Швецыя можа стаць чальцом NATO ўжо ў канцы лістапада


Швецыя ўжо ў канцы лістапада 2023 года можа стаць сябрам NATO, паведамляе выданне «Bloomberg». Пра гэта гаварылася ў лісце да дзяржаваў Паўночнаатлантычнага альянсу, які даслаў Генеральны сакратар Енс Стольтэнбэрг.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шведскі салдат у Афганістане.
Фота: Wikimedia Commons

Каля тыдня таму Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг накіраваў усім дзяржавам Альянсу ліст, у якім гаварылася, што Швецыя павінна зрабіцца чальцом Альянсу не пазней за сустрэчу міністраў замежных справаў краінаў NATO, якая адбудзецца 28–29 лістапада. Пра гэта паведамляе «Bloomberg», спасылаючыся на неназванага прадстаўніка ўраду Швецыі.

Аднак адзначаецца, што прадстаўнік NATO гэтай інфармацыі выданню не пракаментаваў.

Нагадаем: учора, 23 кастрычніка, прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган накіраваў у парламент для ратыфікацыі заяўку Швецыі на ўступленне ў Паўночнаатлантычны альянс. Сваю згоду на тое, каб Швецыя ўвайшла ў Альянс, турэцкі прэзідэнт даў яшчэ ў ліпені на саміце NATO ў Вільні.

Спачатку Турцыя не давала такой згоды, абвінавачваючы Швецыю ў тым, што ў гэтай краіне знайшлі прытулак актывісты, якія падтрымліваюць Рабочую партыю Курдыстану. У прыватнасці, Турцыя патрабавала абвясціць тэрарыстычнымі курдскія арганізацыі, выдаць асобаў, абвінавачаных у тэрарызме, і адмяніць забароны на продаж зброі Анкары. Тым не менш, згода Турцыі не адкрывае аўтаматычна шляху Швецыі ў Альянс, бо сваю згоду ў гэтым пытанні яшчэ не выказала Вугоршчына.

Швецыя падала заяўку на ўступленне ў NATO ў 2022 годзе разам з Фінляндыяй. Апошнюю прынялі ў Альянс у красавіку 2023 года.

Hавiны
Турцыя пагадзілася на ўступленне Швецыі ў НАТО
2023.10.23 21:34

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў