Беларусы зноў адзначыліся на «Берлінале»

Берлінскі міжнародны кінафестываль на выходных абвясціў пераможцаў, і беларуская кінасуполка таксама мела там свае перамогі. Калі ў галоўным будынку Еўрапейскага кінарынку «Берлінале» былі абвешчаныя пераможцы беларускай кінапрэміі «Чырвоны верас», некаторыя так і пісалі: фільм атрымаў узнагароду на «Берлінале». Але гэта мілы анекдот, я ж, вядома, маю на ўвазе іншыя перамогі, перадусім сімвалічныя – на сёлетнім Берлінскім кінафестывалі знайшлося месца некалькім паспяховым беларускім ініцыятывам. Роўна год таму я пісала пра «самую вялікую беларускую каманду» на «Берлінале», дык вось, сёлета мы пабілі гэты рэкорд.

Кінакрытык Ірэна Кацяловіч на цырымоніі ўзнагароджання Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас»; у Берліне назвалі пераможцаў другой эдыцыі.
Фота: Дзмітрый Брушко

Некаторыя беларускія фільммэйкеры нават паехалі ў Берлін адмыслова, каб патрапіць на дзве падзеі – зладжаны Беларускай незалежнай кінаакадэміяй пітчынг кінапраектаў і цырымонію ўзнагароджання Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас». То бок, «Берлінале» прыцягнула не толькі арганізатараў, удзельнікаў альбо запрошаных гасцей, але і простых наведнікаў з іншых гарадоў. Ехалі з перасадкамі, ехалі з сабакамі. Веданне гэтага грэла душу і на пляцоўках фэсту, і ў берлінскіх барах. Напэўна, яны хацелі паглядзець, як нашае кіно інтэгруецца ў міжнародны кантэкст, а таксама засведчыць яднанне, якому тыя ініцыятывы, ведаю, паслужылі.

Hавiны
Беларускую кінапрэмію «Чырвоны верас» уручаць у Берліне
2024.01.31 18:31

Гэта не ўсё беларускае на «Берлінале». Кароткаметражны фільм беларуса Нямеччыны Паўла Мажара «Непажаданае сваяцтва» быў паказаны ў фестывальнай праграме «Berlinale Shorts». Незадоўга да гэтага рэжысёр, які з 10 гадоў рос у Нямеччыне, стаў сябрам Беларускай незалежнай кінаакадэміі. А ягоны папярэдні кароткі метр «Метадычка» ўзяў «Чырвоны верас» як «найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм».

Тым часам стваральнікі дакументальнай карціны «Радзіма» пра гвалт у беларускім войску атрымалі на пляцоўцы Еўрапейскага кінарынку чарговую ўзнагароду – «Cinema for peace 2024» за «самы значны дакументальны фільм года». Яго аўтары Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч, якія жывуць у розных краінах, але не ў Беларусі, таксама з’яўляюцца сябрамі кінаакадэміі.

Мара Тамковіч прэзентуе свой фільм пра Кацярыну Андрэеву і Ігара Ільяша.
Фота: Дзмітрый Брушко

Ну і нарэшце, на адной з пляцовак Еўрапейскага кінарынку, у гатэлі «Marriott», як і летась, працаваў стэнд Беларускай незалежнай кінаакадэміі, які служыў беларускім фільммэйкерам месцам для працоўных сустрэчаў і завязання знаёмстваў з замежнымі калегамі.

Так, гэта быў самы маштабны беларускі «дэсант» на «Берлінале» ў гісторыі. Да фестывалю сёлета далучылася некалькі дзясяткаў беларусаў розных прафесіяў, і – што самае істотнае для мяне, – калі хацелі, яны маглі адчуць сябе часткаю менавіта беларускага кам’юніці. Не размыцца, не зліцца, не мімікраваць – хіба самая надзённая задача для фільммэйкераў сёння, калі ўсе жывуць у розных краінах і здымаюць кіно за якія заўгодна грошы, толькі не за беларускія.

Як арганізатарка і вядоўца я напісала пра гэта ў пафаснай прамове для ўручэння «Чырвоных верасоў»: маўляў, мы не згубіліся – і гэта мусіць быць галоўным натхненнем кінакрытыкаў. Мы ўварваліся на найбуйнейшы кінарынак Еўропы, на адзін з найпрэстыжнейшых кінафестываляў свету са сваім кіно выпадковых перамог. З апошнімі пакуль што фільмамі, якія адкрыта здымаліся ў Беларусі і засведчылі падзеі 2020 года і крызіс пасля. З кароткаметражкамі, зробленымі ўдома на мінімальны бюджэт. З нашаю нацыянальнай ідэнтычнасцю і на расейскай мове.

Узнагарода за найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм «Мара» Сашы Кулак на цырымоніі ўзнагароджання Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас». Берлін, Нямеччына. 17 лютага 2024 года.
Фота: Дзмітрый Брушко

Хацелася яшчэ больш беларускага на гэтай міжнароднай платформе, адсюль – беларускамоўныя надпісы і прамовы на «Чырвоным верасе», «Šuma» на рэсэпшане пасля, крамбамбуля і беларускія слодычы на так званым «happy hour» на стэндзе Беларускай незалежнай кінаакадэміі.

І хацелася б, каб гэтае кіно, якое мы прасоўваем, падтрымліваем і ўзнагароджваем, мела будучыню, лепшую за сучаснасць. Каб гэта было кіно не выпадковых, а сталых прафесійных перамог. У нас была цудоўная цырымонія ўзнагароджання не дзе-небудзь, а ў Берліне, але ўзнагароджвалі мы сярод іншага безбюджэтнае кіно.

Мастак Аляксандр Адамаў стварыў для «Чырвонага верасу» адмысловыя ўзнагароды: праз цэглу – а былі выкарыстаныя сапраўдныя цагліны – прабіваецца каштоўная, бліскучая галінка верасу. Гэта метафара беларускага кіно, якое паўстае, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы. Хтосьці выказаў меркаванне, што ад прэміі да прэміі цагліна мусіць рабіцца меншаю, а галінка верасу – большаю. Гэта, канешне, задача для ўсіх беларускіх кінематаграфістаў – павялічваць гэты верас.

Цырымонія ўзнагароджання Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас»; у Берліне назвалі пераможцаў другой эдыцыі. Берлін, Нямеччына. 17 лютага 2024 года.
Фота: Дзмітрый Брушко

Гэтым разам я не паглядзела на «Берлінале» абсалютна ніводнага фільму – спачатку ў нас у кінаакадэміі быў пітчынг, потым – мора справаў на цырымоніі ўзнагароджання «Чырвонага верасу». Затое аўтары кінапраектаў, што ўдзельнічалі ў пітчынгу, сустракаліся з патэнцыйнымі партнёрамі, а калегі на рэсэпшане «Чырвонага верасу» адчувалі сябе часткаю беларускага кіно. Потым хтосьці назваў гэтыя падзеі гістарычнымі, і непрагледжаныя фільмы з асноўнага конкурсу «Берлінале» сталі неістотнымі.

Роўна праз год я спадзяюся напісаць пра нашыя чарговыя рэкорды на «Берлінале».

 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў