Сейм Латвіі выключыў згадку грамадзянаў Беларусі з праекту закона аб дарожным руху


На мінулым тыдні прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька і Віталь Малчанаў сустракаліся з групай «За дэмакратычную Беларусь» у Сейме Латвіі. Вынікам сустрэчы стала рашэнне Камісіі па народнай гаспадарцы Сейма Латвіі выключыць з «чорнага спісу» аўтамабілі з беларускімі нумарамі, паведамляюць у Офісе Ціханоўскай.

Прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька і Віталь Малчанаў сустракаліся з групай «За дэмакратычную Беларусь» у Сейме Латвіі. Крыніца: parlamentbel / Telegram

«Падчас сустрэчы ў Сейме Латвіі мы знайшлі патрэбныя словы і аргументы, якія пераканалі дэпутатаў выключыць згадку грамадзянаў Беларусі з праекту закона аб дарожным руху. На пасяджэнні Камісіі гэтая папраўка атрымала падтрымку і цяпер мы можам выключыць гэта пытанне са спісу праблемаў беларусаў у Латвіі», – паведаміў Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы.

Таксама ён падкрэсліў важнасць стварэння групаў «За дэмакратычную Беларусь» у нацыянальных Парламентах, бо з іх дапамогай можна вырашаць праблемы беларусаў замежжа.

У верасні паведамлялася, што Міністэрства юстыцыі Латвіі рыхтуе законапраект, згодна з якім хацелі забараніць перабыванне транспарту з беларускімі і расейскімі нумарамі на тэрыторыі краіны. Калі б гэтыя папраўкі прынялі, то аўтамабілі з беларускімі нумарамі неабходна было тэрмінова перарэгістраваць або вывезці з краіны, у адваротным выпадку іх маглі адбіраць у ўладальнікаў «на карысць Украіны».

Hавiны
Латвія можа забараніць аўтамабілям з беларускімі і расейскімі нумарамі заставацца ў краіне
2023.09.22 16:45

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў