Справа «аналітыкаў Ціханоўскай» і ціск на родных палітвязняў. Рэпрэсіі 25 студзеня


У Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі, у тым ліку супраць былых палітвязняў і родных палітвязняў. Таксама сілавікі ўзяліся за экспертную супольнасць. «Белсат» працягвае фіксаваць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ведомости

У Гомлі судзяць работніка, які адзін спыніў цэх свайго заводу. Пра гэта паведамляе «Флагшток». На Івана Памесячнага, які працаваў на ААТ «Гомельскі завод пускавых рухавікоў», завялі крымінальную справу. Яго вінавацяць у знішчэнні, блакаванні або мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі, якія прывялі да цяжкіх наступстваў. Мужчыне пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

У Смаргоні за падпіску ў «Instagram» на выданне «Tribuna» арыштавалі дырэктара спартыўнай школы па футболе ФК «Смаргонь» Дзяніса Лобана. Мужчыну пакаралі 7 соднямі арышту і канфіскавалі тэлефон. Паводле праваабаронцаў, справу разгледзелі 17 студзеня ў судзе Смаргонскага раёну. Мужчына прызнаў віну, што палічылі змякчальнай акалічнасцю.

У Дзяніса Лобана – двое дзяцей 17 і 14 гадоў. Ён узначаліў школу ў 2023 годзе.

Трэці раз запар арыштавалі ўдзельніка нафтанаўскай стачкі Аляксандра Ляшкова. Суддзя суда Наваполацку Зінаіда Балаболава пакарала яго 15 соднямі арышту нібыта за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Агулам мужчына пакараны 44 соднямі.

«Паводле рапарту міліцыянта з Наваполацкага ГАУС, Аляксандр быў зарэгістраваны ў мэсэнджары “Telegram” і ў чаце з назвай “ААТ «Нафтан» неабыякавых людзей” даслаў спасылку з відэахостынгу “Youtube” з назвай “Каардынацыйная рада”. Раней гэты рэсурс уключылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У судовым пасяджэнні мужчына віну не прызнаў», – паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

У Магілёве затрымалі 39-гадовага мясцовага жыхара, які сарваў чырвона-зялёны сцяг з будынку крамы. Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, нібыта затрыманы з яшчэ адным мужчынам працяглы час распівалі спіртныя напоі, а потым сарвалі сцяг на ўваходзе крамы.

Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу па артыкула 370 КК РБ (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

У Гомлі судзяць 47-гадовага галоўнага інжынера ААТ «Мілкавіта» Аляксандра Стругальскага. Яго абвінавачваюць у фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання.

Затрыманы саліст гурта «Мінімум Дыстанцыі», які вярнуўся дадому з Польшчы пасля заканчэння візы. На відэа, якія сілавікі знялі пад прымусам, ён «прызнаецца», што ўдзельнічаў у пратэстах.

КДБ дадаў у спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» яшчэ трох беларусаў. Сярод іх былы вайсковец Дзмітрый Гулін, 26-гадовы Павел Яраш і сталяр-станочнік Аляксандр Баравік. Цяпер у «спісе тэрарыстаў» 1166 чалавек.

А Следчы камітэт распачаў спецвядзенне ў дачыненні 20 «аналітыкаў Ціханоўскай». У гэты лік увайшлі Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандр Дабравольскі, Юрый Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык і Кацярына Шмаціна.

Каментар
«Аналітыкі Ціханоўскай». Ці закрыты гэта спіс?
2024.01.25 19:43

 

Паводле сілавікоў, гэтыя людзі «прымалі актыўны ўдзел у выпрацоўцы і рэалізацыі канцэпцыі дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, а таксама садзейнічалі ўзбуджэнню сацыяльнай варожасці і варажнечы ў грамадстве».

Працягваецца і ціск ў дачыненні да родных палітвязняў. Маці палітвязня Паўла Севярынца Таццяну Севярынец пакаралі штрафам у памеры 5400 рублёў нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «несанкцыянаванае пікетаванне». Жанчыну затрымалі 9 студзеня, пасля чаго яна трапіла ў лякарню з высокім ціскам.

Маці былога палітвязня з Гомля Іллі Міронава пакаралі штрафам, але невядома, паводле якога артыкула.

З пачатку новай моцнай хвалі рэпрэсіяў 23 студзеня пад рэпрэсіі трапілі мінімум 159 чалавек, падлічылі праваабаронцы «Вясны».

Hавiны
«BELPOL»: Лукашэнка падоўжыў на год тэрмін працы «камісіі вяртання»
2024.01.25 16:59

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў