Душаць пратэсты і пастаўляюць дроны Расеі. Што адбываецца ў Іране, і што з гэтым можна зрабіць


Іран апошнім часам рэгулярна трапляе ў сусветныя навіны: мясцовыя ўлады душаць пратэсты грамадзянаў і дапамагаюць Расеі ў вайне супраць Украіны, а краіны Захаду разглядаюць новыя санкцыі. Пра тое, што адбываецца ў Іране і як гэта можна змяніць, карэспандэнты «Белсату» пагутарылі з аналітыкам Украінскага інстытуту будучыні Іліём Кусам.

Іранскія дэманстранты выйшлі на вуліцы Тэгерану падчас акцыі пратэсту праз смерць 22-гадовай Магсы Аміні пасля збіцця «паліцыяй нораваў» за няправільнае нашэнне хіджабу. Тэгеран, Іран. 21 верасня 2022 года.
Фота: AFP / East News

Іран плошчаю 1,6 мільёна кв. км перавышае паводле тэрыторыі любую еўрапейскую краіну. Ён у восем разоў большы за Беларусі і ў тры разы – за Францыю, самую буйную краіну Еўразвязу. Тут жывуць 85 мільёнаў чалавек (як у Нямеччыне), пры гэтым доля персаў, або ўласна іранцаў, паводле розных ацэнак складае толькі 36–61 %.

Каля 90 % насельніцтва Ірану належыць да шыіцкай галіны ісламу. У краіне ёсць выбары, на якіх абіраюць прэзідэнта, парламент, мясцовыя органы ўлады. Але вярхоўная ўлада з 1979 года належыць духоўным лідарам – аятолам, якія акрамя пытанняў веры вызначаюць таксама агульную палітыку краіны, ёсць вярхоўнымі галоўнакамандуючымі, прызначаюць суддзяў. З 1989 года пасаду найвышэйшага кіраўніка займае Алі Хамэнэі, якому сёлета споўнілася 83 гады.

Больш за месяц пратэстаў

16 верасня ў Іране пачаліся пратэсты. Падставаю сталася смерць у пастарунку 22-гадовай Магсы Аміні, затрыманай за «непрыстойнае» нашэнне хіджабу – мусульманскага адзення, якое абавязаныя насіць усе іранскія жанчыны. Аднак пратэстоўцы патрабуюць не толькі эмансіпацыі ды раўнапраўя жанчын, але і змены рэжыму ў краіне.

Пратэсты ахапілі дзясяткі гарадоў, неаднаразова паведамлялася пра сутыкненні з сілавікамі. Дэманстрантам нават на пэўны час удалося захапіць уладу ў невялікім горадзе Ашнавіе. Аднак больш як за месяц змяніць уладу ў Іране пратэстоўцам пакуль не ўдалося. Ахвярамі тэрору ўладаў сталіся больш за 200 чалавек, у тым ліку няпоўнагадовыя.

У каментары «Белсату» аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ілія Куса адзначыў, што гэтыя пратэсты маштабныя як з гледзішча геаграфіі, так і ўзроўню выкліку сістэме. Аднак калі раней пратэстамі былі ахопленыя амаль усе рэгіёны краіны, то цяпер яны лакалізуюцца ў асноўным на перыферыі: на паўднёвым захадзе, паўднёвым усходзе і паўночным захадзе Ірану, дзе жывуць значныя меншасці курдаў, арабаў і бэлуджаў. Менавіта іхныя правінцыйныя цэнтры цяпер ёсць агмянямі супраціву, адзначыў аналітык. Таксама пратэсты працягваюцца ў шэрагу буйных гарадоў, напрыклад, у Тэгеране, дзе пратэстуюць пераважна студэнты мясцовых універсітэтаў. У цэлым жа, на думку Іліі Кусы, пратэсты ў Іране згасаюць:

«Пратэсты лакалізуюцца далей ад буйных цэнтраў, больш у правінцыі, канцэнтруючыся ў бяднейшых рэгіёнах, дзе даўно ёсць сур’ёзны ўзровень рэсентыменту і прэтэнзіяў да цэнтральных уладаў».

На думку эксперта, рэжым аятолаў стабільны:

«Я не бачу пакуль сурʼёзных індыкатараў таго, што вось-вось там усё разваліцца. Акрамя таго, сілавы апарат дастаткова моцны ў Іране. Таму чакаць, што рэжым разваліцца проста пад ціскам вулічных пратэстаў, не варта».

А што далей?

Ілія Куса агучыў тры базавыя сцэнары развіцця сітуацыі ў Іране. У першым выпадку пратэсты радыкалізуюцца: «будуць страляць з усіх бакоў». У выніку пачнецца грамадзянская вайна, і адзін з бакоў пераможа ўзброеным шляхам.

У другім выпадку пратэсты затухнуць, «і на нейкі момант у Іране ўсталюецца паўза».

«Але я думаю, што гэтая паўза не развяжа праблемаў. Калі ўлады нічога не зробяць, то пратэсты зноў адновяцца праз іншыя падставы. Гэтыя пратэсты дэманструюць сістэмны крызіс у Іране. Ён не прывязаны да нейкіх персаналіяў або да нейкай асобы», – мяркуе аналітык.

Трэці варыянт – сітуацыя, калі «пратэсты плюс-мінус стухнуць, але пры гэтым улады здолеюць пайсці насустрач некаторым патрабаванням пратэстоўцаў». Яны могуць правесці «хоць бы касметычныя рэформы»: напрыклад, абмежаваць функцыі павучальнага патруля, праз які загінула Магса Аміні.

Удзел Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі (КСІР) у вучэннях у паўднёва-заходнім раёне Аракс уздоўж межаў Арменіі ды Азербайджану. 20 кастрычніка 2022 года.
Фота: Sepah News / AFP / East News

«Што з гэтага рэалізуецца, цяжка сказаць, бо сітуацыя дынамічная. Колькасць загінулых расце, і з кожным забітым пратэстоўцы будуць радыкалізавацца. Частка ў нейкі момант пачне задаваць пытанні, а ці не пераходзіць ім да ўзброенага супраціву, што абавязкова расколе апазіцыйны рух», – мяркуе Ілія Куса.

«Дупа ёсць, а слова няма»

На гэтым фоне ў кастрычніку з’явіліся паведамленні, што Расея атакуе ўкраінскія гарады іранскімі дронамі-камікадзэ «Shahed 136». І хоць афіцыйна і Тэгеран, і Масква  адмаўляюць пастаўкі, неафіцыйна іранскія чыноўнікі распавялі, што 6 кастрычніка было заключанае пагадненне пра пастаўкі іранскага ўзбраення ў Расею. Найбліжэйшым часам у РФ адправяць таксама некалькі сотняў балістычных ракетаў «Zolfaghar» і «Fateh 110». Ва Украіне заяўляюць,  што першая замова іранскіх дронаў уключае 1750 беспілотнікаў. У ЗША таксама мяркуюць, што ў акупаваных рэгіёнах Украіны маглі быць іранскія вайскоўцы. Што цікава, адмаўляючы закуп іранскіх дронаў, Расея пры гэтым выступае супраць іх даследавання экспертамі ААН.

«Гэта класіка: дупа ёсць, а слова няма, мы ўсе ведаем, што яны іранскія, але ўлады не прызнаюць», – заявіў на гэты конт чалец грамадскай рады пры Міністэрстве абароны РФ Руслан Пухаў.

У тым, што Іран наважыўся падтрымаць Расею ў вайне супраць Украіны, Ілія Куса бачыць некалькі прычынаў. Расейцы «пераканалі іранцаў, што яны мусяць падтрымаць Расею супраць ЗША», з якімі ў Тэгерану даўні канфлікт. Пры гэтым іранскія беспілотнікі зʼявіліся на ўкраінскіх франтах у момант, калі «зайшлі ў тупік ядравыя перамовы паміж ЗША ды Іранам»:

«Ядравыя перамовы і зняцце санкцыяў былі адзіным стымулам для Ірану не збліжацца з Расеяй. Ён быў страчаны, таму радыкальная частка іранскіх вайскоўцаў, хутчэй за ўсё, звязаных з Корпусам вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі, пераканалі ўлады, што, калі з амерыканцамі нічога не атрымліваецца, няма чаго стрымлівацца і варта прымаць прапанову расейцаў».

Аналітыка
Дыктатары, тэрарысты і сепаратысты. Хто падтрымлівае Расею ў вайне супраць Украіны
2022.03.28 19:46

Не выключае аналітык і таго, што «Іран атрымаў нешта ад Расеі, пра што мы не ведаем». Напрыклад, РФ магла паабяцаць Ірану свае вайсковыя тэхналогіі, якія маглі б дапамагчы Тэгерану вырабляць больш сучасную баявую авіяцыю, «бо іхны авіяпарк вельмі стары».

«Тое, чаго Іран даўно хацеў ад расейцаў, але не атрымліваў. Такі абмен тэхналогіямі: мы вам – беспілотнікі, а вы нам – тое, чаго ў нас няма. І другое – гэта падыгрыванне Расеяй іранскаму ўплыву ў рэгіёне, напрыклад, у Сірыі», – мяркуе суразмоўца.

Чым адкажа Захад?

ЗША ўжо заявілі, што пастаўкі баявых беспілотнікаў у Расею парушаюць рэзалюцыю Рады бяспекі ААН, якая забараняе перадачу Іранам пэўных вайсковых тэхналогіяў. Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Вэдант Патэл папярэдзіў: саюз паміж Расеяй і Іранам, што набірае сілы, павінен разглядацца светам як пагроза. А генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг паабяцаў Украіне бліжэйшымі днямі сістэмы для абароны ад іранскіх дронаў.

Украінскія паліцыянты страляюць па беспілотніках іранскай вытворчасці «Shahed 136» у Кіеве, Украіна. 17 кастрычніка 2022 года.
Фота:Stringer / Reuters / Forum

Таксама, адзначае Ілія Куса, іранскі фактар пераканаў частку ізраільскіх палітыкаў у тым, каб у супрацьвагу Тэгерану дапамагаць Украіне з пастаўкамі ўзбраення. Пакуль там, праўда, заявілі, што паставак Украіне сістэмы супрацьракетнай абароны не будзе. Тым не менш Ізраіль прапанаваў Украіне пастаўляць лёгкае ўзбраенне, аптэчкі, бронекамізэлькі, палепшаныя сістэмы апавяшчэння супрацьпаветранай трывогі.

«Пытанне сістэмаў супрацьпаветранай абароны, я думаю, будзе развязвацца пасля датэрміновых парламенцкіх выбараў у Ізраілі [прызначаныя на 1 лістапада. – Заўвага рэд. Belsat.eu], калі стане ясна, якая будзе ўлада. Гэта сур’ёзнае рашэнне, якое ў тым ліку трэба абмеркаваць з амерыканскімі саюзнікамі, бо шмат якія тэхналогіі распрацоўваліся разам з імі», – мяркуе аналітык.

Санкцыі не дапамогуць?

Тым часам здушэнне пратэстаў і пастаўкі ўзбраення Расеі ўжо прывялі да новых абмежаванняў супраць Ірану. ЗША, Канада і Еўразвяз увялі санкцыі, якія закранулі органы ўлады Ірану, шэраг прадстаўнікоў рэжыму і кампанію «Iran Aviation Industries», якая вырабляе дроны «Shahed 136».

Праўда, адзначае Ілія Куса, Тэгеран «і так дзесяцігоддзямі застаецца пад санкцыямі». Сярод іншага, яны забараняюць пастаўкі ў Іран атамнай, ракетнай і значнай часткі вайсковай прадукцыі, беспасярэднія замежныя інвестыцыі ў нафтагазавую і нафтахімічную галіну, экспарт прадукцыі тонкай нафтаперапрацоўкі, а таксама любыя кантакты з Корпусам вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі, банкамі і страхавымі кампаніямі, фінансавыя трансакцыі.

Дэманстранты з украінскімі сцягамі крычаць, пратэстуючы супраць паставак Іранам дронаў у Расею. Кіеў, Украіна. 17 кастрычніка 2022 года.
Фота: Аляксей Чумачэнка/ Zuma Press / Forum

«Магчымасці ўводзіць новыя санкцыі ёсць, але яны абмежаваныя. Санкцыі самі па сабе не ёсць нейкаю вундэрвафэ, якая проста бярэ і прымушае краіну нешта рабіць. Захад узмацняе санкцыі, але ўсе разумеюць, што яны самі па сабе не зменяць паводзінаў Ірану. Яны і раней не мянялі, і цяпер не зменяць», – распавёў аналітык.

Акрамя таго, паводле суразмоўцы, частка еўрапейскіх палітыкаў усё яшчэ спадзяецца на ядравую ўгоду, яны «не хочуць ужо зусім спальваць мастоў з Іранам». Таму Ілія Куса чакае камбінацыі санкцыйнага ціску і дыпламатыі, калі Тэгеран будуць пераконваць не пастаўляць зброі Расеі. Аднак магчымасці дамовіцца невялікія.

Аналітык адзначыў, што раней Іран патрабаваў для сябе выгадную ядравую ўгоду, гарантыі працягу вонкаваэканамічнай дзейнасці ды інтэграцыі ў глабальныя рынкі без перашкодаў, зняцце ўсіх санкцыяў і магчымасць бесперашкодна экспартаваць нафту.

«Я не ведаю, як у іранскіх кіроўных колах ацэньваюць перспектывы падпісаць ядравую дамову цяпер, бо энтузіязм з гэтай нагоды спаў. Можа, яны ўжо наагул махнулі рукою. Хоць і заявы, што яны адмаўляюцца ад перамоваў, не было», – сказаў Ілія Куса.

Аднак, на думку аналітыка, Захад наўрад ці здолее прапанаваць Ірану эканамічныя здабыткі, «улічваючы палярызацыю ўсёй сітуацыі праз пастаўкі зброі».

Аналітыка
«Ёсць куды скачвацца». Ці выльюцца канфлікты вакол Косава, Тайваню і Украіны ў трэцюю сусветную
2022.08.15 11:10

Фота вокладкі: Wana News Agency / Reuters / Forum



Макар Мыш /ММ belsat.eu

Стужка навінаў