У лацінаамерыканскім Сальвадоры адкрылася гіганцкая мега-турма для гангстараў, піша Reuters. У яе ўжо прыбылі першыя дзве тысячы зняволеных.
З сакавіка 2022 года ў Сальвадоры дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча. Гэтак прэзідэнт краіны Наіб Букеле вырашыў адказаць на ўспышку гвалту і забойстваў, учыненых бандыцкімі групоўкамі.
Падчас антыганстарскай вайны сальвадорскія ўлады затрымалі больш як 64 тысячы чалавек. Пры гэтым сілавікам дазволілі арыштоўваць падазраваных, не чакаючы ордара. Праваабаронцы паказваюць, што пацярпелі пры гэтым і невінаватыя грамадзяне, але такая палітыка прэзідэнта карыстаецца папулярнасцю сярод жыхароў Сальвадора.
Мега-турма, афіцыйная назва якой – цэнтр барацьбы з тэрарызмам, разлічаная на 40 тысяч месцаў. Яе пабудавалі ў ізаляваным месцы муніцыпалітэта Тэкалука, за 74 кіламетры ад сталіцы краіны. Гэта найбуйнейшае збудаванне падобнага кшталту ў Лацінскай Амерыцы, яно абсталяванае найноўшымі тэхналогіямі для перадухілення ўцёкаў.
Турма складаецца з васьмі будынкаў, у кожным – па 32 велізарныя камеры плошчай каля 100 квадратных метраў, у якіх утрымліваюць больш як сотню зняволеных. У кожнай камеры толькі па дзве ракавіны і дзве прыбіральні.
https://twitter.com/nayibbukele/status/1629165213600849920
Прэзідэнт Букеле апублікаваў у Twitter відэа прываду зняволеных у турму, суправадзіўшы яго подпісам: «Сёння на досвітку адным заходам мы перавялі 2000 чальцоў бандаў у цэнтр барацьбы з тэрарызмам. Тут будзе іх новы дом, дзе яны будуць жыць дзесяцігоддзямі, усе ўперамешку, няздольныя больш нанесці шкоду насельніцтву».
На відэа відаць, як зняволеныя, распранутыя да белых шортаў, з голенымі галовамі, бягуць па новай турме ў камеры. Многія маюць бандыцкія татуіроўкі.
Букеле таксама адзначыў, што «злачынцы не выклікаюць ніякага страху, як толькі яны пазбаўленыя абароны дзяржавы і карумпаваных палітыкаў і міжнародных арганізацыяў, якія фінансуюць і абараняюць іх».
Якуб Хруст belsat.eu