Лукашэнка паляцеў у Эміраты і Зімбабвэ. Што ён там робіць і як часта лётае?


Аляксандр Лукашэнка ранкам 25 студзеня вылецеў з Менску ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, а затым плануе візіт у Зімбабвэ. І калі ў Зімбабвэ Лукашэнка пабывае ўпершыню, то ў Эміратах ён часты госць.

Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. 1 лістапада 2019 года.
Фота: president.gov.by

Якая афіцыйная супраца з Эміратамі і Зімбабвэ

У ААЭ Аляксандр Лукашэнка бываў у 2000, 2007, 2013, 2014, 2016, 2017 і 2019 гадах. Апошні візіт зацягнуўся на 10 дзён і, згодна з афіцыйным паведамленнем, быў спалучаны з адпачынкам. У Эміратах таксама не раз бывалі Віктар і Дзмітрый Лукашэнкі – сыны Аляксандра Лукашэнкі. Таксама Лукашэнка вазіў у Эміраты малодшага сына Мікалая.

Гандлёва-эканамічная супраца між Беларуссю і Эміратамі працягваецца, таваразварот імкліва расце, але аб’ёмы не самыя вялікія. Гандлёвы абарот за 2021 год (больш свежых звестак няма) склаў $ 79,9 млн, дзе $ 58,7 млн складаў беларускі экспарт (у асноўным прадукцыя нафтахіміі, грузавікі і харчы). Паводле аб’ёмаў экспарту з Беларусі, ААЭ былі на 35-м месцы – прыблізна столькі ж Беларусь экспартавала ў Швецыю ці Паўднёвую Карэю. Гандаль паслугамі таксама невялікі: у 2021 годзе аб’ём гандлю паслугамі склаў $ 211,5 млн, з якіх $ 164,5 млн прыпадалі на беларускі экспарт паслуг, у асноўным транспартавых. І Беларусь, паводле дзяржаўных выданняў, выкарыстоўвае Эміраты для продажу сваёй прадукцыі на Блізкі Усход і ў Афрыку.

Затое Эміраты абяцаюць значныя інвестыцыі. Гэтак, за пяць дзён да вылету Лукашэнка згадваў, што з ААЭ абяцалі інвестыцыі памерам $ 5 млрд у будаўніцтва комплексу «Паўночны бераг» каля Цнянскага вадасховішча ў Менску. Эміраты інвестуюць і ў іншыя будоўлі ў Беларусі.

Лукашэнка таксама зрабіў сумнеўную заяву пра тое, што асабіста ён «стаяў ля вытокаў працы эміратцаў у штучным інтэлекце», і адразу дадаў, што «там кітайскія навукоўцы, яны іх сабралі, грошай далі», але нібыта папрасілі асабіста яго дапамагчы.

Hавiны
Беларусам болей не патрэбная віза ў ААЭ
2020.12.18 19:45

У Зімбабвэ Лукашэнка раней не лятаў, але Менск двойчы наведваў дзейны кіраўнік Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа, дый мінулага кіраўніка, зрынутага дыктатара Робэрта Мугабэ, называлі сябрам Лукашэнкі. Аб’ёмы гандлю з Зімбабвэ яшчэ меншыя, чым з ААЭ: у 2021 годзе таваразварот склаў усяго $ 25 млн (Лукашэнка хацеў $ 1 млрд), з якіх $ 16,5 млн прыпадалі на беларускі экспарт. І калі Эміраты – адна з найбагацейшых краінаў свету, то Зімбабвэ далёка не самая багатая і высокаразвітая краіна Афрыкі. Палітычная вага Зімбабвэ на міжнароднай арэне таксама невысокая: краіну адносяць да такіх жа дыктатураў, як і беларускую, супраць Зімбабвэ ўведзеныя санкцыі краінаў Захаду.

А напраўду – Лукашэнка ляціць правяраць свой запас на чорны дзень ці проста «выгуляць боінг»?

У мінулым снежні прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе аднаўлення правапарадку Аляксандр Азараў расказваў «Белсату», што ў Эміратах захоўваюцца грошы Лукашэнкі і што «ягоны старэйшы сын заўсёды туды ездзіць і сочыць за гэтымі грашыма». Азараў звязваў планы на візіт у Эміраты з магчымай паразай Расеі ў вайне ва Украіне: калі гэта адбудзецца, Лукашэнку «трэба рыхтаваць шляхі адыходу».

У Зімбабвэ ж, адзначаў Азараў, паплечнік Лукашэнкі і колішні кіраўнік ягонымі справамі Віктар Шэйман займаецца здабычай золата. Звесткі пра гэта ўсплывалі ў тым ліку ў «Архіве Пандоры», пра сувязі атачэння Лукашэнкі з таемнай здабычай золата ў Зімбабвэ «Белсат» рабіў асобныя расследаванні.

Hавiны
Прыватны самалёт, Зінгман і ААЭ. Што застаецца за кадрам стасункаў Беларусі і Зімбабвэ?
2020.03.24 15:49

Палітычны аглядальнік праекту @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі сказаў «Белсату», што Лукашэнку наўрад ці трэба асабіста «памацаць рукамі свой залаты запас» – на такое можна было паслаць і кагосьці з падначаленых. Сапраўды, злыя языкі, як іранізуе Класкоўскі, кажуць, што ў Эміратах Лукашэнка трымае «запасы на чорны дзень».

Дый сітуацыя ў вайне ва Украіне яшчэ не такая, каб казаць, што расейскі рэжым хістаецца і цягне за сабой беларускі: пакуль ніводзін з бакоў не можа казаць пра стратэгічныя поспехі і перспектыву блізкай перамогі. У расейскага і беларускага рэжымаў, мяркуе Класкоўскі, яшчэ ёсць запас трываласці.

«Я думаю, што Лукашэнка ўсё ж такі не загараць туды едзе. У яго ўвогуле мала замежных візітаў, пераважна ён ці да Пуціна ў Расею лётае, ці на нейкія азіяцкія саміты, – разважае Класкоўскі. – Дзеля PR, каб прапаганда сцвярджала, што ізаляцыі няма, патрэбна, каб ягоны боінг раз-пораз за межы Беларусі вылятаў».

Ёсць і канкрэтныя эканамічныя інтарэсы. Але надзеі на вялікія інвестыцыі з Эміратаў раней не надта спраўджваліся, адзначае Класкоўскі, а цяпер тым больш арабскія шэйхі наўрад ці будуць спяшацца «раскідвацца мільёнамі». Яны багатыя ды прагматычныя, а Беларусь уцягнутая ў вайну, сітуацыя ў рэгіёне нестабільная. У цяперашняй сітуацыі палітолаг не мае ўпэўненасці, што той жа «Паўночны бераг» удасца ажыццявіць.

Калісьці Беларусь прадавала ў Эміраты вайсковую тэхніку. Класкоўскі згадвае, што цяперашні беларускі прэм’ер Раман Галоўчанка ў свой час быў амбасадарам у Эміратах, у той час адмыслоўцы казалі нават, што беларускія цягачы ў ААЭ «пад мабільныя гарэмы перараблялі» – беларускі бок шчыраваў для багатых кліентаў. Класкоўскі дапускае, што могуць быць перамовы пра новыя пастаўкі вайскова-тэхнічнай прадукцыі, але ці працягваецца нейкая супраца ў вайсковай галіне, невядома.

Аналітыка
«Лукашэнка перахітрыў сам сябе». Як прайшоў 2022 год для Беларусі і на што звярнуць увагу ў 2023-м
2022.12.15 07:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў