Прэзідэнт Паўднёвай Карэі памілаваў былую прэзідэнтку, асуджаную за карупцыю


Пак Кын Хе ў 2017 годзе знялі з пасады праз імпічмент, а ў 2018-м асудзілі за карупцыю на 30 гадоў турмы і вялізны штраф.

Пак Кын Хе выступае на «Statesmen’s Forum». 15 кастрычніка 2015 года.
Фота: Center for Strategic & International Studies / Flickr, CC BY-NC-SA 2.0

Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін памілаваў колішнюю прэзідэнтку Пак Кын Хе, якая адбывала 22-гадовае зняволенне, піша BBC.

Сёлета зняволеную тройчы шпіталізавалі праз хранічныя болі ў плячы і паясніцы – яе ўключылі ў спіс на амністыю праз слабое здароўе. Раней дзейны прэзідэнт казаў, што не дапусціць ейнага датэрміновага выхаду з няволі, але з невядомай прычыны перадумаў.

Таксама ў межах амністыі вызвалілі колішнюю прэм’ерку Хак Мён Сук, якая адбывала двухгадовы тэрмін за хабар.

Быць прэзідэнтам Паўднёвай Карэі небяспечна

Пак Кын Хе была выбраная 11-й прэзідэнткай Рэспублікі Карэя ў 2012 годзе. У 2016-м разгарэўся скандал: выявілася, што сябры дыктавалі ёй палітычныя рашэнні і мелі доступ да сакрэтных дакументаў, у ліку тых сяброў – дачка заснавальніка рэлігійнай секты Чхве Сун Сіль, шаманы і гадалкі. У 2017 годзе яе знялі з пасады праз імпічмент і арыштавалі, у 2018-м прызналі вінаватай у карупцыі, растраце дзяржаўных сродкаў, умяшальнітцве ў парламенцкія выбары і злоўжыванні паўнамоцтвамі, асудзілі на 32 гады зняволення і штраф у $ 16,8 млн. Пазней тэрмін зменшылі да 25 гадоў, потым – да 20 гадоў, але штраф вырас да $ 17,8 млн.

Пак Кын Хе – першая прэзідэнтка Паўднёвай Карэі, знятая з пасады праз імпічмент. Але ў ейных папярэднікаў на пасадзе таксама быў няпросты лёс.

Hавiны
Лукашэнка хоча сысці па-казахску
2021.11.13 17:34

Лі Мён Бак, які быў 10-м прэзідэнтам, у 2018 годзе быў прызнаны вінаватым у хабары, растраце і злоўжываннем улады, асуджаны на 17 гадоў зняволення і штраф у $ 21,7 млн (яго вызвалялі праз кепскі стан здароўя ў 2019 годзе, але вярнулі за краты ў 2020-м).

Ягонаму папярэдніку, 9-му прэзідэнту Но Му Хёну парламент абвясціў імпічмент за незаконную агітацыю на парламенцкіх выбарах, але працэдуру скасаваў Канстытуцыйны суд. Ён скончыў жыццё самагубствам у 2009 годзе – пасля абвінавачванняў у атрыманні хабару.

6-ы прэзідэнт і пераможца першых дэмакратычных выбараў Ро Дэ У пасля адстаўкі, у 1996 годзе быў асуджаны на 22 з паловай года зняволення за незаконнае атрыманне сотняў мільёнаў долараў хабару падчас прэзідэнцтва і за здраду дзяржаве і захоп улады. Тады ж 5-га прэзідэнта Чон Ду Хвана асудзілі на смяротнае пакаранне за жорсткае здушэнне паўстання 1980 года, у якім былі забітыя сотні, калі не тысячы пратэстоўцаў, за іншыя забойствы і за захоп улады ў папярэдняга прэзідэнта. Абодвух у 1997 годзе памілаваў наступны прэзідэнт.

Трэці прэзідэнт Пак Чон Хі быў забіты дырэктарам Карэйскага Цэнтральнага выведнага ўпраўлення. Другога прэзідэнта Юн Бо Сона неаднаразова арыштоўвалі за «антыўрадавую дзейнасць» пасля таго, як яго скінуў з пасады трэці. А першы прэзідэнт Лі Сын Ман кіраваў Паўднёвай Карэяй з 1948 года да рэвалюцыі 1960-га, пасля якой падаў у адстаўку і зляцеў у выгнанне.

Аб’ектыў
У якіх умовах адбываўся дзяржаўны пераварот 20 гадоў таму
2016.11.24 22:05

АА belsat.eu

Стужка навінаў