Беларусь і Расея падрыхтуюць новы пакет праграмаў у справе інтэграцыі


Беларусь і Расея плануюць сфармаваць новы пакет інтэграцыйных праграмаў, заявіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, перадае БелТА. Амаль год таму, у лістападзе 2021-га, былі зацверджаныя папярэднія 28 саюзных праграмаў аб інтэграцыі.

Дзмітрый Мезенцаў. Фота council.gov.ru

«Кіраўнікі ўрадаў і віцэ-прэм’еры, якія куруюць, адзначалі, што этапы працы над праграмамі адпавядаюць графіку, закладзенаму на этапе падпісання. Мы гаворым аб практычна 50 % выканання гэтых праграмаў. Ужо пачынаецца папярэдняя праца ў фармаванні тых прапановаў, што лягуць у аснову пакету з новых праграмаў Саюзнай дзяржавы», – адзначыў Дзмітрый Мезенцаў.

Паводле Мезенава, новыя саюзныя праграмы ў справе інтэграцыі могуць пачаць працаваць з 2024 года. У ліпені Уладзімір Пуцін таксама казаў пра новыя саюзныя дамовы: «Ужо цяпер вярстаюцца новыя саюзныя праграмы на наступны 3-гадовы перыяд, пачынаючы з 2024 года».

Зацверджаныя ў лістападзе 2021-га саюзныя праграмы прадугледжваюць прывядзенне да адзінай сістэмы заканадаўства Беларусі і Расеі ў розных галінах эканомікі. Таксама прадугледжаная пабудова адзіных фінансавых і энергетычных рынкаў, транспартавай прасторы, фармаванне агульнай прамысловай і сельскагаспадарчай палітыкі, збліжэнне падатковых і мытных нормаў.

Аналітыка
Якое месца займае Беларусь у геапалітычных планах Пуціна?
2022.08.26 17:25

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў