Падмаскоўнае медыя паведаміла пра падарунак Жодзіна расейскім вайскоўцам – усюдыход


Выданне «Родники» з падмаскоўных Мыцішчаў паведаміла, што расейскім вайскоўцам, якія ваююць ва Украіне, перадалі падарунак ад «беларускага гораду-пабраціма Жодзіна» – усюдыход «Нива». «Мы не толькі разам адзначаем дні нашых гарадоў, але і дапамагаем адно аднаму», – заявіла кіраўніца мясцовай адміністрацыі Юлія Купецкая.

Расейскія вайскоўцы з аўтамабілем «Нива», падораным Жодзінам.
Фота: Юлия Купецкая / Telegram

Кіраўніца адміністрацыі падмаскоўных Мыцішчаў Юлія Купецкая прывезла дапамогу ў «зону спецаперацыі», як вайну ва Украіне называюць у Расеі. Чыноўніца наведала фармаванні, дзе ваююць мабілізаваныя з ейнага гораду.

У прыватнасці 180-ы дэсантна-штурмавы полк атрымаў «ад нашага беларускага гораду-пабраціма Жодзіна» усюдыход «Нива», піша выданне «Родники».

«Сяброўства з Жодзінам нас звязвае даўно. Мы не толькі разам адзначаем дні нашых гарадоў, але і дапамагаем адно аднаму. Асабліва цяпер, калі Расея вядзе барацьбу з неафашызмам у зоне СВА», – заявіла Купецкая.

«Дзякуем братэрскаму беларускаму народу за падораную «Ниву», – сказаў вайсковец у балаклаве на відэа, якое чыноўніца апублікавала ў сваім тэлеграм-канале.

Гэты аўтамабіль у верасні перадалі ўладам Мыцішчаў старшыня Жодзінскага гарадскога выканкаму Дзмітрый Забалоцкі і дырэктар жодзінскай кампаніі «БАЗт’юб» Аляксандр Шчурок. Гэты завод – частка холдынгу БАЗ і вырабляе сталёвыя трубы.

Дырэктар жодзінскага заводу «БАЗт’юб» Аляксандр Шчурок.
Фота: mlyn.by

Як пісаў раней «Белсат», у Беларусі дзеіць шэраг ініцыятываў, якія збіраюць дапамогу расейскай арміі ды жыхарам акупаваных тэрыторыяў. Бадай, самы вядомы памагаты – менскі Свята-Елісавецінскі манастыр. Там збіраюць расейскім жаўнерам грошы, медыкаменты, адзенне і абутак, а таксама лісты падтрымання (лісты падпісваюць «Дорогому солдату из Белой Руси» або «Дорогому солдату из Белоруссии»).

Аналітыка
Ад манашак да былога амапаўца. Якія ініцыятывы ў Беларусі дапамагаюць расейскай агрэсіі
2023.02.07 07:16

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў