Офіс Святланы Ціханоўскай распрацаваў канцэпцыю кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным


Офіс Святланы Ціханоўскай распрацаваў канцэпцыю, як кампенсаваць шкоду асобам, рэпрэсаваным у перыяд рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, і не дапусціць паўтарэння сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затрыманне Сцяпана Латыпава.
Фота: Tut.by

Над канцэпцыяй разам з Офісам працавалі беларускія праваабарончыя арганізацыі, НДА, юрысты і былыя адвакаты, адзначаецца ў паведамленні на сайце Святланы Ціханоўскай.

Гэта ўжо другі дакумент, распрацаваны для аднаўлення справядлівасці ў транзітны перыяд, які чакае Беларусь пасля падзення рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Першай распрацоўкай стаў Акт аб рэабілітацыі, у якім прапісаны механізм «як вызваліць людзей на працягу двух дзён» і згодна з якім на волю змогуць выйсці «асуджаныя паводле палітычных адміністратыўных і крымінальных справаў з 8 траўня 2020 года», у ім жа прадугледжвалася кампенсацыя выплачаных штрафаў.

Новая канцэпцыя прапаноўвае больш шырокія захады для кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным.

«Канцэпцыя – не проста крок да справядлівасці, але падмурак новай юрыдычнай сістэмы, у якой правы і свабоды грамадзянаў будуць паважацца і абараняцца», – гаворыцца на сайце Святланы Ціханоўскай.

Як адзначаюць аўтары канцэпцыі, яе мэта – аднаўленне справядлівасці для тых, хто сутыкнуўся з рэпрэсіямі і парушэннямі правоў чалавека падчас праўлення Лукашэнкі, пачынаючы з 20 ліпеня 1994 года. Дакументам прадугледжаныя кампенсацыя шкоды пацярпелым (грашовыя выплаты або льготы) і аднаўленне іх у правах.

Канцэпцыя распісвае механізм вызвалення палітычных зняволеных у транзітны перыяд і забеспячэнне справядлівага правасуддзя. У яе аснове ляжыць прызнанне статусу невінаватасці рэпрэсаваных асобаў, на які могуць прэтэндаваць не толькі незаконна асуджаныя і прызнаныя палітычнымі зняволенымі, але і тыя, хто прайшоў праз катаванні, пазбаўленне прафесійнай дзейнасці.

Свае прапановы для ўдасканалення канцэпцыі кожны ахвочы можа пакідаць праз электронную пошту transitionaljustice@tsikhanouskaya.org, з дапамогай тэлеграм-бота @AskOffice_Bot або праз запаўненне адмысловай формы. Офіс Святланы Ціханоўскай нагадвае: калі вы ў Беларусі, калі ласка, выкарыстоўвайце VPN і дбайце пра сваю камп’ютарную бяспеку.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў