Беларусаў у Польшчы ўжо не менш за 300 тысяч, расказалі журналістам у Цэнтры беларускай салідарнасці. Даволі шмат беларусаў пераехала за апошнія паўгода, і прычынамі гэтага могуць быць як рэпрэсіі ў Беларусі, так і спрашчэнне бюракратычных працэдураў у Польшчы.
Дакладнай колькасці беларусаў у Польшчы Цэнтр беларускай салідарнасці не ведае: польскія ўлады збіраюць статыстыку паводле асобных аспектаў, як то колькасць выдадзеных візаў і відаў на жыхарства, але не лічаць, колькі беларусаў усяго перабывае ў краіне.
Яшчэ нядаўна Цэнтр беларускай салідарнасці лічыў, што ў Польшчы жывуць каля 150 тысяч беларусаў, а цяпер кажа пра больш як 300 тысяч. Вядомыя вось якія лічбы.
Юрыстка Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская кажа, што прычынамі паскарэння міграцыі могуць быць і рост рэпрэсіяў у Беларусі, і спрашчэнне легалізацыі ў Польшчы, як то з’яўленне гуманітарных відаў на жыхарства. Яна адзначае актыўнасць беларускіх мігрантаў: за мінулы год беларусы і ўкраінцы ў Польшчы адкрылі больш фірмаў, чым палякі ды іншыя замежнікі, разам узятыя.
Яшчэ з 2019 года беларусы былі другой паводле колькасці групаю замежнікаў у Польшчы – больш толькі ўкраінцаў. Потым палякі фіксавалі два пікі міграцыі з Беларусі ў Польшчу: пасля выбараў-2020 і пасля пачатку вайны ва Украіне. Пасля 2021 года беларусы сталі самай буйной групай, якая падавала заявы на міжнародную абарону ў Польшчы.
Дабравольская звяртае асаблівую ўвагу на легалізацыю дзяцей, народжаных беларусамі ў Польшчы: грамадзянства па месцы нараджэння, як у Злучаных Штатах, у Польшчы не даюць, але беларусам не трэба выязджаць у Беларусь, каб легалізаваць народжанае ў Польшчы дзіця. Нават не абавязкова хадзіць у амбасаду ці консульства: калі ёсць абгрунтаваныя падставы чакаць пераследу, лепей падаць дакументы на міжнародную абарону. Дзеці могуць атрымаць той жа легальны статус, што і бацькі: міжнародную абарону на падставе такога статусу ў бацькоў, а замест пашпарту – польскі праязны дакумент.
Большая частка беларусаў атрымоўвае дазвол на побыт у Мазавецкім ваяводстве – «Варшаўскай вобласці» Польшчы. У першай палове 2023 года беларусы звярталіся па дазвол на побыт менавіта там у 34,5 % выпадкаў.
Яшчэ ў 15 % выпадкаў звярталіся ў Падляскім ваяводстве («Беластоцкая вобласць») і ў 10,6 % – у Паморскім ваяводстве («Гданьская вобласць»).
Найменш папулярнае ваяводства Польшчы ў беларусаў – Апольскае з 0,35 % дазволаў на побыт беларусам у першай палове 2023 года.
Скаргі аб дыскрымінацыі беларусаў у дзяржаўных органах адзінкавыя – іх ужо істотна менш, чым у першыя месяцы пасля поўнамаштабнай вайны ва Украіне, расказвае Дабравольская. Дыскрымінацыя часцей праяўляецца на побытавым узроўні, але і такіх выпадкаў робіцца менш. Галоўная праблема – даказаць паліцыі, што злачынства было на падставе нянавісці, а не простым крыміналам.
У дзяржаўных органах часцей, кажа яна, праблемы выкліканыя тым, што некаторыя дзяржаўныя службоўцы кепска ведаюць уласныя правілы і законы, а зусім не тым, што беларусаў хочуць дыскрымінаваць. У такіх выпадках дапамагаюць афіцыйныя пісьмовыя скаргі.
Запыты беларусаў на юрыдычную дапамогу змяніліся, адзначыла Дабравольская: калі раней асноўныя пытанні былі пра міграцыйнае права, то цяпер беларусы пытаюць пра юрыдычныя аспекты бізнесу і актывізму ў Польшчы. Хоць адмовы ў легалізацыі рэдкія, Цэнтру беларускай салідарнасці даводзіцца займацца і імі – і абскарджваць некаторыя адмовы ўдаецца.
Юрыстка наракае: на інфалінію Цэнтру паступае не менш за паўсотні зваротаў на дзень, даводзіцца пашыраць штат, а рэсурсаў мала. Пры тым некаторыя беларусы ўспрымаюць Цэнтр як нейкі абавязковы сэрвіс або як службу офісу Святланы Ціханоўскай – і чакаюць хуткага абслугоўвання.
Тым не менш, Цэнтр беларускай салідарнасці па-ранейшаму заклікае звяртацца з юрыдычнымі пытаннямі на інфалінію праз нумар +48662200400 або ў Telegram-акаўнт @cbshelp .
Галоўная праблема Цэнтру беларускай салідарнасці, кажа Дабравольская, у змаганні з бяздзеяннем дзяржаўных органаў у Польшчы: рашэнні аб справах беларусаў не выдаюцца своечасова, нават у простых справах кшталту віду на жыхарства паводле гуманітарнай візы (асабліва доўга – у Вроцлаве, дзе рашэння можна чакаць год ці паўтара). Таксама цяжка прасіць карэктаваць заканадаўства: у тым жа гуманітарным ВНЖ новыя хібы знаходзяцца раз на некалькі месяцаў, а польскія чыноўнікі не заўсёды гатовыя так часта правіць законы.
Алесь Наваборскі belsat.eu