Вагнэраўцаў павінны баяцца беларусы, а не палякі

Уварванне ў краіну – сябра NATO для расейскіх наймітаў было б самагубствам. Але «экскурсія» ў Менск можа быць цалкам магчымаю.

ПВК Вагнэра. Крыніца: slovoidilo.ua

Аляксандр Лукашэнка паехаў у Расею, каб распавесці Пуціну, што вагнэраўцы просяцца «на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў». А яшчэ і мапу прывёз, на якой пазначыў пазіцыі польскага войска каля мяжы з Беларуссю. Пуцін з усім пагаджаецца і маўчыць, бо ведае сцэнар, у якім Лукашэнка грае адведзеную яму ролю. Цалкам падпарадкаваны Маскве дыктатар ужо даўно ўдзельнічае ў інфармацыйнай вайне Крамля супраць Захаду, а ў прыватнасці супраць Польшчы і краінаў Балтыі. Падымаецца інфармацыйны шум, уводзяцца ў зман сусветныя СМІ. А «аналітычныя цэнтры» з сурʼёзнымі назвамі (якія мы пачулі пасля 24 лютага 2022 года) пачынаюць аналізаваць апошнія выказванні Лукашэнкі і Пуціна, вайсковы патэнцыял вагнэраўцаў. Насамрэч усё нашмат прасцей.

Польшча не бананавая рэспубліка, дзе вагнэраўцы прывыклі змагацца са слаба ўзброенымі і непадрыхтаванымі групоўкамі недзе ў Афрыцы ці на Блізкім Усходзе. Колькі дзён бралі Бахмут і колькі расейскіх наймітаў там загінула? Відавочна ж, што ўкраінская армія разбіла б іх цалкам, каб Прыгожын не вывеў іх у Расею. А цяпер уявіце, што вагнэраўцы пераходзяць польскую мяжу. На Падляшшы іх прывітаюць знішчальнікі F-16 і F-35 (зʼявяцца ў польскім небе ўжо ў наступным годзе). І гэта толькі пачатак. Далей вагнэраўцы сустрэнуцца з узброенымі сіламі Польшчы, які налічваюць ужо больш за 175 тыс. жаўнераў (і каля 1,7 млн рэзервістаў). Акрамя таго, на тэрыторыі Польшчы ў розных месцах стаяць больш за 12 тыс. жаўнераў NATO (найбольш сярод іх амерыканцаў). Варшава задзейнічае артыкул 5 Паўночнаатлантычнага дагавору, і другога шанцу Лукашэнка ўжо не атрымае. Беларускі дыктатар добра ведае, што вайну з NATO ён можа распачаць толькі раз. Разумее гэта і Пуцін. Дык навошта гэты цырк з мапамі і расповедамі пра вагнэраўцаў, якія «рвуцца ў Варшаву і Жэшаў»? Ідзе інфармацыйная вайна, і ў Маскве хочуць, каб палякі асцерагаліся агрэсіі з Беларусі, пераключалі сваю ўвагу з падтрымання Украіны на ўмацаванне ўласных усходніх межаў. Варшава рэагуе стрымана, але стварае вайсковую адзінку каля сувальскага калідору (сапёраў) і высылае на Падляшша тысячу жаўнераў і 200 адзінак вайсковай тэхнікі. У Польшчы ведаюць сапраўдны патэнцыял расейскіх наймітаў, таму ўлады не перабольшваюць з ацэнкай пагрозаў. Акрамя таго, за перамяшчэннем вайскоўцаў у Беларусі (а цяпер і вагнэраўцаў) у NATO назіраюць «у жывым эфіры».

Небяспеку найміты сапраўды ствараюць, але не для Польшчы ці краінаў Балтыі. Выглядае на тое, што іхная прысутнасць – гэта чарговы, вышэйшы этап стварэння Саюзнай дзяржавы. У адпаведны для Масквы момант яны зʼявяцца ў адпаведным месцы. А да таго моманту стануць самай арганізаванай, узброенай і непрадказальнай сілай у краіне, не падпарадкаванай Лукашэнку. Іхная інтэграцыя з беларускай арміяй ужо трывае, а Міністэрства абароны стварае ім пазітыўны імідж «першакласных спецыялістаў». Калі б заўтра ў Менску пачаліся нейкія палітычныя турбуленцыі, менавіта яны вызначалі б лёс беларусаў. І вось гэта сапраўдная, а не міфічная небяспека. Для Польшчы, бо мяжа з Расеяй можа павялічыцца на 418 кіламетраў. Для Еўропы, на мапе якой зʼявяцца чарговыя «акупаваныя тэрыторыі».

Каментар
Рыгор Ніжнікаў: сумесная з Пуціным паездка на Валаам – гэта ўзнагарода для Лукашэнкі за агучванне тэзаў Крамля
2023.07.25 08:00

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў