«Вы хочаце пачаць гандаль людзьмі?» Святлана Ціханоўская выказалася аб вызваленні палітвязняў


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выказалася наконт вызвалення палітвязняў, чаму нельга «гандляваць» імі і прапанавала беларусам выказаць сваё меркаванне па гэтым пытанні. Таксама яна заявіла, што рэжым ведае, што вызваленне палітвязняў і спыненне саўдзелу ў вайне можа спыніць увядзенне санкцый і нават, магчыма, здыме некаторыя дзейныя.

Святлана Ціханоўская.
Фота: tsikhanouskaya/Telegram

«За апошнія два гады я правяла сотні сустрэч, і на кожнай з іх казалі пра тое, як вызваліць палітвязняў, спыніць катаванні, рэпрэсіі, што яшчэ трэба зрабіць, каб прынамсі палепшыць умовы ў турмах. Праз ААН і Чырвоны крыж мы спрабуем выратаваць жыццё тым, хто ў дрэнным фізічным стане. На кожнай сустрэчы я гавару аб дапамозе для адвакатаў і для сем’яў палітвязняў. У сотняў з іх зʼявіліся хросныя сярод палітыкаў, якія не даюць свету забыцца пра тых, хто ў турмах», – сказала Святлана Ціханоўская.

Таксама Ціханоўская нагадала, што яе муж – Сяргей Ціханоўскі – таксама палітвязень, з якім яна ўжо трэці год мае зносіны толькі праз адвакатаў. Таксама ў многіх з каманды Офісу бліжэйшыя сваякі і сябры знаходзяцца за кратамі па палітычных прычынах. «Ва ўсіх у камандзе ёсць свая асабістая матывацыя як мага хутчэй вызваліць палітвязняў. Таму ні палітычна, ні эмацыйна я не магу зразумець: што маецца на ўвазе, калі нехта кажа, што «Офіс сабатуе выхад палітвязняў», – задаецца пытаннем беларуская лідарка.

Яна звяртае ўвагу, што гатовая прыняць крытыку для паляпшэння працы, але не бачыць канкрэтных прапаноў, як трэба дзейнічаць.

«Вы хочаце пачаць гандаль людзьмі? Тады агучце: кім? Як? Дзе? На якіх умовах? У якім парадку? Якія гарантыі? Што зрабіць, каб не пагоршыць праблему? Абменьваць палітвязняў на зняцце санкцый? Фактычна – пераконваць Захад зняць санкцыі, якія былі ўведзеныя ў адказ на парушэнне міжнароднага права і пагрозу іх інтарэсам: захоп самалёта, міграцыйны крызіс, удзел у ваеннай агрэсіі?» – задае пытанні Ціханоўская.

Ціханоўская лічыць, што рэжым ведае, што вызваленне палітвязняў і спыненне саўдзелу ў вайне можа спыніць увядзенне санкцый і, магчыма, здыме некаторыя дзейныя. Таксама, паводле слоў Ціханоўскай, крытычна важна не дапусціць, каб калі адпусцяць кагосьці аднаго, не бралі ў закладнікі новых двух, але менавіта так зараз адбываецца:

«Трэба паслядоўна патрабаваць вызвалення ўсіх. Але спыненне новых арыштаў і вызваленне хоць нейкай колькасці чалавек магло б стаць сігналам, што рэжым гатовы змяняць паводзіны і пачынаць дыялог».

Абраная прэзідэнтка падкрэсліла, што для яе і яе каманды вызваленне палітзняволеных было і застаецца прыярытэтам, і яна гатова пачуць усе канкрэтныя прапановы аб тым, як менавіта гэта зрабіць. «Я адкрыта да грамадскага абмеркавання гэтага пытання, каб мы разам пагадзіліся або аспрэчылі прапанаваны план», – сказала яна.

У Беларусі на 25 снежня палітвязнямі прызнаныя 1442 чалавекі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў