Дзмітрый Пяскоў: вынікаў экспертызы, якія б пацвярджалі гібель Прыгожына, пакуль няма


Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што пацвердзіць факт гібелі заснавальніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына можна будзе толькі па выніках экспертызы, у тым ліку генетычнай, але іх пакуль няма, піша ТАСС. Таксама невядомыя прычыны авіякатастрофы.

Яўгеній Прыгожын. Скрыншот з відэа grey_zone / Telegram

Паводле Дзмітрыя Пяскова, калі вынікі ўсіх неабходных экспертызаў будуць гатовыя, яны будуць апублікаваныя. Пакуль жа пацвердзіць факт гібелі Прыгожына немагчыма.

Невядомымі застаюцца прычыны катастрофы самалёта, на якім, імаверна, ляцеў Прыгожын. Пяскоў заявіў, што сцвярджэнні, што Крэмль нібыта можа мець дачыненне да авіякатастрофы, – гэта «абсалютная хлусня» і «спекуляцыі Захаду».

Hавiны
Пуцін выказаўся пра смерць Прыгожына
2023.08.24 21:59

Пяскоў таксама назваў заўчасным пытанне, ці зможа Пуцін прысутнічаць на пахаванні Прыгожына, калі ягоная гібель пацвердзіцца.

«Пакуль невядома. Рэч у тым, што мы пакуль не ведаем з вамі, наколькі працяглымі будуць неабходныя экспертызы і неабходныя дзеянні, звязаныя са следствам. Таму цяпер, калі няма ніякіх датаў пахавання і гэтак далей, казаць пра гэта ўвогуле немагчыма», – сказаў Пяскоў і дадаў, што «ў прэзідэнта даволі насычаны працоўны графік».

Бізнес-джэт Прыгожына «Embraer Legacy RA-02795», які ляцеў з Масквы ў Санкт-Пецярбург, разбіўся ўвечары 23 жніўня ў Цвярской вобласці. На борце, імаверна, былі кіраўнік ПВК Вагнэра і камандзір Дзмітрый Уткін, а таксама іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва вагнэраўцаў. Усяго на рэйсе было 10 чалавек: сем пасажыраў і трое чальцоў экіпажу. Усе загінулі.

Hавiны
Пэнтагон лічыць, што Прыгожын насамрэч загінуў
2023.08.25 08:58

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў