Лукашэнка публічна абразіў кіраўніка дыпламатыі Еўразвязу


Аляксандр Лукашэнка падчас саміту ЕАЭС па-хамску пракаментаваў нядаўнюю заяву вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу ў замежнай палітыцы Жузэпа Бурэля.

На мінулым тыдні Жузэп Бурэль заявіў, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін не мае намеру спыняць вайну ва Украіне і пагражае ўсёй Еўропе.

Лукашэнка пракаментаваў гэтыя словы наступным чынам (цытата «РИА Новости»):

«Гэта дурнота! Гэта чалавек дурны проста, разумееце, ён дурань! Ён да палітыкі не мае дачынення! Калі б ён разумны быў, ён бы падумаў так, па-гаспадарску: нам з Расеяй дай бог з гэтымі праблемамі разабрацца, дык мы што ж, на гэтыя праблемы будзем наслойваць новыя? Любы чалавек так бы падумаў».

«Нам што, да вайны сёння новай? Нам з гэтай [ва Украіне] трэба разабрацца. Тым больш цяпер, калі сітуацыя складваецца спрыяльна. І не толькі для нас. Але і для іх, каб не страціць Украіну. Я так разумею гэта», – сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка не ўпершыню публічна абражае замежных палітыкаў, дыпламатаў і чыноўнікаў. Напрыклад, у 2011 годзе ён назваў тагачаснага кіраўніка Еўракамісіі Жузэ Мануэла Барозу «казлом», а ў 2023 годзе прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага «гнідай».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў