Святлана Ціханоўская ладзіць свой першы візіт у Харватыю


26–27 студзеня абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская будзе з візітам у Харватыі. Гэта першы ейны візіт у гэтую балканскую краіну. Раніцай 26 студзеня яна сустрэлася з міністрам замежных справаў Харватыі Горданам Гырлыч-Радманам, паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Падчас прэс-брыфінгу з міністрам замежных справаў Харватыі Святлана Ціханоўская яшчэ раз падкрэсліла, што Беларусь – не Расея, і заклікала адрозніваць беларусаў ад рэжыму.

«Поўную адказнасць за ўдзел у вайне супраць Украіны нясе дыктатар Лукашэнка, бо 86 % беларусаў – супраць вайны», – заявіла Святлана Ціханоўская.

У праграме візіту Святланы Ціханоўскай у Харватыю таксама сустрэча з прэм’ер-міністрам гэтай краіны Андрэем Плэнкавічам і спікерам парламенту Горданам Яндракавічам.

Прэс-служба беларускай лідаркі паведамляе, што падчас сустрэчаў Ціханоўская будзе абмяркоўваць падтрыманне Харватыяй дэмакратычнай Беларусі ў Еўрапейскім Звязе, у Радзе Еўропы і АБСЕ.

«Таксама будуць абмеркаваныя практычныя пытанні: як перадухіліць удзел беларускіх войскаў у вайне супраць Украіны і дапамагчы беларускім партызанам і добраахвотнікам; як узмацніць ізаляцыю Лукашэнкі на міжнароднай арэне, але пры тым падтрымаць беларускі народ унутры краіны і тых, хто мусіў зʼехаць у сувязі з палітычным пераследам», – паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Мяркуецца, што беларуская дэмакратычная лідарка паўдзельнічае і ў цырымоніі ўскладання кветак да помніку Радзіме і выступіць у Харвацкім акадэмічным звязе.

Напярэдадні візіту ў Харватыю Святлана Ціханоўская правяла шэраг сустрэчаў на высокім узроўні ў Польшчы, у прыватнасці, з міністрамі замежных справаў, адукацыі і фінансаў Польшчы.

Каментар
У Пераходным кабінеце пракаментавалі звесткі пра «бан» Беларусі на просьбу Украіны
2023.01.26 09:49

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў