«Наша Ніва»: «McDonald’s» застаецца ў Беларусі, бо Лукашэнка забараніў мяняць франшызу


Расейскага брэнда «Вкусно – и точка», які павінен быў прыйсці ў Беларусь замест «McDonald’s», не будзе, паведамляе «Наша Ніва» з спасылкай на свае крыніцы. Нібыта, Лукашэнка забараніў мяняць франшызу.

«МакДоналдс» на Кастрычніцкай плошчы. Менск, Беларусь. 12 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

У Беларусі франшызы ад самога «McDonald’s» не было, замест яе быў франчайзі «КСБ Віктары Рэстараны», які заведваў сеткаю рэстаранаў «McDonald’s». Ягоны ўласнік – Кайрат Баранбай, казах са сваяцкімі сувязямі з Назарбаевым, цяпер на радзіме апынуўся пад следствам. Праз гэта рэстараны «McDonald’s» спынілі дзейнасць і ў Казахстане. Відаць, у Беларусі планавалася змяніць франшызу «McDonald’s» на «Вкусно – і точка» расейскага бізнесоўца, але Лукашэнка забараніў гэта рабіць.

«Лукашэнка забараніў мяняць франшызу. Гэта яго рашэнне. Падобнае нядаўна здарылася і з «Сінэва», якое хацела прадацца рускім, але ім забаранілі. Толькі ў размове з «McDonald’s» аб продажы гаворка не ішла, толькі пра замену франшызы. Але забаранілі. Гэта ўжо дакладна», – кажа суразмоўца выдання.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», такая ўстаноўка сыходзіць асабіста ад Аляксандра Лукашэнкі.

«У цэлым у Лукашэнкі няма пазіцыі, што заходнія брэнды ці вытворчасці павінны сысці з краіны. Наадварот, ім у асабістых сустрэчах і лістах усяляк даводзіцца, што іх працу цэняць, што яны могуць заставацца спакойна, што ім не трэба нікуды бегчы. Гэта адрозніваецца ад публічнай пазіцыі Лукашэнкі, а таксама ад пазіцыі Пуціна. Ну яно і ясна: у Расеі кампаніі з заходнімі каранямі выкупляе расейскі капітал, а ў нас гэта быў бы расейскі капітал, які і без таго вельмі і вельмі прысутны», – дадае іншы суразмоўца.

Раней паведамлялася, што рэстараны «McDonald’s» спыняць працу ў Беларусі а 18:00 21 лістапада, а з 22 лістапада адкрыюцца пад брэндам сеткі «Вкусно – и точка» расейскага прадпрымальніка Аляксандра Говара, які пасля пачатку вайны выкупіў амэрыканскія рэстараны ў Расеі.

Аднак у дзень анансаванага закрыцця рэстараны працягнуў працу, а некаторыя з іх нават вярнулі раней знятыя шыльды. Супрацоўнік рэстарану паведаміў «Zerkalo», што сетка працягне працаваць у штатным рэжыме яшчэ некалькі тыдняў.

Рэпартаж
Сыход легенды пакуль адмяняецца? «McDonald’s» працягвае працу ў Беларусі
2022.11.22 16:13

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў