Беларускія песні ў касцёле Батумі, 12 страваў паводле рэцэптаў бабулі: Каляды ў Грузіі


Беларусы ў эміграцыі імкнуцца захоўваць свае традыцыі і тоеснасць. Асабліва гэта важна і адначасова няпроста ў краінах з культураю, далёкай ад беларускай. Пра гэта кажуць беларусы Батумі, якія сёлета сабраліся разам, каб адсвяткаваць Божае Нараджэнне. Яны не толькі зладзілі супольную вячэру, але і дамагліся, каб у мясцовым касцёле загучалі беларускія калядкі. Распавядаем, як гэта было.

У касцёле ў Батумі.
Фота: Белсат

«Гатавалі, як некалі мая бабуля рабіла. Рэцэпты старыя, беларускія»

Увечары 24 снежня беларусы Батумі сабраліся ў прасторы «аКсяродак» на вігілійную вячэру. На стале, як і мае быць, – 12 посных страваў, запаленыя свечкі. На сцяне вісіць традыцыйная калядная зорка. Перад пачаткам вячэры – супольная малітва. Распачалі Вігілію куццёю з панцаку. Далей можна было пачаставацца грыбною поліўкаю, запечанаю рыбаю, буракамі, бульбаю з грыбамі, на салодкае – макавая поліўка з галушкамі.

Пра прыгатаванне гэтых страваў і ўвогуле пра захаванне калядных традыцыяў за мяжою размаўляем за вігілійным сталом з дзвюма беларускамі – каталічкамі з Менску.

«У Менску я актыўна брала ўдзел у касцельным жыцці: у катэдры шлюб брала, у пілігрымкі ў Будслаў хадзіла. А цяпер ужо другі год жыву ў Батумі і адпаведна другі раз святкую тут Каляды, – распавядае Таццяна (імя змененае на жаданне суразмоўцы). – Але летась усё было больш сціпла, было менш людзей. Сёлета нашмат болей прыехала, пасля пачатку вайны ва Украіне. А яшчэ раней не было такой прасторы – «аКсяродак», як цяпер, дзе збіраецца шмат беларусаў».

Калядная кампазіцыя на вігілійным стале беларусаў Батумі.
Фота: Белсат

На вігілійны стол Таццяна разам з яшчэ адною беларускаю прыгатавалі 12 традыцыйных страваў:

«Мы гатавалі, як яшчэ мая бабуля некалі рабіла: поліўку з маку, грыбную, куццю з панцаку, запякалі рыбу. Рэцэпты ўсе старыя, беларускія».

«Разам святкуем і праваслаўныя, і каталіцкія святы»

Таццяна падкрэслівае, што святкаваць Божае Нараджэнне і спяваць калядкі сабраліся як каталікі, гэтак і праваслаўныя:

«Мы тут не падзяляемся: разам святкуем і каталіцкія, і праваслаўныя святы. А ўпершыню, напэўна, сабраліся яшчэ ўлетку, калі ў Батумі была перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай. Мы тады далучыліся да святкаванняў і спявалі ў мясцовым касцёле беларускія песні. Так распачаўся наш Спеўны сход».

У батумскім касцёле падтрымалі ініцыятыву беларусаў і ўсцешыліся іхнаму жаданню браць удзел у мясцовым каталіцкім жыцці.

«Рэч у тым, што ў Батумі і ўвогуле ў Аджарыі вельмі мала каталікоў. У батумскі касцёл агулам ходзяць каля 50 чалавек, напэўна, – распавядае Таццяна. – Моладзі тут амаль няма, каталіцызм увогуле адмірае. Тут большасць – праваслаўныя і мусульмане. Таму каталікі толькі вітаюць нашае жаданне спяваць і нешта ладзіць у касцёле».

Служба на Вігілію Божага Нараджэння ў касцёле ў Батумі.
Фота: Белсат

Да размовы далучаецца Кацярына (імя таксама змененае) і распавядае аб працы дабрачыннай каталіцкай арганізацыі «Карытас» у Батумі:

«У іх тут ёсць дом для бесхацінцаў і праект працы з залежнымі людзьмі. Ім вельмі патрэбныя валанцёры: магчыма, буду працаваць у гэтым кірунку».

Грузінскія каталіцкія традыцыі адрозніваюцца ад беларускіх

Колькасць беларусаў, якія ходзяць у батумскі касцёл, бывае рознай у залежнасці ад сезону, зазначаюць нашыя суразмоўцы. У нядзелі бывае ад 2-3 да 10 чалавек, больш – улетку і ў святы. Прыходзяць таксама каталікі з Расеі, таму адно з чытанняў падчас нядзельнай (і адзінай на ўвесь тыдзень у мясцовым касцёле) імшы – на расейскай мове.

«Улетку таксама па-польску чытаюць, бо тут шмат палякаў адпачываюць. Можна было б зладзіць і беларускае, калі б больш беларусаў прыходзіла, – зазначае Кацярына. – Але пакуль па-расейску, бо расейскую тут зразумеюць усе, у тым ліку і грузіны».

Служба на Вігілію Божага Нараджэння ў касцёле ў Батумі.
Фота: Белсат

Жанчыны зазначаюць, што ў Грузіі ім вельмі не стае традыцыйнага касцельнага жыцця, якое было ў Беларусі. У Батумі – адзін невялікі касцёл, службы толькі ў нядзелі. Тут няма сталага ксяндза – ён прыязджае з Кутаісі. Ёсць цяжкасці з тым, каб схадзіць на споведзь: святар, якія прыязджае ў Батумі, – італьянец, размаўляе па-грузінску, крыху па-англійску, па-расейску ведае пару словаў. Таму на споведзь даводзіцца ездзіць у Тбілісі да расейска- ці польскамоўных ксяндзоў. Акрамя таго, грузінскія традыцыі адрозніваюцца ад беларускіх.

«Яшчэ летась вельмі збянтэжыла, што тут на Божае Нараджэнне не ламаюць аплатак. Іх тут не выпякаюць, і нас у касцёле нават не зразумелі, калі мы пыталіся пра іх. Сёлета нам прывезлі аплаткі з Вільні, – кажа Таццяна. – Тут увогуле шмат што інакш. У час адвэнту не было раратніх службаў. Падчас Вялікага посту няма Крыжовага шляху. На Вялікдзень тут не асвячаюць страваў: мы прасілі адмыслова ксяндза, каб нам асвяціў».

«Хрыстус радзіўся» і «Маці Будслаўская» ў батумскім касцёле

У касцёле ў Батумі.
Фота: Белсат

Каб нават на чужыне адчуваць сувязь з роднаю зямлёю, беларускі глядзяць трансляцыі службаў з менскіх касцёлаў.

«Раней з Чырвонага касцёлу глядзелі, але цяпер і гэтага няма. З катэдры глядзім трансляцыі», – кажа Таццяна.

На пытанне, чаго хацелася б у Божае Нараджэнне пажадаць сабе і ўсім беларусам, Кацярына кажа: Божага валадарства на беларускай зямлі, а не чалавечага.

«Каб мы былі вольнымі, каб мелі магчымасць хадзіць да касцёлу на радзіме. Каб сем’і былі разам, не падзеленыя, асабліва ў такія вялікія святы, як Божае Нараджэнне», – дадае Таццяна.

У касцёле ў Батумі.
Фота: Белсат

Пасля вігілійнай вячэры беларусы ўсе разам пайшлі ў касцёл, дзе падчас імшы спявалі традыцыйныя калядкі – «Ціхую ноч», «А ўчора з вячора». Таксама першае чытанне было па-беларуску. Пасля службы беларускі Спеўны сход асобна выканаў некалькі песень: гэтак у батумскім касцёле загучалі «Хрыстус радзіўся» і «Маці Будслаўская».

25 снежня, беспасярэдне ў свята Божага Нараджэння, у касцёле ў Батумі службы не было. Беларусы ж у гэты дзень пайшлі калядаваць.

Hавiны
«Хацелася мець месца, дзе можна чуць беларускую мову». Беларуска адкрыла ў Батумі культурніцкую прастору
2022.09.27 12:15

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў