Алігарх Гуцырыеў, які трапіў у санкцыйны спіс Еўразвязу, пакідае Раду дырэктараў «Русснефти»


Бізнесовец сам падаў заяву аб выхадзе з Рады, гаворыцца на сайце кампаніі.

Міхаіл Гуцырыеў – расейскі алігарх, старшыня Рады дырэктараў групы «Сафмар». Асабісты капітал бізнесоўца ацэньваюць у два мільярды долараў.

Гуцырыеў сябруе з Лукашэнкам – яшчэ ў 2000-х гадах расеец пачаў будаўніцтва нафтабазаў і бензастанцыяў у Беларусі.

Міхаіл Гуцырыеў увайшоў у санкцыйны спіс Еўразвязу, апублікаваны 21 чэрвеня. Расейскі бізнесовец у шэрагу асобаў, якім забаронены ўезд у ЕЗ і чые актывы будуць замарожаныя.

У санкцыйным спісе пра Гуцырыева адзначана, што ён быў на таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі, вазіў прапагандыстаў з Расеі ў Беларусь, займеў значнае багацце і ўплыў сярод палітычнай эліты Беларусі дзякуючы сяброўству з Лукашэнкам.

«РуссНефть» уваходзіць у топ-10 буйнейшых нафтавых кампаніяў паводле аб’ёмаў здабычы нафты ў Расеі.

Прамыслова-фінансавая група «Сафмар» – расейскі шматгаліновы кангламерат. У групу ўваходзяць кампаніі нафтаздабываючай (у тым ліку «РуссНефть), нафтаперапрацоўчай, вугальнай, калійнай прамысловасці, фінансавыя актывы, сеткі рытэйла, будаўнічыя і дэвелаперскія холдынгі, кампаніі па кіраванні камерцыйнай нерухомасцю, лагістычныя цэнтры, гатэлі, медыйныя рэсурсы: радыёстанцыі і тэлеканалы.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў