МЗС Польшчы: Праграма «Poland. Business Harbour» не апраўдала ўскладзеных на яе надзей


У Міністэрстве замежных спраў Польшчы патлумачылі, чаму з 26 студзеня спыненая выдача віз па праграме «Poland. Business Harbour».

Будынак МЗС Польшчы.
Фота: jewishnews.com.ua

У паведамленні польскага МЗС гаворыцца, што рашэнне аб прыпыненні праграмы «Poland. Business Harbour» прыняў міністр Радаслаў Сікорскі. Праграму не адновяць, «пакуль не будуць прынятыя пастановы для забеспячэння належнай праверкі кампаній і замежнікаў, якія з’яўляюцца яе бенефіцыярамі».

«Паводле ацэнкі Міністэрства замежных спраў, праграма «Poland. Business Harbour» не апраўдала ўскладзеных на яе надзей. Сярод іншага, у грамадскай прасторы былі выказаныя пярэчанні з нагоды выкарыстання віз, выдадзеных у рамках праграмы, у мэтах, несумяшчальных з яе ўмовамі», – падкрэсліваюць у польскім ведамстве.

Замежнікі, у тым ліку беларусы, якія прэтэндуюць на працу ў IT-сектары ў Польшчы, па-ранейшаму могуць падаваць заявы на польскую візу на агульных падставах. Для прадстаўнікоў бізнес-сектару (асабліва ў галінах, найбольш запатрабаваных польскай эканомікай) абяцаюць спрашчэнне візавых працэдур, тлумачаць у МЗС.

Пра закрыццё праграмы «Poland. Business Harbour» стала вядома 26 студзеня. Заявы, пададзеныя да 26 студзеня, будуць разгледжаныя. Вядома, што з 2020 года да верасня 2023-га Польшча выдала 93 512 візаў «РВН», з іх амаль што 95 % атрымалі беларусы (88 529). Пры гэтым, паводле звестак, атрыманым выданнем «Rzeczpospolita» у Галоўным упраўленні Памежнай службы, з 2020 года ў Польшчу паводле візаў «PBH» пераехалі каля 13,5 тысячы асобаў: толькі кожны сёмы, хто яе атрымаў.

Нагадаем, урад Польшчы з восені 2020 года запусціў адмысловую праграму для IT-спецыялістаў з Беларусі, Арменіі, Грузіі, Малдовы, Расеі, Украіны і Азербайджану – «Poland Business Harbour». Праграма была скіраваная на палягчэнне пераезду і адаптацыю ў Польшчы грамадзянаў пералічаных краін, якія займаюцца працай у сферы інфармацыйных тэхналогіяў, маюць цікавыя бізнес-ідэі (стартапы), або заснавальнікаў ужо існых прадпрыемстваў, якія жадаюць свае фірмы перавесці ў Польшчу ці адкрыць у краіне філіялы. Распаўсюджвалася праграма і на сямейнікаў (сужэнцаў і дзяцей) названых асобаў.

У межах праграмы «Poland Business Harbour» можна было аформіць нацыянальную візу, якую разглядалі ў першачарговым парадку. Таксама, пры пэўных умовах, можна было атрымаць гранты на развіццё бізнесу. Гэтыя ільготныя захады былі скіраваныя на прыцягненне ў Польшчу неабходных эканоміцы спецыялістаў і эканамічныя праекты.

Hавiны
Польшча выдала беларусам амаль 90 тысяч візаў «Poland Business Harbor». Але з’язджаюць не ўсе
2023.11.03 17:07

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў