У Косаве разгараецца канфлікт: сербы перастрэльваліся з паліцыяй, загінулі чацвёра


На поўначы Косава, у сяле Баньска, у ноч на 24 верасня адбылася перастрэлка між паліцыянтамі і нейкімі людзьмі, загінуў паліцыянт і тры чалавекі з другога боку. Улады і Косава, і Сербіі кажуць, што ў паліцыянтаў стралялі этнічныя сербы, але прапануюць розныя версіі здарэння.

На момант публікацыі вядома, што забіты адзін праваахоўнік і тры нападнікі, яшчэ тры паліцыянты атрымалі раненні, затрыманыя прынамсі два нападнікі і яшчэ чатыры чалавекі, якія, паводле міністэрства ўнутраных справаў Косава, аказвалі нападнікам падтрымку па радыёсувязі.

Прэм’ер-міністр Косава Альбін Курці заяўляе, што на косаўскую паліцыю напалі тры дзясяткі «прафесіяналаў у масках з вайсковай тэхнікай» пры фінансавай, лагістычнай і палітычнай падтрымцы Сербіі. Міністр унутраных справаў казаў, што нападнікі ўкрыліся ў манастыры, іх атачылі паліцыянты.

Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч днём 24 верасня выступіў з тэлезваротам, у якім заявіў, што група сербаў паставіла барыкады, а косаўская паліцыя спрабавала тыя барыкады разабраць – тады і адбыўся канфлікт, які скончыўся стралянінай. Паводле яго, косаўскі бок «спецыяльна рыхтаваўся» і загадзя сабраў спецназ. Ён падкрэсліў, што не апраўдвае забойства паліцыянта, але вінаваціць у канфлікце Курці – бо вырашаць канфлікт паехала косаўская паліцыя, а не міжнародныя міратворцы KFOR. Нападнікі, заяўляе ён, паходзілі не з цэнтральнай Сербіі, а з Мітравіцы, што ў Косаве.

Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль размаўляў паасобку з Курці і Вучычам, асудзіў агрэсію і выказаў спачуванне блізкім забітага паліцыянта, заклікаў нападнікаў здацца і адпусціць з манастыра, дзе ўкрыліся нападнікі, мірных жыхароў.

Гісторыю канфлікту ў Косаве можна адсачыць аж з сярэднявечча: землі, што некалі належалі сербам, паступова засялялі албанцы. У 1990-х міжэтнічныя канфлікты ў чарговы раз перараслі ў грамадзянскую вайну, якая скончылася ў 1999 годзе пасля бамбаванняў Югаславіі сіламі NATO. Косава стала часткова прызнанай і фактычна незалежнай краінай з пераважна албанскім насельніцтвам. Шэраг раёнаў Косава мае пераважна сербскае насельніцтва, пры тым у Сербіі лічаць, што косаўскія ўлады акупуюць гэтыя раёны.

Некаторыя бачаць у цяперашнім канфлікце пачатак новай вайны. Расейскія медыі актыўна цытуюць аўстрыйскага палітыка Гюнтэра Фэлінгера, які заклікае NATO рыхтаваць уварванне ў Сербію і бамбаваць Бялград – называюць яго ледзьве не прадстаўніком NATO па пашырэнні, тады як ён напраўду ўзначальвае няўрадавую арганізацыю, якая выступае за далучэнне да NATO Аўстрыі, Босніі, Косава і Украіны.

Агляд
Дзе «бабахне» ў 2023 годзе? Глядзім, у якіх краінах магчымыя войны і гвалтоўныя пратэсты
2022.12.13 07:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў