Колішні банк кашалька Лукашэнкі вырашылі канчаткова закрыць


Акцыянеры вырашылі закрыць крэдытна-фінансавую арганізацыю «ОпціКурс», якая ўзнікла трохі больш года таму на месцы «Абсалютбанка», што патрапіў пад амерыканскія санкцыі як актыў бізнесоўца Мікалая Варабʼя – «энергетычнага кашалька» Лукашэнкі.

Мікалай Верабей. Фото: TUT.by

24 ліпеня адбыўся пазачарговы сход акцыянераў нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі (НКФА) «ОптыКурс», праведзены па ініцыятыве Савету назіральнікаў на падставе рашэння Нацбанку РБ. На сходзе прынятае рашэнне аб ліквідацыі НКФА і аб спыненні банкаўскай дзейнасці. На сайце арганізацыі афіцыйная інфармацыя на момант падрыхтоўкі матэрыялу апублікаваная не была, аднак звесткі аб прынятым рашэнні ў кантакт-цэнтры установы пацвердзілі выданню «Зеркало».

Па пытаннях пагашэння крэдытаў  і выканання іншых узаемных абавязкаў кліентам «ОптыКурс» раяць камунікаваць з новым уласнікам, але хто ён – пакуль невядома.

Правядзенню сходу акцыянераў папярэднічала заява 5 ліпеня 2023, у якой «ОптыКурс» паведаміла, што з гэтай даты пагашэнне раней выдадзеных крэдытаў можна зрабіць толькі праз АРІП, аддзяленні «Белпошты ці безнаяўным плацяжом праз іншыя банкі. Таксама абʼяўлялася аб прыпыненні працы разлікова-касавага цэнтру на праспекце Незалежнасці, 95 у Менску (былы галоўны офіс «Абсалютбанку»).

5 ліпеня 2022 года «Абсалютбанк» абʼявіў аб змене назвы на «ОптыКурс» і пераўтварэнні з банку і не банкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю з магчымасцю аказання некаторых банкаўскіх паслуг.

Паводле публікацыяў на сайце арганізацыі заўважна, што цягам года пасля стварэння НКФА адбылося паступовае закрыццё ўсіх аддзяленняў арганізацыі, скараціўся да мінімуму і спіс аперацыяў, дасяжных для кліентаў.

Нагадаем, што фінал «Абсалютбанку» пачаўся 9 жніўня 2021 года, калі ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні кампаніяў Мікалая Варабʼя, Аляксея Алексіна, Нябойша Карыча. У тлумачальнай запісцы да санкцыйнага спісу гэтых бізнесоўцаў называюць «кашалькамі Лукашэнкі» – энергетычным, тытунёвым і будаўнічым адпаведна. Санкцыі былі ўведзены ў дачыненні кампаній, звязаных з «кашалькамі», сярод якіх – «Абсалютбанк», «Энерго-Оил» (сетка крамаў «Табакерка»), «Дана Холдынгс» і іншыя.

Ужо праз 10 дзён пасля ўвядзення санкцыяў «Абсалютбанк» спыніў аперацыі ў валюце.

Санкцыі да кампаніяў Варабʼя і іншых «кашалькоў» былі ўведзены за падтрымку рэжыму, які ўчыніў жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў 2020 года. Санкцыям супраць кампаніяў папярэднічалі персанальныя санкцыі, уведзеныя супраць лукашэнкаўскіх алігархаў у снежні 2020 года. «Белсат» тады даволі падрабязна расследаваў дзейнасць Варабʼя.

Расследaванні
Бізнес на Мальце, сямейныя актывы ў Аўстрыі і санкцыйны манеўр. Распавядаем пра алігарха Вараб’я
2020.12.24 07:00

Пасля снежаньскіх санкцыяў 2020 года Мікалай Верабей, як і іншыя паплечнікі Лукашэнкі, вырашыў вывесці свае актывы з-пад санкцыйнага ціску, проста перапісаўшы іх на іншых асобаў. Так, Верабей напрыканцы 2020 года перапісаў свой базавы актыў – «Чырвоны Бор» – на Алесю БеражнуюВячаслава Атрахімовіча ды Ірыну Панкратаву.

Беражная і Атрахімовіч – топ-менеджары алігарха, займалі тады пасады дырэктаркі і галоўнага бухгалтара кампаніі «Інтэрсэрвіс». Панкратава ў пачатку 2010-х была індывідуальнай прадпрымальніцай у Наваполацку.

«Чырвоны Бор» быў 100-адсоткавым ўласнікам найбуйнейшага прыватнага беларускага нафтатрэйдару кампаніі «Інтэрсэвіс», а ўжо на «Інтэрсэрвіс» было запісана 99,94 % «Абсалютбанку», 100 % Нафтабітумнага заводу і 75 % спецэкспарцёра нафтапрадуктаў – Новай нафтавай кампаніі. Такім чынам, выйшаўшы са складу ўласнікаў «Чырвонага Бору», Верабей на пэўны час вывеў з-пад санкцыяў свае асноўныя актывы ў галіне нафтагандлю і банкаўскай сферы.

Аднак схема з перапісваннем актываў перастала працаваць летам 2021 года, калі ЕЗ і ЗША пачалі ўводзіць санкцыі супраць канкрэтных кампаніяў Вараб’я. Праз два гады пасля ўвядзення гэтых санкцыяў банк паплечніка Лукашэнкі фактычна перастаў існаваць.

Hавiны
«Горадня Азот» абыходзіць еўрапейскія санкцыі
2023.02.20 20:49

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў