З тэлеканалу «RT» звольнілі прапагандыста Красоўскага. Ён заклікаў «тапіць і паліць» украінскіх дзяцей


Кіраўніца міжнароднага расейскага прапагандысцкага тэлеканалу «RT» Маргарыта Сіманьян заявіла пра спыненне супрацы з дырэктарам трансляцыі на расейскай мове Антонам Красоўскім пасля ягонага закліку «тапіць і паліць» дзяцей ва Украіне ў эфіры адной з праграмаў.

Антон Красоўскі.
Фота: krasovkin/instagam

«Выказванне Антона Красоўскага дзікае і агіднае. Магчыма, Антон растлумачыць, якім часовым вар’яцтвам яно было выклікана і як сарвалася з ягонага языка. Складана паверыць, каб Красоўскі шчыра меркаваў, што трэба тапіць дзяцей», – напісала Маргарыта Сіманьян.

Звальненне Красоўскага рушыла ўслед за ягоным выказваннем падчас эфіру з пісьменнікам Сяргеем Лук’яненкам.

У адказ на аповед Лукʼяненкі, як «расейскія» дзеці ва Украіне кажуць, што краіна акупаваная, Красоўскі заявіў: «А наўпрост тапіць такіх трэба было. Вось проста тапіць гэтых дзяцей. Сказаў, што маскалі акупавалі, – і адразу проста кідаеш у раку з бурнаю плынню. …У «смэрэкову хату» і – спаліць».

Таксама Красоўскі заявіў, што Украіны «наагул не павінна існаваць». Лук’яненка запярэчыў: Украіна павінна існаваць, але там «застанецца вялікая колькасць людзей, з якімі не хацелася б жыць у адной дзяржаве». Красоўскі адказаў на гэта: «Ну, расстраляем».

За такія выказванні прапагандыста звольнілі з каналу. Красоўскі стаўся дырэктар трансляцыі расейскамоўнай версіі каналу ў кастрычніку 2020 года. Яшчэ да пачатку вайны, у студзені, ён заклікаў спальваць Канстытуцыю Украіны на Хрэшчатыку.

Абноўлена
Расейскі міністр абароны распавёў тром замежным калегам, што Украіна збіраецца ўжыць «брудную бомбу»
2022.10.23 19:31

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў