Байдэн афіцыйна абвесціў, што будзе балатавацца на другі тэрмін


Цяперашні прэзідэнт ЗША Джо Байдэн афіцыйна аб’явіў, што будзе вылучаць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах у 2024 годзе.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падчас візіту ў Варшаву, Польшча. 21 лютага 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«У кожнага пакалення бываюць моманты, калі ім даводзіцца адстойваць дэмакратыю, каб адстойваць свае асноўныя свабоды. Я веру, што гэта наш момант. Вось чаму я балатуюся на пераабранне на пасаду прэзідэнта ЗША. Далучайцеся да нас. Давайце завершым працу», – такі пост з’явіўся ў ягоным акаўнце ў Twitter.

Нагадаем, у студзені 2022 года дзейны прэзідэнт Джо Байдэн заявіў аб намеры балатавацца на другі тэрмін. На момант выбараў яму будзе амаль 82 гады.

На пачатку красавіка пляменнік Джона Кенэдзі, 35-га прэзідэнта ЗША, Робэрт Кенэдзі – малодшы падаў заяўку на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах у 2024 годзе ў якасці кандыдата ад дэмакратычнай партыі. Ён стаў другім зарэгістраваным кандыдатам ад дэмакратаў. Ад дэмакратычнай партыі таксама вылучылася пісьменніца Мар’яна Ўільямсан і, як цяпер стала вядома, Джо Байдэн.

Ад рэспубліканцаў аб сваім намеры балатавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы аб’явілі экс-прэзідэнт ЗША Доналд Трамп, былая губернатарка Паўднёвай Караліны Нікі Гэйлі, прадпрымальнік Вівэк Рамасвамі і губернатар штату Флорыда Рон Дэсантыс.

Чарговыя прэзідэнцкія выбары ў ЗША запланаваныя на 5 лістапада 2024 года. Яны стануць 60-мі прэзідэнцкімі выбарамі ў гісторыі краіны, на якіх можа быць абраны 47-мы прэзідэнт ЗША (у выпадку, калі 46-ты прэзідэнт Джо Байдэн прайграе выбары). Інаўгурацыя абранага прэзідэнта запланаваная на 20 студзеня 2025 года.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў