такая двухсэнсоўнасць нават у інтарэсах Крамля. Напрыклад, падчас візіту ў Маскву 5–6 красавіка Лукашэнка зноў пачаў гразіць усяму свету ядравай зброяй: «Калі будзе трэба, мы выкарыстаем усё, што ў нас ёсць, каб абараніць нашыя дзяржавы і народы». Пуцін тады меў магчымасць расставіць усе кропкі над «i», нагадаць, што ніякіх «мы» тут няма: кантраляваць ТЯЗ будзе толькі Расея. Аднак расейскі кіраўнік тады прамаўчаў, захаваўшы адчуванне нявызначанасці ў гэтым пытанні.

Цяпер аніякай прасторы для прапагандысцкіх манеўраў Крэмль афіцыйнаму Менску не пакінуў. Міністр абароны Сяргей Шайгу пасля падпісання дакументаў наконт спецыяльных сховішчаў падкрэсліў: «Расея не перадае Рэспубліцы Беларусь ядравай зброі: кантроль над ёй і рашэнне аб выкарыстанні застаецца за расейскім бокам».

Пра перамяшчэнне ядравых боепрыпасаў Лукашэнка паведаміў наогул дзіўным чынам. З ягоных словаў вынікала, што Пуцін проста паставіў яго перад фактам, прычым зрабіў гэта мімаходам падчас агульнага паседжання форуму ЕАЭС:

«Калі гаворка зайшла пра ядравую зброю… Я, шчыра кажучы, з-за акустыкі гэтай не вельмі і пачуў, а Уладзімір Уладзіміравіч мне кажа, што вось прынятае рашэнне аб размяшчэнні ядравай тактычнай зброі ўжо ў Беларусі. Ён мне пра гэта сказаў. Я кажу: «Дзякуй». Вось пра што ішла гаворка, не больш».

Паводле Лукашэнкі, Беларусь ужо падрыхтавала месцы для сховішча ТЯЗ, таму пачалося перамяшчэнне ядравых боепрыпасаў. «Яна ўжо ў Беларусі?» – запытаўся журналіст. «Магчыма. Я прыеду – пагляджу», – адказаў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі.

Выходзіць, што Пуцін не толькі не просіць дазволу і не раіцца з Лукашэнка наконт размяшчэння ядравай зброі, але і паведамляе пра гэта пастфактум. А пра дэталі і тэрміны перамяшчэння нават не інфармуе: Лукашэнку трэба вярнуцца ў Беларусь і самому высветліць, ці ёсць у краіне цяпер зброя масавага знішчэння. Пасля гэтага заканамерна мусіць паўстаць пытанне: ці застаецца Беларусь суверэннай дзяржавай і ці захоўвае Лукашэнка самастойнасць, калі лёсавызначальныя рашэнні прымаюцца без ягонага ўдзелу?

З палітычнага і прапагандысцкага пункту гледжання гэта поўны правал. Нават дзіўна, што Лукашэнка менавіта такім чынам распавёў пра сітуацыю з ядравай зброяй – нічога не перашкаджала яму схлусіць і заявіць, што ён кантралюе працэс на ўсіх этапах.

Можна толькі здагадвацца, чаму так здарылася: ці было гэта зроблена наўмысна, каб выставіць сябе закладнікам Крамля і ўхіліцца ад адказнасці, ці самаабвешчаны кіраўнік Беларусі проста прагаварыўся.

Фантомныя перамовы

Пры гэтым узамен на размяшчэнне ядравай зброі Лукашэнка нічога ад Пуціна не атрымаў. Хаця, імаверна, на нешта разлічваў.

У панядзелак, 22 траўня, падчас размовы з амбасадарам Беларусі ў РФ Дзмітрыем Крутым Лукашэнка заявіў, што ў беларуска-расейскіх эканамічных стасунках ёсць пэўныя праблемы і нестыкоўкі. Падчас будучай сустрэчы з Пуціным у Маскве Лукашэнка разлічваў «абмеркаваць і зняць тыя праблемы, якія ўвогуле не павінны быць у нашых адносінах».

Аднак падобна на тое, што нічога вырашыць у Маскве не ўдалося. У рамках паседжання Еўразійскага эканамічнага савету і нефармальных сустрэчаў кіраўнікоў краінаў ЕАЭС двухбаковыя стасункі Расеі і Беларусі не маглі абмяркоўвацца, а тэт-а-тэт 24–25 траўня Пуцін і Лукашэнка перамоваў не праводзілі.

Праўда, пастфактум, 26 траўня, «Пул Первого» паведаміў, што па завяршэнні працоўнага абеду 25 траўня Лукашэнка і Пуцін усё ж пагутарылі адзін на адзін за закрытымі дзвярыма. Аднак складана сказаць, ці адпавядае гэтая інфармацыя рэчаіснасці – расейскія крыніцы пра гэтую размову не паведамляюць. У любым выпадку, улічваючы далейшы графік мерапрыемстваў, гэта магла быць толькі вельмі кароткая размова, на якой наўрад ці можна было вырашыць нейкія сур’ёзныя праблемы двухбаковых стасункаў. Лукашэнка яўна не на такі фармат разлічваў, анансуючы сваю сустрэчу з Пуціным.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў