Офіс Святланы Ціханоўскай анансаваў на 1 і 2 чэрвеня міжнародную анлайн-канферэнцыю, якую ладзяць партнёры з ЗША, Швецыі і Нямеччыны.
Запрашэнні на канферэнцыю выслалі ў тым ліку прадстаўнікам беларускіх уладаў, сярод якіх кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка і яго намесніца Вольга Чупрыс, а таксама дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Святлана Любецкая. Як растлумачыла Святлана Ціханоўская, «дыялог аб новых выбарах цяпер не толькі ў нашых інтарэсах, але і ў інтарэсах прадстаўнікоў рэжыму».
Таксама на канферэнцыю ўжо запрасілі замежных партнёраў Ціханоўскай і Цэнтральныя выбарчыя камісіі дэмакратычных дзяржаваў, запрашаюць і іншых палітыкаў, прадстаўнікоў грамадскіх і дзяржаўных арганізацыяў – форма для рэгістрацыі тут, а праграма тут. Канферэнцыю будуць трансляваць на Youtube-канале Ціханоўскай.
Паводле Ціханоўскай, захоп самалёта «Ryanair», знішчэнне TUT.by, самагубства 18-гадовага фігуранта крымінальнай справы – усё гэта «вынікі таго, што Лукашэнка сфальсіфікаваў выбары і ўтрымлівае ўладу сілай». Крызіс у Беларусі, упэўненая яна, вырашаць толькі спыненне гвалту, вызваленне палітвязняў і правядзенне свабодных выбараў. А да выбараў трэба рыхтавацца загадзя.
АА belsat.eu